ГАЛОЎНАЕ – НЕ ЗГУБІЦЬ ЧАС

На семінары, удзел у якім прынялі галоўныя спе­цыялісты і старшыні сельгаспрадпрыемстваў раёна, вопытам вытворчасці і нарыхтоўкі кармоў дзяліліся дзве гаспадаркі раёна  — СВК “Хаціслаўскі” і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Са­вушкіна”.
Знаёмства з кормавытворчасцю ў СВК “Хаціслаўскі” пачалося з наведання поля з лугавой канюшынай. Закладзеная ў мінулым годзе пад яравую пшаніцу, яна цудоўна перазімавала і зараз, пасля падкормкі,  радавала вока. На неабходнасці вырошчвання  канюшыны як важнага пастаўшчыка бялку, засяродзілі ўвагу і старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, і намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага  аблвыканкама Аляксей Трацюк, якія таксама прынялі ўдзел у семінары. 
— Толькі на 75 % раён забяспечвае сябе бялковай сыравінай. Калі разлічваць на павышэнне прадуктыўнасці жывёлагадоўлі, зразумела, узрасце і патрэба ў бялку, —  адзначыў Аляксей Трацюк.
Заўважыўшы, што без канюшыны ў кормавытворчасці не абысціся, ён даў канкрэтныя парады па ўсіх аспектах догляду за травяной культурай. Той час, падкрэсліў ён, калі канюшына вырошчвалася падсевам пад зерневыя культуры, даўно мінуў. Канюшыну трэба сеяць, як асобную культуру, якая, саслужыўшы першы год цудоўную службу, як добры, багаты бялком корм, на другі год можа стаць добрым папярэднікам для зерневых.
Грунтоўная размова наконт важнасці   выкарыстання мікраўгнаенняў, адбылася, калі ўдзельнікі семінара наведалі другое поле гаспадаркі, дзе на плошчы ў 60 га пасеяны яравы ячмень.  Раслінам, адзначалі спецыялісты, неабходна стварыць умовы, пры якіх яны будуць развівацца здаровымі і супрацьстаяць хваробам. Менавіта мікраўгнаенні на нашых бедных і лёгкіх глебах дапамагаюць фарміраваць ураджай.
Напярэдадні семінара на тэрыторыі Хаціслава прайшоў праліўны дождж. Паколькі з нарыхтоўкай кармоў прамаруджваць нельга, а закладваць кармы ў траншэі не было магчымасці, у СВК “Хаціслаўскі”  прынялі рашэнне закладаць сянаж у “курган”. Паназіраць за прыгатаваннем кансерваванага корму з правяленых траў і мелі магчымасць удзельнікі семінара.
— З-за дажджлівага надвор’я сітуацыя на полі, — заўважыў, прыцягваючы ўвагу кіраўнікоў і аграномаў,  старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, — вельмі складаная. Але калі чакаць добрага надвор’я, можна згубіць значную частку багатых бялком кармоў.
А таму ў работу па нарыхтоўцы, як падкрэсліў старшыня, павінны неадкладна ўключыцца ўсе гаспадаркі, ні на хвіліну не забываючы пра тэхналогію і прымяненне кансервантаў. На нормах прымянення апошніх спынілася галоўны ветэрынарны ўрач раёна Ніна Крупская. Яна таксама паказала, як працуе спецыяльны прыбор – вымяральнік вільгаці. Ён дазваляе вызначаць вільготнасць і тэмпературу масы, якая трамбуецца.
Першым прыпынкам на тэрыторыі прыватнага ўні­тарнага прадпрыемства “Са­вуш­кіна” стала поле, дзе зна­ходзіцца гадавальнік размнажэння канюшыны белай гатунку “Мацвей”. Тут плануюць у гаспадарцы ўзяць з другога ўкосу добрае насенне.
Было што паглядзець удзельнікам семінара і на полі з азімым рапсам гатунку “Вектра”. Дробязей, як адзначалася ў размове спецыялістаў, у тэхналогіі вырошчвання рапсу быць не павінна. Калі не пасеяць яго своечасова, загусціць усходы, ён не дасць патрэбнай масы. А правільная работа агранамічнай службы  – правядзенне асенняй праполкі, падкормкі рэгулятарамі росту, барацьба са шкоднікамі – усё гэта спрыяе добраму выніку.
Важным урокам для спецыялістаў стала  размова на полі, дзе ўзышла кукуруза. З-за таго, што сельгаспрадпрыемствы выкарыстоўваюць сваё, неадкалібраванае насенне, атрымліваецца загушчанасць пасеваў. Загушчаныя расліны, як адзначыў Аляксей Трацюк, ніколі не будуць паўнацэннымі, і папярэдзіў аб недапушчальнасці такога падыходу.
У “Савушкіна” ўдзельнікі семінара мелі магчымасць яшчэ пазнаёміццца з новай сучаснай тэхналогіяй нарыхтоўкі кармоў у “рукаў”.
— Надышоў час, які  аптымальны для нарыхтоўкі кармоў, час, калі ад правільнай арганізацыі работы залежаць поспехі альбо прабелы ў жывёлагадоўлі, — адзначыў, падводзячы вынікі семінара, намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Федзюковіч. Ён сканцэнтраваў увагу кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў гаспадарак на неабходнасці распрацаваць мерапрыемствы па нарыхтоўцы кармоў і сістэме аплаты працы, якая б дазволіла стымуляваць і тэмпы, і якасць. Не мог не спыніцца кіраўнік упраўлення райсельгасхарчу на праблемах летняга пашавага ўтрымання жывёлы. Два тыдні пасьбы, як адзначыў ён, паказалі, у якіх гаспадарках падрыхтаваліся да летняга перыяду, а дзе пра лугапашавыя травасумесі не паклапаціліся. Яркім паказчыкам стала малако, надоі якога значна ўзраслі ў такіх гаспадарках, як “Савушкіна”,  “Макраны”, “Дарапеевічы”, “Ляхаўцы”, і знаходзяцца на недапушчальна нізкім узроўні ў СВК “Гвозніца” і “Хаціслаўскі”.
Эфектыўна працаваць на зямлі – галоўная задача, якую ставілі арганізатары семінара перад кіраўнікамі гаспадарак і спецыялістамі.І справіцца з гэтай задачай зможа той, хто ўмее вучыцца на прыкладзе іншых. А добрых урокаў, важных парад і падказак  на семінары было нямала.
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


Клиника лечение алкоголизма renesans-centr.kiev.ua
yarema.ua

dekorde.com/30-prikhozhie
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!