Фальклорныя вандроўкі “Хаціславян”

Народны ансамбль “Ха­ціславяне” Хаціслаўскага сельскага Дома культуры пабываў нядаўна з творчым візітам у Польшчы. У чарговы раз Маларытчына, адметная сваімі народнымі мастацкімі традыцыямі, грунтоўна замацавалася на міжнародным узроўні, бо з’явілася магчымасць сабраць разам лепшых музыкаў, выканаўцаў песень, побытавых танцаў, знаўцаў і прыхільнікаў беларускага фальклору. Паездка адбылася дзякуючы творчаму праекту, запланаванаму і рэалізоўваемаму намаганнямі Дарафея Фіёніка, польскага фалькларыста, і Андрэя Гарбацэвіча, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, якія не адзін раз абмяркоўвалі праблемы развіцця фальклорнага руху і перспектывы жыццядзейнасці багатых традыцый Маларытчыны.
Суседзі-палякі сустракалі гасцей ветліва і шчыра. У пачатку візіту на польскай зямлі “Хаціславяне” наведалі старадаўні парк у прыгранічным мястэчку Белавежа, дзе, як нам паведамілі, некалі пражывалі знакамітыя царскія асобы. Парк, раскінуты на беразе возера, уяўляе сабой маляўнічае відовішча з масткамі і будынкамі, якія захавалі цудоўную драўляную архітэктуру. Здавалася, адбудзецца нейкая падзея з глыбіні стагоддзяў, што перанясе нас у тыя часы. Тымі ж пачуццямі мы былі ахоплены, калі наведвалі музей Малой Бацькаўшчыны і сялянскі падворак у Студзіводах, дзе сабраны з розных куткоў Падляшша старадаўнія прадметы сялянскага быту: ткацкія прылады, музычныя інструменты, дзежкі, бочкі, начоўкі, жаночыя і мужчынскія касцюмы і інш. Добрыя ўражанні засталіся пасля наведвання мясцовага праваслаўнага храма. Вельмі прыемна, што захоўваюцца такія куткі, дзе заўсёды ёсць магчымасць дакрануцца да духоўных каранёў мінулага.
Нашы творчыя сустрэчы былі прысвечаны знаёмству з рэгіянальнымі песнямі, танцамі, музыкай і далучэнню да іх шырокіх колаў польскага насельніцтва. Падобныя майстар-класы, па словах Дарафея Фіёніка, ладзяцца пастаянна ў культ­установах, што размешчаны ў вялікіх населеных пунктах. Наогул, пазнаёміцца з культурай іншых народаў – заўсёды цікава, але больш цікава самому далучыцца да яе. Нас зацікавіла шырокае і рознаўзроставае прадстаўніцтва аматараў фальклору. Тут былі маладыя і пажылыя жанчыны, мужчыны, дзеці. “Хаціславяне” ладзілі так званыя «Запусты», альбо тыдзень перад пастом, па­бывалі ў мясцовым музеі ў Бельску Падляшскім ў Доме культуры в. Гайнаўка. Сумесна з мясцовым гуртом “Жэмерва” спявалі, вывучалі песні. Напевы мясцовых песень у асноўным пераклікаюцца з нашымі, толькі адрозніваюцца дыялектам і манерамі выканання. Як, напрыклад, песні “Посію гурочкі” ці “Ходыла дівчына” альбо “Літа молоді”. Мы бачылі, з якой цікавасцю прысутныя падзяляліся на групы, галасы, лавілі кожнае слова задушэўнай народнай песні, якую па-майстэрску дапамагалі данесці да слухача мастацкія кіраўнікі “Хаціславян” і “Жэмервы” Галіна Хомік і Ганна Фіёнік. А танцы – дык гэта асобная тэма. Яны выклікалі незвычайны інтарэс і ўзрушвалі публіку. Трэба сказаць, што нашы “Хаціславяне” былі там майстрамі на ўсе рукі і ногі. Яны выконвалі заліхвацкія мелодыі на любыя густы, танцавалі побытавыя танцы, такія, як «кракавяк», «месяц», «ночка», «матлёт», «ойра», чым вельмі здзіўлялі гледачоў. Прысутных уражвалі шыкоўныя тканыя і вышытыя сарочкі, спадніцы, фартушкі, у якія былі апрануты самадзейныя артысты. Мы ўжо даўно звыкліся з такім адзеннем, а палякі глядзелі на нас, як на цуд, закідваючы пытаннямі, кім і калі было створана такое хараство.
Такім чынам, “Хацісла­вянам” было чым падзяліцца, чаму навучыць суседзяў. Яны пакінулі незабыўныя ўражанні ў тых, хто па-сапраўднаму цікавіцца народнымі традыцыямі. Апошнія атрымалі стымул для далейшых творчых здзяйсненняў.
На развітанне аматарскія калектывы абмяняліся памятнымі сувенірамі і падарункамі, пажадалі адзін аднаму далейшых творчых поспехаў і плённага супрацоўніцтва.
Наталля ГАЛАВІЙ, дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы.
НА ЗДЫМКУ: “Хацісла­вяне” ў Польшчы.

Опубликовано в «ГЧ» 29.03.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.