ТРАВА, НЕ РАСЦІ!

Кажуць, да добрага людзі хутка прывыкаюць, але іншы раз яны гэтак жа хутка мірацца з тым, што за межамі добраўпарадкаванай кватэры, дома, на суседняй вуліцы нішто не радуе вока. У справядлівасці гэтых слоў пераконваліся ў час нядаўняга рэйду па вуліцах мікрараёна Лазкі, у якім бралі ўдзел, акрамя работнікаў рэдакцыі, і спецыялісты раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Ля дамоў лазкаўцаў быццам бы і падтрымліваецца належны парадак, і вуліцы не самыя дрэнныя, а вось за імі ці побач з імі – далёка не так. Да прыкладу, на вуліцы Пятруся Броўкі. Пры павароце на яе адразу кідаецца ў вочы неачы­шчаная канава, у якой шмат сухой травы. Далей – больш. Амаль ля кожнага кантэйнера для смецця — горы сухога галля, будаўнічыя адходы. І калі ў дадзеным выпадку можна спадзявацца, што работнікі камунальнай службы абавязкова вывезуць усё гэта, несанкцыянаваныя смеццязвалкі, якія бачылі на вуліцы 8 Сакавіка за гаражамі райспажыўтаварыства, вуліцы Суворава, іншых, хутчэй за ўсё будуць яшчэ больш “разрастацца”, калі тыя, хто “адкрыў” іх, не зразумеюць: прыгажосць вакол нас залежыць не непасрэдна ад работнікаў камунальнай службы, а найперш ад кожнага з нас.
З гаспадаром дома №54, што па вуліцы Юбілейнай, пазнаёміцца не ўдалося. Толькі вельмі хацелася б, каб ён не забываў, што тэрыторыя вакол дома таксама павінна быць добраўпарадкаванай. А цяпер яна вельмі і вельмі непрыглядная. І ніяк не ўпісваецца ў гарадскі пейзаж.
Што і казаць, менталітэт нашых людзей у апошнія гады змяніўся, мы “сталі больш дарослымі” ў сваіх поглядах. Адкрытасць граніц, дзякуючы чаму мы маем магчымасць знаёміцца з высокай культурай быту заходніх суседзяў, адыграла станоўчую ролю. Мы перанялі ад іх шмат карыснага, у еўрастылі абуладкоўваем кватэры, дамы, прысядзібныя ўчасткі. Вось толькі б яшчэ і свядомасць многім з нас еўрапейскую!
Рэйдавая брыгада.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 29.03.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!