З 1 па 30 красавіка ў раёне праводзіцца месячнік пажарнай бяспекі

Штогод 10-12 працэнтаў лясных пажараў у рэспубліцы адбываюцца менавіта па прычыне выпальвання травы. Прычым спыніць такі пажар зусім няпроста. Ужо сёлета падраздзяленні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях 8 разоў выязджалі гасіць узгаранне сухой травы. Такія выпадкі былі ў горадзе Маларыта, вёсках Ляхаўцы, Боркі, а таксама ў раёне вёсак Карпін, Хаціслаў і Струга. Пажары па прычыне выпальвання сухой расліннасці адбыліся ў вёсках Перавісь і Печкі. У выніку іх былі знішчаны хлявы.
Згодна з правіламі пажарнай бяспекі дапускаецца кантралюемае развядзенне кастроў, у тым ліку для выпальвання смецця. Пасля спальвання смецця на пляцоўках трэба прасачыць, каб усё было пагашана да поўнага спынення тлення.
Калі вы заўважылі пажар, не праходзьце міма. Калі трава толькі пачынае гарэць, узгаранне можна пагасіць самастойна. Залівайце агонь вадой з бліжэйшага вадаёма, засыпайце яго глебай. Патушыўшы пажар, пераканайцеся, што агонь не разгарыцца зноў. Калі сваімі сіламі пагасіць агонь не атрымліваецца, тэрмінова патэлефануйце на нумар 101.
Алёна АСТАПЕНКА, інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
* * *
Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя папярэджвае, што ў адпаведнасці з артыкулам 15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ за незаконнае выпальванне сухой расліннасці альбо непрыняцце мер па ліквідацыі выпальвання вінаватыя асобы караюцца штрафам ад 10 да 40 базавых велічынь. А за распальванне кастроў у забароненых месцах прадугледжаны папярэджанне ці штраф у памеры да 12 базавых велічынь.

Опубликовано в «ГЧ» 26.03.2014 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!