Патрыятызму вучацца на прыкладах

У Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці шмат увагі надаецца патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў: фарміраванню ў падрастаючага пакалення пачуцця прыналежнасці і дачынення да беларускай дзяржавы і грамадства, іх грамадзянскай пазіцыі.

Паколькі кантынгент навучэнцаў ліцэя прадстаўлены пакуль толькі юнакамі, значны ўпор у рабоце робіцца на падрыхтоўку хлопцаў да службы ў радах узброеных сіл. У гэтым дапамагае наведванне падраздзяленняў, воінскіх часцей вобласці. Такія паездкі арганізоўваюцца ў цесным су­працоўніцтве з ваенным камісарам раёна, раённай арганізацыяй БРСМ, кіраўніцтвам ліцэя.
Нядаўна група навучэнцаў раёна пабывала з экскурсіяй у 38-й вайсковай часці г. Брэста. Юнакі пазнаёміліся з гісторыяй паветрана-дэсантных войскаў, даведаліся аб крытэрыях адбору для дэсантнай службы, наведалі музей. А яшчэ юнакі атрымалі магчымасць папрысутнічаць на палявых занятках, дзе байцы ваеннай брыгады праводзілі вучэбныя стрэльбы. Асаблівыя ўражанні пакінула ў іх наведванне палявога палатачнага гарадка, а таксама знаёмства са штатнай баявой тэхнікай брыгады. Падлеткі са здзіўленнем і цікавасцю назіралі за вучэннямі падраздзялення, якія былі максімальна набліжаны да баявых.
Навучэнцы яшчэ доўга будуць абмяркоўваць усё ўбачанае, бо, як гавораць яны самі, “справа кожнага мужчыны – абараняць Радзіму”. Дзякуючы арганізацыі такіх мерапрыемстваў можна разлічваць, што навучэнцы маральна-псіхалагічна і фізічна рыхтуюцца да выканання імі канстытуцыйнага абавязку па абароне Радзімы, вучацца з павагай адносіцца да абаронцаў Айчыны, набываюць жаданне браць з іх прыклад.
Галіна Стасюк, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
НА ЗДЫМКУ: у час экскурсіі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 26.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий