Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло пасяджэнне райвыканкама.

Падыходы трэба ўдасканальваць
Пачынаючы разгляд пытання “Аб эфектыўнасці работы па ўзнаўленню статка на прыкладзе прыватнага прадпрыемства “Савушкіна”, дзяржаўнага прадпрыемства “Радзежскае” і СВК “Ланская”, з дакладам па якім выступіў начальнік райплемстанцыі Сяргей Трацюк, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч зазначыў, што ў жывёлагадоўлі самай актуальнай з’яўляецца праблема ўзнаўлення статка. Асабліва цяпер, калі ён пераве­дзены на новыя тэхналогіі ўтрымання і вытворчасці малака. Калі не вырашаецца гэтая праблема, нельга атрымліваць ні колькасную, ні якасную прадукцыю. У якасці адмоўных прыкладаў ён назваў “Савушкіна”, “Ланскую” і “Радзежскае”, дзе летась былі значна зніжаны аб’ёмы прадукцыі па прычынах недастатковай работы па ўзнаўленню статка.
— Здавалася б, — гаварыў Казімір Віктаравіч, — кармавая база ў “Савушкіна” разлічана на атрыманне 7 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. А ў выніку неэфектыўнага ўзнаўлення за мінулы год 50% кароў былі выбракаваны. Лячэннем і ўзнаўленнем павінны займацца толькі спецыялісты, якім неабходна вывучаць навуковыя падыходы і іх выкарыстоўваць, а роля кіраўнікоў — падбіраць такіх спецыялістаў.
Асноўнымі характэрнымі прычынамі, якія ўплываюць на паказчыкі ўзнаўлення, Сяргей Васільевіч назваў 4: гэта няправільныя схемы кармлення, хваробы жывёлін, ня­хватка ці вялікая цякучасць спецыялістаў па асемяненню, неналежныя ўмовы ўтрымання. У выніку гэтага даводзілася паўторна кароў асемяняць, выяўляліся ўсе хваробы, якія толькі могуць быць у арганізме жывёліны, канстатаваць сярэднюю і худую ўкормленасць кароў. Толькі 15% спецыялістаў, якія працуюць па ўзнаўленню статка, маюць спецыяльную адукацыю, атрыманую ў ВНУ і ССНУ. Астатнія 85% — людзі, якіх навучылі. Яны працуюць і могуць вырашаць пытанні, але з імі, як падкрэсліваў Сяргей Трацюк, трэба пастаянна працаваць галоўным спецыялістам жывёлагадоўлі.
Казімір Лапіч заклікаў больш актыўна ўплываць на сітуацыю па ўзнаўленні статка і спецыялістаў раённага звяна.
Работа па павышэнню эфектыўнасці ўзнаўлення статка ў СВК “Ланская” і ДзП “Радзежскае” на пасяджэнні была прызнана нездавальняючай, а ў прыватным прадпрыемстве “Савушкіна” – недастатковай. Рашэнне райвыканкама па гэтым пытанні абавязвае кіраўнікоў не толькі названых, але і некаторых іншых гаспадарак, прыняць арганізацыйныя меры па навядзенні парадку ў павышэнні эфектыўнасці ўзнаўлення.

Тэндэнцыя зніжэння
Пра вынікі работы раённага звяна Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый ў 2013 годзе і задачах на 2014 год далажыў намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Генадзь Суміч. Ён адзначыў, у прыватнасці, што мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне бяспекі жыццядзейнасці, павышэнне супрацьпажарнай аховы аб’ектаў і тэрыторый, у асноўным выконваюцца. Аператыўна ліквідоўваліся пажары ў лясах, на тарфяніках, у населеных пунктах, прычым з мінімальнымі вынікамі. Выратавана 6 чалавек, папярэджана знішчэнне агнём 57 пабудоў, 3 адзінак тэхнікі. 6 чалавек, якія заблудзіліся ў лесе, знойдзены ў ходзе пошукава-выратавальных работ. Летась у 5 дамах адрамантаваны печкі, у 8 – электраправодка за кошт бюджэтных сродкаў, што было прадугледжана адпаведным распараджэннем старшыні райвыканкама. Праводзілася, як адзначаў Генадзь Іванавіч, вялікая інфармацыйна-прапагандысцкая работа як сярод дарослага насельніцтва, так і сярод дзяцей. У выніку можна канстатаваць дынаміку зніжэння пажараў.

Форма выхавання — сям’я
На пасяджэнні было абмеркавана пытанне па выкананню Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”, з інфармацыяй па якому выступіла начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Лаўрэенка. Яна падрабязна расказала пра тую работу, якая праводзіцца ў раёне па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, ахове правоў і інтарэсаў дзяцей у неспрыяльных сем’ях, кампенсацыі расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. У раёне створана сістэма выяўлення і ўліку дзяцей, бацькі якіх неналежным чынам адносяцца да выканання сваіх абавязкаў. Летась у аддзел паступіла 311 паведамленняў аб сямейным недабрабыце. Выяўлена 97 дзяцей з 38 сямей, якія былі прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, 97 дзяцей з 45 сямей зняты з уліку, з іх 58 — непаўналетнія. У выніку сумеснай работы ўсіх зацікаўленых служб удалося вярнуць у сем’і 6 дзяцей.
Лепшая форма выхавання – гэта сям’я. Летась у раёне прыняты дадатковыя меры па ўстройству дзяцей-сірот у замяшчальныя сем’і. 80% уладкаваны на сямейныя формы выхавання. Па стану на 1 сакавіка г.г. з 49 дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, 21 выхоўваецца ў 15 прыёмных сем’ях, 28 – у 21 апякунскай сям’і.
Намецілася станоўчая тэндэнцыя ў павелічэнні спагнання сродкаў у раённы бюджэт з абавязаных асоб з 35,8% у 2008 годзе да 62,3% у 2013 годзе (вышэй за абласны паказчык). У рашэнні па гэтым пытанні запісана нямала пунктаў, накіраваных на актывізацыю работы па рэабілітацыі сямей, прызнаных у сацыяльна-небяспечным становішчы, развіццё сямейных форм выхавання дзяцей, на якаснае суправаджэнне дзяцей з замяшчальных сем’яў і г.д.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 26.03.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!