Зламаная прыгажосць

З Вольгай Ніканчук, майстрам участка добраўпарадкавання Маларыцкай ЖКГ, мы стаім на вуліцы Савецкай паблізу магазіна “Вкусландия”. Вольга Мікалаеўна са шкадаваннем у голасе і жалем расказвае пра чарговыя начныя налёты кветкавых варвараў. Яна паказвае на клумбы, дзе хтосьці за ноч зламаў цюльпаны, а некаторыя і павырываў з карэннем.
— Мінулай восенню ў скверы ля раённай бібліятэкі, памятнага знака ля чыгуначнага пераезду на вуліцы Леніна, а таксама на вуліцы Савецкай (раён магазіна “Вкусландия” – гарадская плошча), ля помніка ў скверы ў канцы Савецкай на скрыжаванні дарог на Олтуш і Збураж і на гарадской плошчы мы высадзілі 2 тысячы штук цюльпанаў бардзюрных трох гатункаў, — гаворыць Вольга Ніканчук. – Затрачаны немалыя грашовыя сродкі, каб у горадзе стварыць невялічкія аазісы прыгажосці. Цюльпаны бардзюрныя радуюць вока амаль на працягу цэлага месяца. З першымі цёплымі сонечнымі промнямі яны нядаўна расквецілі райцэнтр. Аднак камусьці такая прыгажосць не падабаецца. Па-варварску нішчыцца тое, што створана працай рук іншых людзей. На вялікі жаль, гэтая негатыўная з’ява традыцыйна паўтараецца штогод. Мы не ведаем, хто псуе кветкі і па якой прычыне.
— Маларыта – наш агульны дом, — кажа Людміла Кучма, якая праходзіла міма. – Парадак, чысціня і гасціннасць залежаць выключна ад нас саміх і ствараюцца намі ж. У райцэнтры многа бывае гасцей. Сорамна робіцца ад злачынных, дзікунскіх учынкаў некаторых гараджан у адносінах да кветак на клумбах. Думаецца, што гэта сведчаць пра адпаведны культурны ўзровень, духоўныя запыты некаторых маларытчан.
Я таксама звярнула ўвагу на павырываныя кветкі. Шкада, што такое можна назіраць яшчэ ў нас. Учынкі тых, хто гэта робіць, з пункту гледжання цвярозай логікі і здаровага сэнсу растлумачыць ніяк нельга, як і апраўдаць. Кветкавых шкоднікаў неабходна знаходзіць і прыцягваць да адказнасці. Беспакаранасць з’яўляецца дрэнным прыкладам. Псаванне прыгажосці на вуліцах горада — гэта зло, з якім неабходна змагацца рашуча і ўсім разам.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: цюльпанавая прыгажосць на гарадской плошчы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 16.04.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.