ЛЕС БУДУЧЫНІ ПАСАДЗІЛІ ГВОЗНІЦКІЯ ШКОЛЬНІКІ

З надыходам цёплых сонечных дзён вучні 8-11 класаў Гвозніцкага д/с-СШ не толькі вучацца, але і старанна садзяць лес. Яны перакананы, што на забалочаных месцах, пажарышчах і няўдобіцах хутка ўбяруцца ў сілу і пойдуць у рост тоненькія сосны, бярозы, вольхі, елкі… А праз некалькі гадоў у аколіцах вёскі зашуміць сапраўдны лес, пасаджаны рукамі сённяшніх вучняў.
— З Гвозніцкім лясніцтвам Маларыцкага лясгаса мы ўжо цесна сябруем на працягу больш чым 13 гадоў, — кажа Марыя Афанасенка, дырэктар установы адукацыі. – Гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. За мінулы год, напрыклад, на спецрахунак школы за выкананыя аб’ёмы работ лясгас пералічыў 8 мільёнаў рублёў, у 2012 г. – 5 мільёнаў. Для вясковай установы адукацыі, лічу, гэта добры заробак.
Марыя Міхайлаўна расказала, што гвозніцкія дзеці змалку прывучаюцца любіць прыроду.
— Неабходна не толькі любавацца хараством мясцовых краявідаў, але і ахоўваць прыроду, зберагаць яе, клапаціцца пра экалогію. Мы імкнемся навучыць дзяцей жыць у гармоніі і суладдзі з навакольным светам. Такія адносіны да роднага краю, нашай зямлі пачынаем фарміраваць яшчэ ў дзіцячым садку.
У значнай ступені экала­гічнаму выхаванню дзяцей ва ўстанове адукацыі спрыяе школьнае лясніцтва “Папараць-кветка”. Яно было створана ў 2003 годзе па ініцыятыве сённяшняга дырэктара і мясцовага лясніцтва. Школьнае лясніцтва Марыя Афанасенка ўзначальвала на працягу 5 гадоў. Цяпер ім загадвае Галіна Добыш.
— У пасадачным сезоне мы працуем прыкладна 7-10 дзён у колькасці да 25 чалавек у дзень, — гаворыць Марыя Міхайлаўна. – Садзім дрэвы і вясной, і восенню кожны год у сярэднім на 20 гектарах.
У нас ёсць даўняя мара. Мы плануем стварыць на базе школьнага лясніцтва экалагічную сцежку, каб паказаць багацце і разнастайнасць флоры і фаўны нашага рэгіёна. Цяпер гэтае пытанне актыўна прапрацоўваецца.
Вучні Гвозніцкага д/с-СШ не толькі садзяць лес будучыні, але і даглядаюць за ім, пішуць навукова-даследчыя працы. Некаторыя мараць звязаць сваё жыццё з лесам.
Іван Лук’янчук, вучань 11 класа:
— Каб не мае дасягненні ў спартыўнай хадзьбе (першы дарослы разрад), то, напэўна, свой жыццёвы лёс звязаў бы з лесам. Тым больш, што мая мама працуе бухгалтарам у Гвозніцкім лясніцтве. Лес для мяне як сапраўдны і надзейны сябар. У ім магу праводзіць увесь свой вольны час. Прыемна, калі ідзеш па маладым бярэзніку ці сасонніку і ўсведамляеш, што многія з гэтых дрэўцаў пасаджаны табою. Многія з іх ужо падраслі і радуюць вока. Той, хто ведае цану працы людзей лясной гаспадаркі, не будзе ламаць галінкі дрэў. Лес – наша багацце, лёгкія планеты. Давайце будзе разам берагчы яго!
…Аснова паспяховай дзейнасці школьнага ляс­ніцтва Гвозніцкага д/с-СШ – у шматгадовых традыцыях,у энтузіязме педагогаў і вучняў, у жаданні змяніць навакольны свет да лепшага.
* * *
Між іншым, цяпер на Маларытчыне ва ўстановах адукацыі функцыянуюць 4 школьныя лясніцтвы. Акрамя Гвозніцкага д/с-СШ, яны яшчэ ёсць у Радзежскай (з 2003 г.), Чарнянскай (з 2004 г.) і Вялікарыцкай (з 2008 г.) сярэдніх школах.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: вучні Гвозніцкага д/с-СШ садзяць маладыя дрэўцы ў ваколіцах вёскі.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 22.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий