“Маларыта аб’яднае маю сям’ю”

— Маларытчанкай я стала амаль год з паловаю таму, — кажа Людміла Трафімава. – А да гэтага жыла ў г. Валгаградзе (Расія). Ніколі не думала, што калі выйду на заслужаны адпачынак, то маім месцам прапіскі стане менавіта Маларыта. Амаль 6 дзясяткаў гадоў пражыла, а пра такі маленькі, утульны, сімпатычны гарадок еўрапейскага ўзроўню мала чула, ведала. Аднак жыццёвая сцежка непрадказальная. Быццам бы нешта і плануеш, думаеш пра блізкае і далёкае будучае, а потым у адно імгненне ўсё нечакана змяняецца. Такі рэзкі паварот быў і ў маім лёсе.
Людміла Мікалаеўна расказвае пра сябе. Падрабязна, цікава. Жанчыну хочацца слухаць і слухаць. Яна, сапраўды, цудоўны субяседнік, чалавек адкрыты, шчыры.
Нарадзілася і вырасла ў Валгаградзе. Там жа закончыла сярэднюю школу з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і Валгаградскі інжынерна-будаўнічы інстытут. Затым разам з мужам і сынам Аляксеем пераехала на працу ў г.Нарыльск.
— Мне давялося працаваць на пасадах інжынера ў аддзеле адукацыі, капітальнага будаўніцтва, вайсковай часці, упраўлення ўнутраных спраў. У прафесійнай біяграфіі значацца пасады ў Новым эксперыментальным тэатры, намесніка дырэктара па будаўніцтву ў прыватным прадпрыемстве…
Людміла Трафімава да апошняга даглядала сваіх састарэлых бацькоў. Калі іх не стала, вырашыла змяніць свой лад жыцця. Так супала, што якраз у гэты момант патэлефанавала Ірына, сястра мужа, якая ўжо тады жыла ў Кобрыне. Яна была ў захапленні ад горада. Ірына прапанавала памяняць месца жыхарства, напрыклад, Валгаград на Кобрын. У сэрца Людмілы Трафімавай запалі шчыра сказаныя словы: “Ні пра што потым не пашкадуеш”.
— Я доўга не адважвалася на пераезд, — гаворыць Людміла Мікалаеўна. — Наседжанае гняздо пакідаць заўсёды цяжка. Едзеш жа ў невядомасць, да чужых зусім людзей. Але пасля чарговай размовы з сынам прыняла рашэнне ўсё такі паехаць. Цяжкасці мяне не пужалі, бо на маім вяку іх было дастаткова. На пастаяннае месца жыхарства вырашыла паехаць у родныя мясціны мужа. Ён родам з Беларусі.
Людміла Трафімава пасля разваг спыніла свой выбар на Жабінцы, пасёлку Мухавец і Маларыце. З трох населеных пунктаў неабходна было хутка выбраць адзін. Жанчына не раз наведвалася ў кожны з іх.
— Маларыта з першых хвілін знаёмства падкупіла мяне, — кажа Людміла Мікалаеўна. – Я нават не ведаю, чаму і чым больш. Адразу запала ў сэрцы. Ці то цішынёю, дагледжанымі вулачкамі і тратуарамі, добрымі дарогамі, ці то людзьмі з адкрытымі тварамі і ўсмешкамі, прыгожымі будынкамі, маляўнічымі краявідамі. У райцэнтра ёсць нейкая асобая аўра, прыцягальная сіла. Гэта адразу адчуваецца. Тут хочацца застацца назаўжды, нават, калі тут раней ніколі не быў. Было такое адчуванне, што ў Маларыце прапісана даўно. Я патрабавальная да таго месца, дзе пражываю. А Маларыта якраз той горад, які адпавядае майму ўнутранаму свету, перакананням, поглядам.
Людміла Трафімава набыла ў райцэнтры кватэру, хутка нажыла новых сяброў, выдатных суседзяў і адчула сябе шчаслівай.
— Адчуванне – быццам трапіла ў казку! На душы ў мяне зноў стала спакойна. У Валгаградзе такога пачуцця не было, бо недалёка знаходзіліся Чэчня, Дагестан, ды і вылазкі баевікоў выводзілі з раўнавагі.
Людміла Мікалаеўна не любіць сядзець на месцы. Яна ўвесь час нечым занята.
— Я стала чытачкай раённай бібліятэкі. Кнігі – лепшыя мае сябры. Бываю таксама практычна на ўсіх выступленнях самадзейных артыстаў на сцэне ГДК. Чаруе жывое беларускае слова, яго меладычнасць і непаўторнасць. Наведваю басейн і саўну ва ўніверсальным спартыўным комплексе “Жамчужына”. Вельмі люблю гуляць па Маларыце. Ад таго, што бачу і чую навокал, атрымліваю сапраўдную асалоду і задавальненне. Гэта можа зразумець толькі той, хто шмат гадоў пражыў у вялікім горадзе, а потым пераехаў у маленькі правінцыйны гарадок. Не, у Маларыце не глуш. Хоць і няма тут тэатра, заапарка, цырка, метро. У жыцці, напэўна, усё ж такі не гэта з’яўляецца самым важным і галоўным. Для мяне важней, паўтаруся, бачыць адкрытыя твары людзей навокал, адчуваць сябе ў бяспецы. У Маларыце ўсё створана з любоўю да чалавека.Такі клопат бачу літаральна на кожным кроку. Параўноўваць можа толькі той чалавек, які жыў у іншых умовах.
А яшчэ Людміла Трафіма­ва надумала ўладкавацца на працу. Не магла жанчына сядзець без справы склаўшы рукі.
— Я вельмі люблю дзяцей. Унукі цяпер ад мяне за сотні кіламетраў. Сумую па іх. Мне не хапае іх вясёлага смеху. А яшчэ так хочацца быць камусьці патрэбнай, некаму дапамагаць, дарыць усмешкі. Таму і ўладкавалася на працу памочнікам выхавальніка ў адзін з дзіцячых садкоў горада.
Людміла Мікалаеўна многа расказвае пра сябе, сям’ю. Ёй вельмі хочацца, каб і старэйшы сын таксама пераехаў жыць у Маларыту ці Брэст. Жанчына цешыць сябе такой надзеяй, бо ў Аляксея таксама ўжо ўзнікла думка быць побач з маці.
— Спадзяюся, што Маларытчына зможа стаць тым месцам, дзе ўся мая сям’я зноў збярэцца разам за адным сталом, — упэўнена кажа Людміла Трафімава.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Людміла Трафімава (у цэнтры), былая жыхарка Валгаграда, якая ў Маларыце зноў адчула сябе шчаслівай.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 2.04.2014 г.

Добавить комментарий


метан курс

https://apach.com.ua

распродажа велосипедов
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!