Народны з душой народнай

У зале цішыня. Дзмітрый Свішчоў узмахвае дырыжорскай палачкай. Здаецца, што недзе там, у вышыні, загучаў ледзь улоўны спеў жаваранка. Ён паступова набліжаецца і ўжо нагадвае перазвон мноства маленькіх сярэбраных званочкаў. Гук шырыцца, расце, мацнее. Яшчэ адзін узмах дырыжорскай палачкай – і зала напаўняецца гучаннем іншых народных інструментаў. Гледачы з замілаваннем і захапленнем слухаюць, затаіўшы дыханне.
На сцэне віртуозна іграе народны аркестр народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Творчы калектыў быў створаны яшчэ ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя, і хутка заваяваў папулярнасць і вядомасць далёка за межамі раёна. Аркестр стаў частым госцем на Украіне, у Польшчы. Ён не адзін раз быў узнагароджаны граматамі рознага ўзроўню. Народны аркестр народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў — актыўны ўдзельнік раённых аглядаў-конкурсаў і фестываляў.
З 1986 па 1991 гады калектыў неаднаразова прызнаваўся лепшым на Брэстчыне, назаўсёды пакінуўшы ў сябе пераходны кубак абласнога ўпраўлення культуры. Ёсць у аркестра і дыпломы. У іх ліку – Саюза кампазітараў СССР і Малога тэатра СССР. Асаблівы гонар – званне лаўрэата Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці.
— Калектыў заснаваў Леанід Феафанавіч Несцераў, выдатны баяніст, — кажа Ірына Пятрухіна, — цяперашні дырэктар школы мастацтваў. — Ля вытокаў аркестра стаялі многія добра вядомыя на Маларытчыне людзі, у іх ліку – Мікалай Уланаў, Уладзімір Самусенка, Таццяна Хутарная, Людміла Удовіна, Яўгенія Байгушава…У 1981г.аркестр быў удастоены звання народнага. З таго часу гэтае ганаровае званне паспяхова пацвярджае праз кожныя тры гады. Рэпертуар аркестра пастаянна абнаўляецца. У ім творы айчынных і замежных кампазітараў, розныя па жанру і стылю, перакладзеныя для аркестра папулярныя эстрадныя песні,народная і класічная музыка. Шмат таксама вакальных твораў і п’ес для сольных інструментаў.
Цяпер у складзе аркестра 24 удзельнікі (з іх – 5 мужчын). Гэта выкладчыкі Маларыцкай дзяржаўнай дзіцячай школы мастацтваў, Чарнянскага і Хаціслаўскага філіялаў. У калектыве ўмела спалучаюцца мудрасць, вопыт, веды, дасягненні старэйшых калег і энергія, аптымізм, бадзёрасць маладых. Гэта дае свае станоўчыя творчыя вынікі, садзейнічае прафесійнаму росту.
З верасня 2013 г. народным аркестрам кіруе Дзмітрый Свішчоў, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ён аранжыруе, інструментуе і перакладае музычныя творы для свайго калектыву, умела апрацоўвае іх.
— Каб дасягнуць любога выніку, неабходна працаваць мэтанакіравана і што­дзень, — гаворыць Дзмітрый Аляксандравіч. – Таму мы рэпеціруем па групах, адшліфоўваючы сваё майстэрства. Два разы на ты­дзень праводзім агульныя заняткі для ўсяго аркестра, разам працуем над канцэртным гучаннем музычных твораў. Штогод калектыў абнаўляецца маладымі спецыялістамі, якія хутка ўліваюцца ў яго склад. Як гэта, напрыклад, адбылося з Сяргеем Швайко і Вольгай Кучынай.
Аднак касцяк народнага аркестра складаюць прафесіяналы, людзі, адданыя і ўлюбёныя ў сваю справу. З імі працаваць заўжды прыемна і лёгка.
Нязменным салістам аркестра на працягу некалькіх апошніх гадоў з’яўляецца Уладзімір Махнач, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Вялікі ўклад у работу калектыву ўносяць такія выкладчыкі, як Сяргей Крэнь і Ірына Горнік (ветэраны аркестра), а таксама Наталля Забелiна… Менавіта ў многім дзякуючы і іх таленту калектыў заўсёды запатрабаваны, мае пастаяннага і ўдзячнага слухача. Удзельнікі аркестра займаюцца педагагічнай і асветніцкай работай, право­дзяць актыўную канцэртную дзейнасць. Таму і рэпертуар падбіраецца кіраўніком у адпаведнасці з тэматыкай плануемага мерапрыемства.
— На працягу 2013 года, — кажа Дзмітрый Свішчоў, — калектыў аркестра прымаў удзел у многіх святочных канцэртах і мерапрыемствах, што праходзілі на Маларытчыне. Штогод мы таксама выступаем і на справаздачна-выбарчых сходах СВК раёна. Па дамоўленасці ў любы момант можам даць канцэрт там, куды запросяць. Мы з задавальненнем прымем удзел у любых святочных мерапрыемствах.
На сваіх канцэртах удзель­нікі аркестра заўсёды ствараюць добры, прыўзняты настрой для гледачоў і слухачоў.
* * *
…Народны аркестр народных інструментаў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў сваю канцэртную праграму адыграў на “біс”. Усе гледачы ў зале ўсталі і доўга апладзіруюць, не адпускаючы музыкантаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Опубликовано в «ГЧ» 26.03.2014 г.

Добавить комментарий


profvest.com

https://pillsbank.net

www.alfaakb.com/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!