Пад прыцэлам увагі

Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, якое прайшло пад старшынствам Вадзіма Шпетнага, пачалося з разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Акрамя таго, на парадку дня былі пытанні адказнасці дарослых за ўтрыманне і выхаванне сваіх дзяцей, адказнасці саміх падлеткаў за свае супрацьпраўныя ўчынкі. Адным словам, зноў і зноў абмяркоўваліся складаныя праблемы ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей…
Эх, пракачуся...
Ці задумваўся, сядаючы за руль аўтамабіля, 17-гадовы Максім М., які пакуль яшчэ не атрымаў вадзіцельскіх правоў, што яго ўчынак супрацьпраўны? Напэўна — не. Сяброўка, як распавядаў ён, дазволіла пракаціцца на сваім аўто. Не паспела машына далёка ад’ехаць, як спынілі яе дзяржаўтаінспектары. І склалі пратакол. Жаданне паспрабаваць сябе ў ролі вадзіцеля вылілася для юнака ў штраф у 5 базавых велічынь. Гэта мінімальная сума пакарання для тых, хто лічыць, што для ўдзелу ў дарожным руху дастаткова навучыцца ўпраўляць транспартным сродкам, а дакумент на права кіравання ім можна атрымаць і пазней.
А вось Віктару С., які таксама быў выкліканы на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, першы ўрок пакарання не пайшоў на карысць. Другі раз затрымалі яго інспектары за кіраванне матацыклам без вадзіцельскіх правоў. Прычым гэта было не адзінае парушэнне. Дзяржаўтаінспектары склалі адразу чатыры пратаколы, бо юнак ехаў на матацыкле без шлема, яго транспартны сродак быў незарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, не быў аформлены дагавор страхавання. У выніку штраф – 10 базавых велічынь.
Штраф, вядома ж, не самая дарагая плата за ігнараванне правіламі дарожнага руху. Так, ён б’е па кашальку самога падлетка, калі той працуе, ці бацькоў, калі іх “дзіця” яшчэ вучыцца, забірае грошы ў сям’і, як у выпадку з Віктарам С., які ў свае 17 гадоў ужо мае маладую жонку. Але горш за ўсё тое, што нявопытнасць вадзіцеляў, якія не атрымалі належных ведаў і дакумента на права кіравання транспартам, ігнараванне нормамі бяспекі на дарозе нярэдка прыводзяць да аварый. І ніякія грошы тады ўжо не вернуць здароўе і жыццё.
Штогод з надыходам цяпла, як адзначаюць дзярж­аўтаінспектары, павялічваецца колькасць дарожна-транспарт­ных здарэнняў з удзелам матацыклістаў, мапедыстаў і веласіпедыстаў. І часцей за ўсё гэтыя аварыі здараюцца з-за ігнаравання самымі элементарнымі правіламі паводзін на дарозе. А яшчэ з-за таго, што за руль транспартнага сродку сядаюць падлеткі, якія любяць хуткасць і рызыку, але не маюць вопыту. Своечасова спыніць і папярэдзіць бяду — і ёсць задача дарослых.

Работа над памылкамі
Бывае, усяго жыцця не хапае чалавеку, каб асэнсаваць, што ён ідзе не па той сцежцы. Але здараецца і так, што ў адзін момант ўсё змяняецца, бо прыходзіць разуменне нікчэмнасці будучага без сваіх дзяцей.
Дзеці, дзяцінства якіх пра­ходзіць у поўнай, шчаслівай сям’і, не ведаюць, як можа быць так, каб у доме не было ежы, каб бялізна ў іх ложку была шэрай ад бруду, каб замест ласкавага слова і казкі перад сном даводзілася накрывацца з галавою коўдрай, каб не чуць крыкаў п’янай кампаніі. А вось для дзесяцігадовай Ангеліны і дзевяцігадовага Вані ўсё гэта добра знаёма з малых гадоў. Калі ў сям’і выявіліся сур’ёзныя праблемы, звязаныя з п’янствам таты і мамы, многія службы забілі трывогу, і бацькоў узялі пад пастаянны кантроль. У першыя паўгода, калі сям’я знаходзілася на ўліку як сацыяльна-небяспечная, змяненняў да лепшага не адбылося. Прайшло яшчэ паўгода, а ў доме так нічога і не наладзілася, бацькі страцілі работу, цалкам забылі пра свае бацькоўскія абавязкі. Тады рашэннем камісіі па справах непаўналетніх было прызнана, што дзяцей, якім патрэбна абарона, трэба забраць з сям’і. Бацькоў ім на пэўны час замяніла бабуля. З таго часу мінула пяць месяцаў. Напэўна, зразумеўшы, што дзяржава не жартуе і ў хуткім часе, калі нічога не змяніць, іх дзеці апынуцца ў інтэрнаце, а ім, біялагічным бацькам, давядзецца ўсё жыццё вяртаць сродкі за выхаванне сваіх дзяцей, яны пачалі папраўляць свае паводзіны. У доме быў наведзены парадак, бацькі ўладкаваліся працаваць і, як сцвярджаюць, цяпер ужо “завязалі” з выпіўкай. І вось на чарговым пасяджэнні камісіі, нарэшце, пачулі: “Мы вернем вам дзяцей, але памятайце, што такі шанц у вас толькі адзін”.
Нехта вучыцца на чужых памылках. Нехта на сваіх. А іншых, як паказвае жыццё, ужо нічога не вучыць. Наталля, трое дзяцей якой часова знаходзяцца ў прыёмнай сям’і, на пасяджэнне камісіі так і не прыйшла. Лёс трынаццацігадовага сына і дзвюх маленькіх дачушак яе не хвалюе. А вось бацька прыйшоў, прычым з намерам вярнуць сваіх дзяцей, выхоўваць якіх дапаможа яму яго маці. Дзецям, і гэта кожны разумее, як бы ні было ўтульна і добра ў прыёмнай сям’і, лепш быць побач з роднымі людзьмі.
Яшчэ не адна сумная жыццёвая гісторыя раскрывалася ў час пасяджэння. У адной сям’і бяда – непаўналетняя дачка, здавалася б, звычайнае і спакойнае дзіця, час ад часу пакідае дом, бадзяжнічае, а вяртаючыся дамоў, зноў абяцае быць паслухмянай. У другой сям’і маці ніяк не можа пазбавіцца алкагольнай залежнасці, і дачка-падлетак нярэдка застаецца дома адна, без клопату, увагі і сродкаў для існавання. Колькі іх, нешчаслівых лёсаў… На жаль, не так проста знайсці “лекі”, каб дапамагчы кожнаму.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 16.04.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.buysteroids.in.ua

avrora-trans.com

avrora-trans.com/services/oversized_transportation/Yachts_boats_buses