Творчасць — спадарожніца па жыцці

На нашу сустрэчу Ганна Іванаўна Свірыдава прыхапіла з сабою некалькі дзясяткаў фотаздымкаў. Чорна-белыя, некаторыя з якіх ад часу паспелі пажаўцець, і сучасныя, каляровыя, яны, можна сказаць, з’яўляюцца яркім фоталетапісам яе пераплеценага з творчасцю жыцця. На адным яна дэкламуе са сцэны патрыятычны верш, на другім іграе ў спектаклі ролю паненкі, на трэцім спявае ў хоры, на чацвёртым кружыцца ў танцы…
— Маё жыццё, дзе б я ні працавала, заўжды так ці інакш было звязана са сцэнай, — пачынае свой аўтабіяграфічны расказ мая субяседніца.
З маленства Ганна Іванаўна хацела стаць артысткаю. Як і ўсе яе равеснікі збірала фотаздымкі артыстаў і таемна марыла, што калі-небудзь выйдзе на сцэну. Але з малых гадоў дзяўчынка прывыкла быць рэалісткай. Яна разумела, што ў вялікай сям’і, дзе было дзесяць дзяцей, магчымасці даць дачцэ вышэйшую адукацыю, тым больш тэатральную, у бацькоў не будзе. Таму пасля заканчэння васьмігодкі пайшла працаваць. Прафесію прадаўца парэкамендавалі ёй у райкаме камсамола, там добра ведалі Ганну, як актывістку. І ўсё ж некалькі крокаў да здзяйснення сваёй “ружовай” мары Ганна Іванаўна зрабіла. Малады прадавец кніжнага магазіна пачала прымаць актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Яна смела выходзіла на сцэну і чытала вершы, байкі, спявала і нават атрымала ролю ў спектаклі драматычнага тэатра, які дзейнічаў пры мясцовым Доме культуры.
Аднойчы Ганне Іванаўне прапанавалі паехаць у Мінск на курсы кіраўнікоў самадзейнасці, якія праводзіліся пры Доме народнай творчасці. Яна з радасцю згадзілася. У той час дзяўчына паверыла, што хоць часткова, але пачынае здзяйсняцца яе мара. Пасля вучобы Ганну чакала ўжо новае месца работы – інструктарам у Доме культуры. З гэтага моманту пачалося яе прафесійнае жыццё на сцэне. Тут жа, за кулісамі мясцовага драматычнага тэатра, неўзабаве сустрэла яна і сваё каханне. Уладзімір, будучы муж Ганны Іванаўны, таксама вельмі любіў самадзейнасць, і яго ўзялі на адну з роляў у спектаклі. Тыя гады, калі ён і яна ра­зам былі на сцэне, Ганна Іванаўна ўспамінае з настальгіяй. Увогуле, маладая сям’я Свірыдавых была вельмі актыўнай. У Ганны Іванаўны за­хаваўся нават фота­здымак, на якім яны разам з мужам вясною 1967 года садзяць у Парку дружбы на мяжы з Украінай першае дрэва – бярозку.
Жыццё пераконвае: творчы, таленавіты чалавек заўжды знойдзе магчымасць рэалізаваць свае здольнасці. Калі мужа Ганны Іванаўны перавялі працаваць у Баранавічы, ёй давялося змяніць не толькі месца жыхарства, але і месца працы. Але дзе б ні працавала жанчына: і на абутковай фабрыцы, і ў гандлі, і на авіяцыйным прадпрыемстве, заўжды для яе знаходзіліся ролі ў мастацкай самадзейнасці. Яе ведалі ўсе як выдатную вядучую розных мерапрыемстваў і канцэртных праграм, як умелага чытальніка вершаў, як удзельніцу харавых і вакальных калектываў.
У 2009 годзе сям’я Свірыдавых прыехала назад у Маларыту. Калі муж цяжка захварэў, захацелася Ганне Іванаўне вярнуцца на радзіму, тым больш, што ў Маларыце жыла дачка, якая, рэалізоўваючы мару матулі, атрымала прафесію культработніка. Абжыўшыся крыху, Ганна Іванаўна зноў трапіла на сцэну. Яе запрасілі ў народны хор ветэранаў, які дзейнічае пры гарадскім Доме культуры. Выступленне гэтага калектыву яна бачыла не раз, таму ахвотна згадзілася прыйсці на рэпетыцыю і вельмі хутка ўлілася ў калектыў.
У пачатку сакавіка Ганна Іванаўна адзначыла 70-гадовы юбілей. Адрэзак жыцця ў сем дзесяцігоддзяў – немалы. Але і сёння застаецца жанчына ў душы аптымісткай. Як характарызуюць Ганну Іванаўну тыя, хто з ёй блізка знаёмы, яна чалавек вельмі энергічны, кантактны, эмацыянальны і эрудзіраваны. Ганна Свірыдава па-ранейшаму, як у маладосці, любіць сцэну. Яна пастаянная ўдзельніца ўсіх канцэртаў, дзе выступае хор ветэранаў. Ды і ў ролі вядучай пабыць не супраць. Жанчына сама падрыхтавала сцэнарый і правяла сустрэчу сваіх аднакласнікаў, якія пабачыліся праз 50 гадоў пасля заканчэння школы. І ў драматычным гуртку, калі б такі быў у гарадскім Доме культуры, як з пэўнай доляй гумару заўважае Ганна Іванаўна, яна б ахвотна выканала ролю добрай бабулі.
Між іншым, роля бабулі ў рэальным жыцці Ганне Іванаўне добра знаёмая. У жанчыны пяцёра ўнукаў. Галоўнае шчасце жанчыны, лічыць Ганна Іванаўна, — гэта калі яна нарадзіла і выгадавала дзяцей, і дзеці яе сталі сапраўднымі людзьмі, увабралі ў сябе ўсё лепшае, што старалася даць маці. У сваіх дзецях і ўнуках Ганна Іванаўна шчаслівая. Яна пастаралася, каб і сын, і дачка атрымалі вышэйшую адукацыю, якую не змагла атрымаць сама Ганна Іванаўна. І цяпер радуецца іх поспехам. Ды і сама радуе дзяцей і ўнукаў сваім аптымізмам, сваёй незгасальнай любоўю да творчасці.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: Ганна Свірыдава на сцэне і ў жыцці.
Фота аўтара і з сямейнага фотаархіва.

Опубликовано в «ГЧ» 23.04.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.