Сёння — школьнікі, заўтра – спецыялісты для вёскі

Жыццё пераконвае: прыехаўшы пасля заканчэння сельскагаспадарчай навучальнай установы працаваць у гаспадарку, маладыя спецыялісты, якія родам з іншых рэгіёнаў краіны, рэдка замацоўваюцца на першым месцы працы, часцей, адпрацаваўшы патрэбны тэрмін, хоць і створаны для іх ўсе ўмовы, стараюцца вярнуцца дамоў. А вось “свае” спецыялісты, якія нарадзіліся ў вёсцы і сюды ж вярнуліся, каб рэалізаваць набытыя веды, затрымліваюцца, бо для іх тут усё сваё, роднае, знаёмае з дзяцінства. Улічваючы гэта, у СВК “Хаціслаўскі” вырашылі ўсур’ёз заняцца прафарыентацыяй, каб яшчэ са школьных гадоў “гадаваць” сабе будучых спецыялістаў.
Вясковыя дзеці з маленства разумеюць, якія няпростыя яны — сялянскія клопаты. Дапамагаючы бацькам, яны самі вучацца працаваць. Але далёка не ўсе ведаюць, наколькі змяніліся ўмовы на сучасных фермах, ды і новую магутную тэхніку бачылі многія толькі здалёк. Пазнаёміць школьнікаў з усім новым, дапамагчы зразумець ім, што ў гаспадарцы чакаюць кожнага і для яе развіцця вельмі важна, каб працаваць сюды прыходзілі сапраўдныя прафесіяналы, – менавіта з такой мэтай, як адзначыў намеснік старшыні СВК “Хаціслаўскі” Васіль Харык, і быў запланаваны шэраг экскурсій для вучняў Мельніцкай базавай школы. І першая з іх – у Маларыту, на бульбасховішча, якое было пабудавана ў гаспадарцы тры гады назад.
…Аўтобус падвёз хлопчыкаў і дзяўчынак да вялікага будынка, на парозе якога іх сустракала гаспадыня – загадчыца бульбасховішча Алена Панкратава. Экскурсія пачалася з наведвання камер, дзе яшчэ і сёння чакае свайго часу насенне “другога хлеба”. Вясковыя дзеці добра ведаюць: каб захаваць бульбу, іх бацькі рыхтуюць ямку, шчыльна закрываюць яе, уцяпляюць, закопваюць. Пабачыць, як гародніна можа захоўвацца без ямкі і рыдлёўкі, было ўсім вельмі цікава. Дзеці з захапленнем разглядалі транспарцёры, па якіх пасля сартавання бульба засыпаецца ў засекі, заглядалі ў камеры, дзе асобна захоўваюцца розныя гатункі бульбы. СВК “Хаціслаўскі” — гаспадарка, якая шмат гадоў зай­маецца вырошчваннем бульбы, развядзеннем новых гатункаў. Вось і летась, хоць год быў не вельмі спрыяльны, сельгасарганізацыя атрымала тры тысячы тон бульбы пры ўраджайнасці 200 цэнтнераў з гектара. Паўтары тоны бульбянога насення заклалі ў сховішча, частку бульбы рэалізавалі. Праз пэўны час, як даведаліся школьнікі, гаспадарка зможа захоўваць значна больш бульбы, паколькі пачалося ўжо будаўніцтва другога бульбасховішча, на гэты раз на 2 тысячы тон. Школьнікі не паленаваліся спусціцца ў вентыляцыйную шахту, дзе пабачылі, якія моцныя вентылятары змешчаны тут, каб забяспечыць насенню патрэбную тэмпературу. Між іншым, хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі самі прасачыць на камп’ютары, як рэгулюецца тэмпература паветра ў розных камерах і пераканаліся, што сёння сучасная тэхніка дазваляе значна аблегчыць усе вытворчыя працэсы. Многія з цікавасцю распытвалі пра працэс захоўвання бульбы, як працуе камп’ютарная праграма, што дапамагае выяўляць змяненні тэмпературы і сігналізуе аб праблемах, якія ўзнікаюць у засеках, распытвалі пра СВК, тыя прафесіі, якія можна набыць, каб працаваць у сваёй гаспадарцы.
Радасна ўспрынялі вучні навіну аб тым, што хутка іх чакае яшчэ адна экскурсія, на гэты раз на машынны двор гаспадаркі, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць убачыць самую новую сучасную тэхніку.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: вучні Мельніцкай школы з экскурсіяй на бульба­сховішчы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 26.03.2014 г.

Добавить комментарий


заказ воды белая церковь

www.niko-centre.kiev.ua

узнать больше
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!