Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сарока правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна. Ніжэй – рэпартаж з яе.

Алена Андрэеўна Палівода, г. Маларыта:
— На вуліцы Кастрычніцкай паміж домам №18 і гандлёвымі павільёнчыкамі стаіць старое аварыйнае дрэва. Мы будуем новую агароджу, яно перашкаджае, там вадзіцелі ўжо і стаянку для аўтамабіляў зрабілі. Звяртаюся з просьбай пасадзейнічаць зрэзаць яго.
— Так, канкрэтна наконт дрэва не магу нічога сказаць. Трэба абследаваць яго. Зялёныя насаджэнні, як Вы, напэўна, ведаеце, ахоўваюцца ў нас законам. Даручу адпаведным службам, у прыватнасці, спецыялістам па ахове прыроды, камунальнікам, праверыць сітуацыю, правесці абследаванне. Тады Вы атрымаеце адказ.
Марыя Іванаўна Талако, в. Замшаны:
— У нас, Віктар Раманавіч, праблема з дарогай, а дакладней, з часткай вуліцы ў канцы вёскі. Дзесьці 600 метраў яе не пакрыта асфальтам, дарога вельмі дрэнная, разбітая. Ці плануецца там рамонт?
— Адразу скажу, паважаная Марыя Іванаўна, што не. Ні на сёлетні год, ні на наступны асфальтаванне не запланавана з-за адсутнасці фінансавых сродкаў. Цяпер нават пры ўзвядзенні новага жылля будуецца толькі гравійная, але не асфальтаваная дарога. Мабыць, і будзем спадзявацца на гэта, у новай пяцігодцы сітуацыя зменіцца да лепшага.
Валянціна Мікалаеўна Мірчук, в. Мельнікі, вул. Інтэрнацыя­нальная, 36:
— На вуліцы Юбілейнай у нас калісьці быў так званы армянскі асфальт, цяпер ад яго амаль нічога не засталося, там вялікая ямачнасць, веласіпедам нельга праехаць, а пра машыну і гаварыць не варта. Жыхары гэтай вуліцы не павінны быць пакрыўджанымі. Мы не патрабуем асфальтавага рамонту. Ведаем, што гэта цяпер вельмі дорага. Мабыць, падсыпку якую-небудзь зрабіць трэба, каб лягчэй можна было дабірацца на работу?
— Гэтая дарога знаходзіцца на балансе Маларыцкага ДРБУ-179. Вашу просьбу бяру на кантроль. Разам з кіраўніцтвам арганізацыі мы прадумаем, як можна палепшыць тут сітуацыю, зрабіць магчымы рамонт.
Сцяпан Завадскі, г. Маларыта, вул. Вясенняя, 23:
— Па-першае, Віктар Раманавіч, пачну не з пытання, а з падзякі. Думаю, што яе трэба аб’явіць нашым камунальнікам за навядзенне санітарнага парадку ў горадзе. Яны ў гэтым плане многа робяць: своечасова прыбіраюць смецце, наводзяць парадак і ля шматкватэрных дамоў, і на вуліцах. А пытанне такое: на многіх гарадскіх вуліцах яшчэ нямала ямак, выбоін. Мяне як вадзіцеля гэта вельмі хвалюе. Што запланавана на бліжэйшы час у такім накірунку?
— Сітуацыя, хачу Вам сказаць, у бліжэйшыя дні павінна паправіцца. У Маларыцкім ДРБУ-179 нядаўна набылі дарагую спецыяльную машыну для правядзення ямачных рамонтаў. Яна працуе. І я думаю, што пытанне ямак на гарадскіх вуліцах мы хутка закрыем.
Кацярына Іванаўна Пугач, г. Маларыта, вул. Лермантава, д. 5/1:
— Віктар Раманавіч, Вы ведаеце, які кантынгент жыве ў нашым доме: у асноўным старыя, хворыя людзі. Як нам добра было, калі побач працаваў магазін “Шчодры”. Па нейкіх прычынах ён цяпер закрыты. Чамусьці закрыты і яшчэ адзін магазін на рынку, дзе мы таксама атаварваліся. Ці будзе працаваць “Шчодры” і калі?
— У красавіку магазін павінны адкрыць зноў.
Вера Герасімаўна Раманюк, г. Маларыта:
— Чаму адключылі ацяпленне? Ноччу яшчэ прахладна ў пакоях.
— Ёсць адпаведны тэмпературны графік. Згодна з ім, калі сярэднясутачная тэмпература на вуліцы вышэй за 10-12 градусаў, цяпло ў сістэму не падаецца. Калі ніжэй за гэты ўзровень – дзейнічае рэжым прапальвання. Такі графік дзейнічае, зазначу, толькі ў ацяпляльны перыяд.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Віктар САРОКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 16.04.2014 г.

Добавить комментарий


заказ воды на дом

https://velotime.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!