ДЛЯ РЭАЛІЗАЦЫІ ЗДОЛЬНАСЦЕЙ

 

Клуб “Крок насустрач”, які працуе пры раённым тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вось ужо 5 гадоў і пра які не раз пісала наша газета, даказаў скептыкам, што абмежаваныя магчымасці чалавека не ёсць абмежаваныя творчыя здольнасці яго.
А  адкрыццё ў Цэнтры аддзялен­ня дзённага знаходжання для маладых інвалідаў стала яшчэ адной прыступкай у рэалізацыі гэтых здольнасцей.
І калі ў “Школе зносін” з дапамогай псіхолага маладыя інваліды вучацца самым простым будзённым справам,  дык у “Творчай майстэрні” юнакі і дзяўчаты асвойваюць мастацтва ўпрыгожваць сваё жыллё. Яны з задавальненнем робяць сваімі рукамі сувеніры, пано.
А той, каго дэкаратыўна-прык­ладное мастацтва мала цікавіць, вучаца азам работы на камп’ютэры. У аддзяленні дзённага знахо­джання плануюць адкрыць студыю, у якой маладыя інваліды змогуць рабіць відэаролікі, фотакалажы сацыяльнай праблематыкі.
“Тэатр асаблівых людзей” – так назвалі ў аддзяленні гурток тэатральнага майстэрства. З рознымі пастаноўкамі ён не аднойчы выступаў у час дабрачынных акцый, якія праводзіў тэрытарыяльны Цэнтр у горадзе. У многіх маладых людзей, як дзялілася ў размове загадчыца аддзялення Юлія Крэнь, праявіліся артыстычныя здольнасці. Выступаючы з пастаноўкамі, яны сталі больш адкрытымі, актыўнымі і рашучымі.
Між   іншым, пра работу аддзялення, як і пра кожнага з яго наведвальнікаў, загадчыца можа расказваць шмат цікавага, бо менавіта пры яе непасрэдным удзеле раскрываюцца іх здольнасці. Так,Соня Ігнацюк, якая прыязджае на заняткі ў Цэнтр са Збуража, не толькі артыстычна выконвае тэатральныя ролі, але цяпер ужо і спявае, Каця Крэмянная вельмі любіць маляваць, Андрэй Кацёл робіць прыгожыя сувеніры, Святлана Завадская з Асавой вельмі карпатліва працуе над кожнай з дэталяў  для пано.
Разам з работнікамі тэрытарыяльнага Цэнтра маладыя людзі неаднойчы пабывалі на розных мерапрыемствах: канцэртах, выстаўках, экскурсіях.
Адным з накірункаў работы аддзялення з’яўляецца садзейнічанне ў працаўладкаванні інвалідаў. У план работы па працоўнай тэрапіі ўключаны заняткі па асновах працоўных і прафесійных адносін, наладжана цесная ўзаемасувязь са службай занятасці, запланаваны экскурсіі у розныя арганізацыі і прадпрыемствы. Калі ўсё задуманае ажыццёвіцца, у аддзяленні пачне працаваць гурток “За кулісамі тэатра”, на занятках якога маладыя людзі будуць шыць тэатральныя касцюмы і вырабляць дэкарацыі для тэатральных пастановак, а ў “Працоўнай майстэрні” – шыць пасцельную бялізну, халаты для сацыяльных работнікаў.
Плануюць у аддзяленні пра­во­дзіць і спартыўную тэрапію (гімнастыка, рытміка, танцы, заняткі на спартыўных трэнажорах), што дасць магчымасць маладым інвалідам з Маларыты ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Свае шматлікія задачы разам вырашаюць усе спецыялісты Цэнтра, бо іх аб’ядноўвае агульная мэта – дапамагчы і падтрымаць людзей, якія сутыкнуліся ў жыцці з невырашальнай праблемай – інваліднасцю, даць  ім магчымасць паверыць у вялікую чалавечую дабрыню, у тое, што яны ў гэтым вялікім свеце не адзінокія.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час заняткаў аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў.
Фота Юліі КРЭНЬ.

Добавить комментарий


>www.medicaments-24.com<

Этот важный веб портал на тематику эко оплодотворение.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!