Людзі на балоце

З 16 фермерскіх гаспадарак, якія зарэгістраваны на Маларытчыне, “Сёмуха-Агра” , бадай, самая маладая.

На карце Маларытчыны яна з’явілася два гады таму. Менавіта тады на ўскрайку вёскі Макраны Аляксандру Жамойціну для гаспадарання (асноўным відам дзейнасці з’яўляецца раслінаводства ў спалучэнні з жывёлагадоўляй) было выдзелена 17 гектараў зямлі. Значная частка ўчастка больш напамінала балота, зарослае хмызняком і чаротам. Гэта, праўда, не спалохала маладога фермера. Дарэчы, педагога-гісторыка па адукацыі. Параіўшыся з бацькам, які мае багаты вопыт работы ў сельскай гаспадарцы, вырашылі: на балоце будуць расці дурніцы (голубика — русск.): ягада не проста смачная, але і карысная. Тым больш, што і глеба для іх тут самая прыдатная. Ну а на прыгоднай для вырошчвання сельгаскультур зямлі — збожжавыя і памідоры. На гэтым і сышліся…
А ў пачатку красавіка сёлета, папярэдне дамовіўшыся з гаспадаром, мы наведаліся ў фермерскую гаспадарку “Сёмуха-Агра”. Убачанае на нядаўна яшчэ забалочаным участку прыемна ўразіла. На пагорку (па ўсім бачна было, што створаны ён з дапамогай завезенай зямлі) – узведзены прыгожы дыхтоўны дом. Побач з ім высаджаны маладыя яблынькі, з другога боку — размясціліся кусты маліны, дурніц і некалькі радкоў клубніц для развядзення. Сілікатныя блокі, выгружаныя ля дома, сведчылі пра тое, што будаўніцтва тут яшчэ не завершана.
Гаспадара фермерскай гаспадаркі Аляксандра Жамойціна разам з бацькам Славамірам Баляслававічам знайшлі ў адной з цяпліц – іх тут узведзена дзве.
— У адной будзем вырошчваць расаду таматаў, якія пазней высадзім у адкрыты грунт, вось на тым участку, — гаворыць фермер, паказваючы рукой на ўзвышша за неразаранай поўнасцю нізінай (тэхніка тут пакуль яшчэ грузне), — а ў другой – спецыяльныя цяплічныя памідоры. У пацвярджэнне сваіх слоў Аляксандр прапануе зайсці ў цяпліцу і паглядзець, што тут і сапраўды ўсё гатова для высявання насення таматаў на расаду.
— А вадаём самі выкапалі? – паказваю на невялікае штучнае возера, якое размясцілася за цяпліцамі. – І навошта ён фермеру?
— Вадаём памерам 100 на 40 метраў выкапалі самі. Летась яго зарыбілі, для падкормкі рыб пасеялі трыцікале, засталося толькі добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол, — адказвае гаспадар. — І, калі ласка, прыязджайце на рыбалку. Хоць пасядзець з вудай тут можна і сёння.
З далейшай размовы з бацькам і сынам Жамойцінымі даведваемся, што, акрамя вядзення фермерскай гаспадаркі, яны плануюць стварыць на ўскрайку Макран аграсядзібу. Для гэтага і пабудавалі за ўласныя сродкі дом, які разлічаны на 8 чалавек. Акрамя 2 прасторных пакояў для пражывання, тут ёсць хол-кухня, душавыя кабінкі, туалет. А яшчэ – вялікая адкрытая веранда, на якой можна пасядзець за шашлыкамі ці проста паслухаць спевы лясных птушак. Электрычнасць сюды падведзена ўжо, засталося толькі шпалеры паклеіць, абставіць дом мэбляй і можна прымаць гасцей. Дарэчы, у цяпліцы, сад, вадаём таксама ўкладзены ўласныя сродкі сям’і.
Ды толькі на гэтым будаўнічыя работы не завершацца. Сёлета тут будзе ўзведзена яшчэ і лазня. Менавіта на яе будаўніцтва на ўчастак побач з домам дастаўлены блокі. У перспектыве фермерская гаспадарка плануе вырошчваць жывёлу і птушку.
— А яшчэ ў невялікай колькасці гародніну, бульбу, кроп, пятрушку, — дзеляцца планамі Жамойціны. — Спадзяемся, што ўсё гэта будзе запатрабавана і даспадобы тым, хто вырашыць адпачыць ці правесці водпуск на нашай аграсядзібе.
Для апрацоўкі зямлі ў фермерскай гаспадарцы ёсць свой МТЗ, але яго магутнасці недастаткова для выканання ўсіх работ. Таму некаторыя агрэгаты, а таксама арганіку выпісваюць у мясцовым СВК. У астатнім пакуль спраўляюцца сям’ёй. Што тычыцца перспектывы, то, па словах Аляксандра Жамойціна, праблем з рабочай сілай не будзе. На ўборку таматаў будуць прыцягваць мясцовых жыхароў, якія ўжо цікавіліся наконт працы ў фермера.
Развітваючыся з гаспадаром фермерскай гаспадаркі, мы пажадалі яму поспехаў. Магчыма, з настаўніка гісторыі сапраўды атрымаецца гаспадар. Тым больш, што гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі з педагогаў атрымліваліся выдатныя кіраўнікі сельскай гаспадаркі. Адзін з іх – Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Кудзінаў, які ўзначальваў у свой час адну з лепшых гаспадарак Пружанскага раёна. А ў Аляксандра Жамойціна яшчэ і падтрымка добрая ёсць у асобе бацькі.
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: у фермерскай гаспадарцы “Сёмуха-Агра”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 12.04.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий