Ці будзе вялікае малако?

Спрадвеку парой вялікага і адносна таннага малака ў Беларусі лічыўся летні пашавы перыяд. Падчас яго жывёлаводы сельгаспрадпрыемстваў атрымлівалі самыя высокія надоі, якія забяспечвалі маладая сакавітая трава з канцэнтраванымі дабаўкамі. А сонечныя ванны ды багатыя росы спрыялі ўмацаванню здароўя жывёлы. Зараз вытворчасць малака пастаўлена на прамысловую аснову, якая не прадугледжвае выпасвання дойнага статка на пашы. Ці не знік разам з ім тэрмін “вялікае малако”, які ў свой час стаў крылатым, і ці парадуе сёлета грамадскі статак вялікім малаком? На гэтае і іншыя пытанні, якія тычацца пераводу дойнага статка на кругласутачнае пашавае ўтрыманне і павелічэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў летні перыяд, адказвае начальнік вытворчага аддзела райсельгасхарчу Надзея Назарук:
— Спадзяюся, што вялікае малако бу­дзе. Што тычыцца самога тэрміна, то на Маларытчыне спісваць яго пакуль рана. Таму што сёлета на кругласутачным пашавым утрыманні будуць знаходзіцца 29 гуртоў кароў, што складае 43 працэнты ад іх наяўнасці. Дадам яшчэ, што з мэтай аздараўлення будзе створана 6 гуртоў з сухастойных кароў, якія будуць выпасвацца на прыфермскіх тэрыторыях днём.
— А што зроблена для таго, каб пашавы перыяд сапраўды стаў перыядам вялікага малака?
— Работа па падрыхтоўцы да летне-пашавага перыяду гэтага года пачалася яшчэ восенню летась. У гаспадарках раёна для выпасвання дойнага статка больш, чым на 2 тысячах гектараў, было пасеяна азімае жыта. Трэба адзначыць, што сёлетняя вясна дазволіла на месяц раней, чым у мінулым годзе, выгнаць кароў на пасьбу. Цяпер ужо 9 гуртоў выпасваюцца на азімым жыце.
Пад вялікае малако перазалужана таксама 1195 гектараў травастою. Гэта 46% да плана. 3500 гектараў пашавых угоддзяў падкормлены мінеральнымі ўгнаеннямі.
— Так, малако ў каровы на языку. Але ж шмат залежыць і ад арганізацыі пашавага перыяду…
— Вядома. У гэтым накірунку таксама вядуцца работы. Яшчэ у лютым былі распрацаваны мерапрыемствы па пераводзе дойнага статка на летняе ўтрыманне. У іх вызначаны асноўныя работы, тэрміны і адказныя за іх выкананне. У цяперашні час у гаспадарках завяршаюцца зварачныя работы па падрыхтоўцы перасоўных даільных установак, ёмістасцей для вады, закуплены электраагароджы, якіх не хапала. Распрацаваны расцэнкі па аплаце працы жывёлаводаў і механізатараў.
Асобна неабходна сказаць пра тое, што для расцёлаў у 2014 годзе праведзена штучнае асемяненне 16448 кароў і цялушак, што на 695 галоў больш за леташні ўзровень. У тым ліку кароў — 12075 (+872 галавы).
— Ці існуе праблема з кадрамі?
— Праблема з пастухамі-жывёлаводамі пакуль не вырашана. Асабліва вострая яна ў дзяржаўным прадпрыемстве “Радзежскае”. Толькі па прычыне іх адсутнасці тут сёння не выганяюць дойны статак на азімае жыта. Пэўныя цяжкасці з пастухамі таксама ў СВК “Рыта” і “Гвозніца”
— Надзея Рыгораўна, у апошнія гады раён ідзе з прыбаўкай па вытворчасці малака, за што неаднойчы заахвочваўся ў вобласці. За кошт чаго ўдалося дасягнуць яе?
— За кошт павелічэння пагалоўя дойнага статка і павышэння яго прадуктыўнасці. Дзве гаспадаркі — СВК “Дарапеевічы” і прыватнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна” — па надоі малака ад каровы перасягнулі ўжо шасцітысячны рубеж. А раён у цэлым апошнія тры гады – пяцітысячны. Праўда, летась многія гаспадаркі па прычыне зімоўкі, якая зацягнулася (не разлічылі з кармамі), дапусцілі зніжэнне прадуктыўнасці. Гэта СВК “Ланская”, дзе нават не выйшлі на 4000-ны рубеж, ледзьве перасягнулі яго гвозніцкія і арэхаўскія жывёлаводы. Не на належным узроўні спрацавалі СВК “Ляхаўцы”, “Хаціслаўскі”. Таму сёлета будзем працягваць працаваць над далейшым умацаваннем кармавой базы.
— А ў якіх гаспадарках дойны статак будзе поўнасцю знаходзіцца на бяс­прывязным круглагадовым утрыманні і ці будзе ён атрымліваць летам зялёныя кармы?
— На круглагадовым стойлавым утрыманні сёлета будзе знаходзіцца дойнае пагалоўе ў ПСУП “Савушкіна”, СВК “Дарапеевічы” і “Макраны”. Што тычыцца зялёнага корму, то ў рацыёне дойных кароў будзе 15-20 працэнтаў «зялёнкі».
— Дзякуй за гутарку, і няхай сёлетні пашавы перыяд для маларыцкіх жывёлаводаў стане сапраўдным перыядам вялікага малака!
Гутарыла Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: начальнік вытворчага аддзела райсельгасхарчу Надзея Назарук.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 9.04.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!