СТРЭС – АДНА З ГАЛОЎНЫХ ПРЫЧЫН МАСТАПАТЫІ

У апошні час назіраецца трывожная тэндэнцыя амаладжэння захворвання мастапатыяй. Калі раней у групе рызыкі знаходзіліся жанчыны старэйшага ўзросту, дык сёння ўсё часцей хвароба выяўляецца ў зусім маладых жанчын, якім толькі споўнілася 30 год. Што такое мастапатыя, чаму яна ўзнікае, як праяўляецца, так званыя фактары рызыкі для жанчыны – аб гэтым і іншым чытайце ў інтэрв’ю загадчыцы акушэрска-гінекалагічнага кабінета паліклінікі Таісіі Чуйко.

— Таісія Анатольеўна, давайце пачнем з таго, што такое мастапатыя?
— Гэта дабраякаснае захворванне малочных залоз, звязанае з парушэннем балансу гармонаў. Цяпер яно вельмі распаўсюджанае. У многіх жанчын выяўляюцца пачатковыя сімптомы захворвання. Калі мастапатыя працякае без ускладненняў, яна не страшная, але павінна знаходзіцца пад пастаянным кантролем, каб пазбегнуць развіцця ўскладненняў і пухліннага працэсу. Галоўнае, своечасова заўважыць першыя прыкметы захворвання і пачаць лячэнне.
— А якія асноўныя сімптомы мастапатыі?
— Першы сігнал – болевыя адчуванні і напружанасць у малочных залозах. Сімптомы часцей за ўсё праяўляюцца за некалькі дзён перад менструацыяй. Захворванне пачынаецца з разрастання злучальнай тканкі, пры гэтым утвараюцца дробныя вузельчыкі. Гэта форма мастапатыі называецца дыфузнай. Пры далейшым развіцці хваробы ў тканцы малочнай залозы ўтвараюцца шчыльныя вузлы памерам ад гарошыны да грэцкага арэха. Такая форма мастапатыі называецца вузлавой. Болі ў грудзях у такіх выпадках становяцца больш інтэнсіўнымі, могуць лакалізаваць у плячо, падмышачную яміну. Часам вельмі балючы нават нязначны дотык да грудзей. Пры абшчупванні грудзей лёгка вызначаецца дольчатасць ці зярністасць тканкі. Пры наяўнасці такіх сімптомаў неабходна звярнуцца да гінеколага ці анколага, якія пасля кансультацыі назначаць ультрагукавое даследаванне ці мамаграфію, у залежнасці ад узросту: да 40 год – УГД, пасля 40 год абавязкова – мамаграфія. Гэта дазволіць выявіць усе новаўтварэнні на самых ранніх стадыях.
— Якія прычыны могуць выклікаць мастапатыю?
— Перш за ўсё яна можа ўзнікнуць у выніку парушэння гарманальнага фону – парушэння балансу палавых і іншых гармонаў. Адзначаецца таксама на фоне: захворвання шчытападобнай залозы, гіпофізу; захворванняў яічніка, фібраміёмы маткі, эндаметрыёзу; захворванняў страўнікава-кішачнага тракту – гепатыту, халецыстыту, гастрыту, панкрэатыту, дысбактэрыёзу кішэчніка; на фоне прыёму гарманальных прэпаратаў.
— Назавіце, калі ласка, так званыя фактары рызыкі, што садзейнічаюць развіццю мастапатыі?
— Безумоўна, вялікую ролю ў развіцці хваробы адыгрываюць стрэсы. Сказаць: “Не нярвуйцеся” – проста, але зусім нерэальна для сучаснай жанчыны. Таму ўрачы звычайна настойваюць: “Навучыцеся адпачываць”. Для пачатку паспрабуйце чаргаваць фізічныя нагрузкі з разумовымі. Асабліва важныя практыкаванні для брушнога прэсу, пазваночніка, якія паляпшаюць кровазварот і садзейнічаюць разыходжанню застойных з’яў. Не рэкамендуецца прымаць усе фізіяпрацэдуры з цеплавым уздзеяннем, у тым ліку ўсе віды лазняў, саўн, а таксама рабіць масаж грудзей, бо ўсе гэтыя працэдуры павялічваюць крываток у тканках малочнай залозы. Ну і, вядома, неабходна быць асцярожным з сонцам – загар топлес у салярыі і на пляжы катэгарычна забараняецца ўсім жанчынам. Ён правакуе магчымасць узнікнення рака малочнай залозы. Таксама негатыўна на стане малочнай залозы могуць адбіцца розныя крэмы і таблеткі для павелічэння грудзей. Адмоўна паўплываць на захворванне можа і траўма гру­дзей. Патрэбна выпрацоўваць у сябе звычку абараняць грудзі, да прыкладу, у транспарце ў гадзіны “пік”. Цесная бялізна – таксама фактары рызыкі. Бюстгальтар павінен быць “без костачак”, джынсы — ні ў якім выпадку не пераціскаць “ніз”, каб не парушаць кровазварот.
Сярод фактараў рызыкі — асаблівасці харчавання, сексуальная незадаволенасць, курэнне, злоўжыванне алкаголем, асаблівасці рэпрадуктыўнай функцыі (ранні надыход менструацыі да 12 год, позні надыход менапаўзы пасля 55 год, першыя роды пасля 30 год, штучнае перарыванне цяжарнасці і інш.).
— Таісія Анатольеўна, ці неабходна карэкціраваць харчаванне пры мастапатыі?
— Калі вы ўжо лячыліся ад мастапатыі, ці ёсць схільнасць да яе, неабходна абавязкова сачыць за харчаваннем. Ужываць больш раслінныя тлушчы і менш – жывёльныя, салодкія ласункі замяніць на садавіну, ніякіх дыет, яны вельмі дрэнна ўплываюць на малочныя залозы, правакуюць скачок гармонаў у крыві, які прыводзіць да развіцця мастапатыі. Сярод прадуктаў-правакатараў – газаваная салодкая вада і кава. Таму апошнюю трэба па магчымасці замяніць травяным чаем.
Сталовыя буракі трэба есці як мага часцей. Пры мастапатыі рэкамендуецца есці як мага больш прадуктаў, якія ўтрымліваюць антыаксіданты. Зацвярдзенне ў грудзях лічыцца перадракавым станам. А антыаксіданты не дазваляюць адбывацца нежаданым змяненням. Чэмпіён па ўтрыманні антыаксідантаў – сталовыя буракі. Вінегрэты і боршч з буракоў добрыя і карысныя па дзвюх прычынах. Па-першае, яны дапамагаюць нашаму арганізму абараніцца, а па-другое, валодаюць жоўцеўтваральным і жаўцягонным дзеяннем, што стымулюе работу печані. Дзякуючы гэтаму ў тканках, у тым ліку і грудзей, не назапашваюцца шкодныя рэчывы. Жанчынам любога ўзросту таксама надзвычай карысна ўжываць прыродны каэнзім Q10. Ён лічыцца сапраўдным вітамінам маладосці. Да таго ж актывізуе супрацьпухлінны механізм. Натуральныя крыніцы гэтага рэчыва – шпінат і брокалі. Але ўжываць іх патрэбна толькі разам з алеем і лепш не ў тушаным, а ў сырым выглядзе. Брокалі прызнана анколагамі адным з лепшых супрацьпухлінных сродкаў. Усім, у каго ёсць праблемы з грудзямі і ў каго іх няма, неабходна есці брокалі як мага больш часта.
— Таісія Анатольеўна, што б Вы парэкамендавалі жанчынам у якасці прафілактыкі мастапатыі?
— Асаблівую ролю ў прафілактыцы мастапатыі адыгрываюць селен и лікапін. Селен уплывае на работу шчытападобнай залозы, без яго не засвойваецца ёд. А гэта ў сваю чаргу прыводзіць да змянення гарманальнага фону. Таму абавязкова трэба ўключаць у сваё меню багатыя лікапінам прадукты, у першую чаргу таматы. Прычым карыснага рэчыва ў скурцы чырвоных таматаў у 5 разоў больш, чым у мякаці. Спрыяльна ўздзейнічае на арганізм і зялёны чай, а таксама катэхіны. Гэта асобныя рэчывы, якія валодаюць супрацьпухлінным і раназажыўляльным дзеяннем. Яны дапамагаюць таксама выводзіць з арганізма таксіны і станоўча ўплываюць на ўзровень цукру ў крыві. Найбольш іх знаходзіцца ў зялёным і белым чаі. Самым магутным супрацьпухлінным дзеяннем валодае яшчэ адно рэчыва — ленцінан. Яно ўтрымліваецца ў грыбе шыітаке. Даказана, што ўжыванне ў страву гэтага грыба папярэджвае ўтварэнне пухлін у грудзях. Упершыню карысныя рэчывы грыба выдзелілі японскія вучоныя. Яны высветлілі, што шыітаке стымулюе дзейнасць імуннай сістэмы. Такім чынам, арганізм сам спыняе рост пухлін.
Вельмі карысная соя. Яна ўтрымлівае прыродныя фіта­эстрагены, падобныя да жаночых гармонаў. Пры лішках эстрагенаў у арганізме яны зніжаюць іх узровень, а пры недахопе – павышаюць. Дзякуючы гэтаму гарманальны статус падтрымліваецца ў норме. І рызыка ўзнікнення мастапатыі ў жанчын зніжаецца. Цяпер на аснове соі вырабляюць соевыя напоі, якія напамінаюць ёгурты. А ў аптэках можна сустрэць і соевыя кактэйлі ў выглядзе парашка. Але ў іх шмат бялка, таму прымаць кактэйлі трэба строга па інструкцыі. Інакш гэта можа не лепшым чынам адбіцца на нырках.
Вельмі важным у прафілактыцы з’яўляецца самастойнае абследаванне малочнай залозы. Яго трэба праводзіць не менш чым 1 раз у месяц.
Лепш за ўсё самаабследаванне малочных залоз праводзіць на 5-11 дзень ад пачатку менструацыі. Пачніце самаабследванне з візуальнага агляду пры добрым асвятленні. Распраніцеся да пояса, станьце перад люстрам. Уважліва агледзьце малочныя залозы, прымаючы наступныя позы: апусціўшы ўніз рукі, падняўшы ўверх рукі, павярнуўшыся направа, павярнуўшыся налева. Вас павінна насцярожыць: несіметрычнасць малочных залоз (форма, памер, узровень размяшчэння), наяўнасць язваў, зацвярдзенняў, змяненняў колеру, уцягванняў, участкаў з “гусінай скурай”. Пасля агляду правядзіце пальпацыю малочных залоз. Для гэтага прыміце гарызантальнае становішча, пад лапатку з таго боку залозы, што абследуецца, пакладзіце падушачку, руку ж з гэтага боку пакладзіце пад галаву. Пальцамі супрацьлеглай рукі, лёгкімі кругавымі рухамі пашчупайце малочную залозу і падмышачную яміну. У норме не павінна быць ніякіх ушчыльненняў. Ну, а калі вы ў нечым сумняваецеся, абавязкова трэба звярнуцца да гінеколага ці анколага.
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.

НА ЗАМЕТКУ.
З мэтай прафілактыкі мастапатыі неабходна прытрымлівацца трох правілаў:
1. Раз у месяц прашчупвайце грудзі: большасць пухлін малочнай залозы выяўляюцца пры самаабследаванні. Рэгулярна праводзіць самаабследаванне малочных залоз неабходна з 14-15-летняга ўзросту. Абследаванне лепш праводзіць у адзін і той жа дзень менструальнага цыклу, бо на працягу месяца адбываюцца змяненні памеру і структуры грудзей. Прыступаючы да самаабследавання, жанчына павінна супакоіцца і расслабіцца. Адносіцца да самаабследавання трэба, як да звычайнай гігіенічнай працэдуры.
2. Раз у год паказвайцеся ўрачу-мамолагу.
3. Своечасова лячыце ўсе захворванні, асабліва гінекалагічныя (абавязкова наведвайце гінеколага хаця б раз у год).
НА ЗДЫМКУ: загадчыца акушэрска-гінекалагічнага кабінета паліклінікі Таісія ЧУЙКО.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.mitsubishi.niko.ua

progressive.ua

adulttorrent.org