Сяргей Славянскі — “артыст з Беларусі”

30 красавіка 2014 г. у Маларыце з эстраднай праграмай выступіць беларускі выканаўца Сяргей Славянскі. Ён ахвотна згадзіўся даць інтэрв’ю газеце
“”.

— Сяргей, вы сталі новым трэндам для Беларусі, на вашых канцэртах часта аншлагі, даеце дадатковыя канцэрты і вас часта блытаюць з расійскім выканаўцам.
— Дзякуй за такі гучны камплімент! Мне вельмі прыемна, калі мяне прымаюць за расійскага выканаўцу, а калі даведваюцца, што я беларус, шчыра здзіўляюцца і захапляюцца. Але я не кажу, што я беларускі выканаўца, а кажу: я артыст з Беларусі. І ў гэтым бачу розніцу. Так, гастралюю не толькі па Беларусі. Зусім нядаўна прайшлі мае канцэрты з вялікім поспехам у Латвіі.
— Вы паспяхова ўліліся ў шоу-бізнес?
— Не адношу сябе да беларускага шоу-бізнесу. Мне і слова само не падабаецца, і не падабаецца ўсё, што з ім звязана. Мяне нельга сустрэць на якой-небудзь тусоўцы, калі гэта і здараецца, то вельмі рэдка. Чаму? Там няма ніякай шчырасці. Я проста эстрадны выканаўца, які адданы і з вялікай любоўю служыць свайму слухачу і гледачу.
— Вас не песцяць тэлебачанне і радыё, а песні вашы любяць і спяваюць. Чым гэта растлумачыце?
— Народ не падкупіш… Хіба можна прымусіць мужчыну, нават за грошы, слухаць некалькі разоў запар песню “Жонка”, пры гэтым яшчэ спяваць і танцаваць? Не “Песня года”, не “Залаты грамафон” раскруцілі яе і зрабілі хітовай, а менавіта людзі. Яна атрымала народнае прызнанне. А з нагоды тэлебачання вы маеце рацыю. Але я заўжды ў мінусах знаходжу і плюсы. Дэфіцыт заўсёды цікавей. Чаму сёння на вагу золата кадры з тым жа Высоцкім ці Кругам? Таму што іх практычна няма. А калі цябе ўсюды шмат, і твае канцэрты паказваюць на кожным тэлеканале, рэдка хто пойдзе і купіць білет на тваё выступленне. Бо ўсё можна пабачыць па тэлевізары. Хаця мае кліпы круцяць у краінах Балтыі, Расіі, на Украіне. Таму мяне можна ўбачыць у любым кутку зямнога шара (смяецца).
— Вас можна смела назваць артыстам, якога выбраў народ. Ці адчуваеце зайздрасць з боку калег?
— Яна ёсць, падчас ставяць “падножкі”. Але дзякуючы гэтаму, мне хочацца стаць мацнейшым і мудрэйшым. Ніколі не апускаюся да ўзроўню, каб некага зняважыць, гаварыць дрэнныя словы дзеля сваёй славы. Заўжды сумленны перад сваімі гледачамі, калегамі, перад сабой.
— Сяргей, якімі якасцямі павінен валодаць артыст, каб быць паспяховым? Ці змяніліся крытэрыі за апошнія гады?
— Умення спяваць сёння мала. Цяпер час універсальных артыстаў. Трэба быць і акцёрам, і вядучым, мець хітовую песню, якая дапаможа тваёй папулярнасці.
— Вы, відаць, можаце пралічыць хіт і напісаць яго?
— Будзе няправільным сказаць “пралічыць”. Песню “Жонка” напісаў ранкам у ложку, мне спатрэбілася некалькі хвілін, каб занесці словы ў камп’ютар. Хіба, прачнуўшыся, мог я пралічыць, што гэта будзе хіт? Не. Праўда, калі пачаў рабіць аранжыроўку, я кайфаваў, думаў, што песня спадабаецца многім. Але не быў упэўнены, што яна прынясе мне вядомасць.
— Што значыць для вас быць эстраднай зоркай?
— У першую чаргу – заставацца чалавекам, любіць, паважаць гледача, баць сумленным і шчырым у прафесіі. Выходзіць на сцэну ахайным і ў касцюме. Не ўзнімаць сябе вышэй за іншых. Я наогул стараюся з першых хвілін свайго выступлення выклікаць у публікі разуменне, што я “ў дошку свой”. Высакамернасць і зорную хваробу не прымаю і з пагардай адношуся да такіх артыстаў.
— Ці зносіцеся вы са сваімі прыхільнікамі ў сацыяльных сетках?
— Вядома, зайшоўшы на мой сайт, можна ўбачыць, у якіх сетках я ёсць. Пішуць мне з розных куткоў постсавецкай прасторы, Ізраіля, Германіі.
— Адказваеце ўсім?
— Практычна, так! За выключэннем: “Прывітанне! Як справы? Чым займаецеся?”. Такія пытанні не для артыстаў, на іх няма ні часу, ні жадання адказваць.
— Сяргей, чым парадуеце маларытчан?
— Прыеду да вас з новай праграмай “Каханне на біс”. Вядома, канцэрт не абыдзецца без такіх песень, як “Жонка”, “Алёнушка”, якія даўно палюбілі. Прадстаўлю прэм’еру адной песні. Будзем зносіцца ў працэсе канцэрта. Карыстаючыся такой магчымасцю, хачу запрасіць жыхароў Маларыты на свой сольны канцэрт, які адбудзецца 30 красавіка ў 18.00 у гарадскім Доме культуры. Прыходзьце, з радасцю чакаю сустрэчы. Яшчэ хачу падзякаваць вашаму цудоўнаму калектыву газеты “”, усім яе чытачам і людзям, якія слухаюць мае песні, вераць у мяне. Жадаю ўсім здароўя, дабрабыту, вечнай вясны ў душы. Не глядзіце назад, ідзіце толькі наперад, і няхай вам па жыцці спадарожнічае ўдача. Будзьце шчаслівыя!
Вольга УЛАДЗІМІРАВА.
НА ЗДЫМКУ: Сяргей СЛАВЯНСКІ.

Опубликовано в «ГЧ» 9.04.2014 г. 

Добавить комментарий


https://seotexts.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!