…Хто шчаслівы ў сябе дома

Хто мы без сям’і? Птушка без гнязда. Сям’я – наша апора, надзея, наша крэпасць, наша прыстань, наш цёплы і ўтульны ачаг, куды нам заўсёды хочацца вяртацца. Тут цябе зразумеюць, падтрымаюць, тут з табой падзеляць радасць, бяду. Сям’я – наша багацце. Сям’я – наша шчасце. Нездарма гаворыцца, што шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома.
Пазнаёміўшыся з сем’ямі Алены і Сяргея Люльковічаў з Хаціслава, Надзеі і Валерыя Швайко з Чарнян, Камілы і Руслана Сцепанюкоў з Маларыты, якія прымалі ўдзел у святочным агеньчыку, што праходзіў у ГДК напярэдадні Дня сям’і, можна з упэўненасцю сказаць, што гэтыя людзі шчаслівыя ў сябе дома. У іх растуць здаровенькія, разумненькія, таленавітыя прыгожыя дзеткі, а што яшчэ больш патрэбна для шчасця. Дарэчы, усе названыя сем’і – мнагадзетныя. А яны, як правіла, дружныя і згуртаваныя. У гэтым лішні раз пераконваўся, калі бацькі і дзеці адстойвалі гонар сваёй сям’і ў розных конкурсах, гэта пацвярджалі і жыццёвыя дэвізы кожнай сям’і: “Мы ўсе такія розныя, але мы адна сям’я”, “Наш дэвіз – наша дружная сям’я”.
Конкурс “Калейдаскоп талентаў” стаў доказам таго, што ў кожнай сям’і ёсць свае адметныя таленты. І гэта не толькі ўменне шыць ці вышываць, вязаць кручком, займацца разьбой па дрэве, але і здольнасці артыстаў, музыкантаў, танцораў.
А як па-мастацку ўмеюць ва ўсіх сем’ях рыхтаваць кулінарныя стравы, якой багатай фантазіяй валодаюць пры афармленні іх, у чым яскрава пераканаў конкурс “Кулінарнае мастацтва”.
А як мудра выходзілі захавальніцы гэтых сямейных ачагоў з крытычных і неардынарных сітуацый, з якой разважлівасцю і як тактоўна ўладкоўвалі ці папярэджвалі “канфлікты” ў сваіх сем’ях; як беспраблемна спраўляліся з жаночымі аба­вязкамі баць­кі, калі ім самім трэба было і касу дачцэ за­плесці, і сыну да сарочкі гузік прышыць, і спавіць малое.
Вольга Табачкоўская, вядучая праграмы, так удала распрацавала сцэнарый, што гледачы мелі магчымасць знаёміцца не толькі з маладымі сем’ямі-канкурсантамі, але і паслухаць парады вопытных бацькоў і маці, якія выгадавалі ўласных дзя­цей, даўно маюць унукаў. У ліку такіх ганаровых гасцей былі на свяце Людміла Ада­маўна Гумінская і Антаніна Сцяпанаўна Пішчык. Многія з нас, хто рэгістраваў свой шлюб у Маларыцкім аддзеле ЗАГС, напэўна, і сёння памятаюць іх цёплыя і шчырыя словы наказу, які яны даюць кожнай маладой пары, што бярэ шлюб. Трэба сказаць, што ў сем’ях гэтых жанчын заўсёды панавалі самыя цёплыя адносіны, яны даражылі імем жонкі, маці, бабулі.
Было што сказаць і адной з уладальнікаў ордэна Маці Галіне Валошчык, якая ра­зам з мужам гадуе пяцёра дзяцей. Даўно ведаю гэтую сям’ю і не перастаю захапляцца цудоўнымі дзеткамі Валошчыкаў. Бацькі выхоў­ваюць іх па такому прынцыпу: не важна, кім дзеці будуць, — галоўнае, каб яны выраслі Людзьмі, каб бацькам ніколі не было сорамна за іх.
Арганізатары свята, а гэта раённы тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, разам з галоўным спонсарам Ула­дзімірам Талашкам за­ахвоцілі ўсе тры сям’і, якія былі прызнаны пераможцамі ў розных намінацыях. Падарункі ім уручыў дырэктар Цэнтра Мікалай Мішчанка. А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ГДК дарылі ім свае песні.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: сем’і-ўдзельніцы святочнага агеньчыка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


дизайн под ключ

http://babyforyou.org

pofar.com.ua/posuda/servizy/