ПРЫШЧЭПКА – ЧАСТКА ЦЫВІЛІЗАЦЫІ

З 22 па 26 красавіка ў РБ праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі.
Якое значэнне мае імунізацыя насельніцтва, чаму не трэба адмаўляцца ад прышчэпак, наколькі важная іх своечасовасць? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае раённы педыятр Віталь Тычынскі.

— Віталь Адольфавіч, давайце напомнім чытачам спачатку пра імунную сістэму арганізма, за што яна адказвае, якія яе функцыі?
— Чалавек жыве ў непасрэдным кантакце з мікробамі, вірусамі, грыбкамі, якія імкнуцца пранікнуць у яго арганізм. Імунная сістэма – свайго роду аддзел унутраных спраў, які адказвае за яго бяспеку. Яе задача – абараніць арганізм ад умяшання як інфекцыйных агентаў, так і ад уласных змененых клетак (пухлінных, тых, якія старэюць). Проста кажучы, ад усяго, што можа быць небяспечным.
— Наколькі важнай з’яў­ляецца імунізацыя дзяцей?
— Яна абараняе іх ад некалькіх небяспечных захворванняў. Вельмі вялікая верагоднасць таго, што дзеці, якія не атрымалі прышчэпак, цяжка захварэюць, стануць інвалідамі і нават памруць.
— Сярод нас ёсць нямала праціўнікаў прышчэпак. У чым іх галоўныя аргументы, калі яны адмаўляюцца ад прышчэпкі?
— У тым, што прышчэпка, маўляў, можа даць нямала ўскладненняў. Гэта некарэктнае сцвярджэнне. Прышчэпка дае рэакцыю, напрыклад, пачырваненне, сверб, тэмпературу, якая можа пратрымацца дзень ці два. Але гэта не павінна нікога трывожыць. А вось ускладненні пры сучасных вакцынах бываюць зусім рэдка. Калі кажуць, што не трэба прышчэплівацца, гэта няправільна. Таму што перанесці тыя 10 інфекцый, ад якіх цяпер робяць прышчэпкі, не кожнае дзіця можа. Ды навошта ставіць яго пад такую небяспеку?
— Трэба, напэўна, зра­зу­мець, што прыш­чэп­­кі – гэта такая ж част­ка цывілізацыі, як аўта­мабіль, камп’ютары, со­та­­выя тэлефоны?
— Зусім правільнае параў­нанне. Многія ж кажуць, што такія сродкі цывілізацыі нядобра ўплываюць на здароўе, што аўтамабілі нярэдка забіраюць жыцці. Гэта ёсць і гэта праўда. Ёсць пэўныя выдаткі і ад пры­шчэпак. Аднак мы заўжды папярэджваем бацькоў у тым, што ўскладненні могуць узнікнуць 1 раз на 100 тысяч ці на 1 мільён насельніцтва. Так, мы залежым ад самалётаў і аўтамабіляў. Але ж ніхто не заклікае адмовіцца ад іх як ад патэнцыяльнай небяспекі. Праблема ў тым, каб самалёты менш падалі, аўтамабілі не траплялі ў аварыі, а прышчэпкі давалі менш ускладненняў.
— Віталь Адольфавіч, якія абмежаванні для чалавека могуць быць з-за адсутнасці прафі­лактычнай вакцы­нацыі?
— Яму могуць забараніць выехаць у краіну, знахо­джанне ў якой у адпаведнасці з міжнароднымі медыка-санітарнымі правіламі патра­буе канкрэтных прафілак­тычных прышчэпак. Могуць таксама часова адмовіць у прыёме ў адукацыйныя і аздараўленчыя ўстановы ў выпадку ўзнікнення масавых інфекцыйных захворванняў, могуць не прыняць на работу, калі няма прышчэпкі, а эпідэміялагічная сітуацыя неспрыяльная.
— Ад якіх хвароб праводзяцца прышчэпкі ў нас?
— Існуе каляндар прафі­лактычных прышчэпак, устаноўлены Міністэрствам аховы здароўя РБ. Згодна з ім, нованароджаным у першыя 12 гадзін жыцця, і дзецям ва ўзросце 1 і 5 месяцаў робяць прышчэпкі ад віруснага гепатыту В, нованароджаныя на 3-5 дзень жыцця і дзеці ва ўзросце 7 гадоў, якія адносяцца да групы павышанай рызыкі захворвання туберкулёзам, атрымліваюць прышчэпкі ад яго; ад пнеўмакокавай інфекцыі прышчэпліваем дзяцей ва ўзросце 2, 4 і 12 месяцаў, ад гемафільнай інфекцыі, ад дыфтэрыі, слупняку, коклюшу – дзяцей 3, 4, 5 і 18 месяцаў, ад поліяміеліту – дзяцей 3, 4, 5, 18 месяцаў, 2 і 7 гадоў, ад адзёру, эпідэмічнага паратыту, краснухі – дзяцей ва ўзросце 12 месяцаў і 6 гадоў, ад дыфтэрыі – дзяцей 11-гадовага ўзросту, ад грыпу – дзяцей 6-месячнага ўзросту і дарослых. Ад дыфтэрыі і слупняку прышчэпліваюцца дзеці ва ўзросце 6 і 16 гадоў, а таксама дарослыя, калі ім споўнілася 26 гадоў, і кожныя наступныя 10 гадоў жыцця да дасягнення 66 гадоў.
— Напэўна, вялікае значэнне мае своечасовасць прышчэпкі?
— Так. Яна дапаможа абараніць дзяцей ад цяжкіх форм шэрагу захворванняў і магчымага наступнага заражэння інфекцыяй. Важна падрыхтаваць дзіцяці да правядзення імунізацыі, каб яно лягчэй перанесла гэтую працэдуру. Бацькі раз у год даюць вусную згоду на правядзенне прышчэпак сваім дзецям. Калі ж яны не згодныя, павінны напісаць адмову. Новыя прадукты ў рацыён дзіцяці і маці, калі дзіця на грудным выкормліванні, пажадана не ўводзіць за тыдзень да прышчэпкі. Гэта дапушчальна не раней, чым на трэція суткі пасля яе. Ніколі, нават жартам, не лякайце дзіця прышчэпкамі. Перад тым, як зрабіць яе, напомніце ўрачу, якія захворванні перанесла дзіця. Урач-педыятр дазваляе прышчэпку ў пісьмовай форме, пра што запісвае ў амбулаторную карту пацыента.
Неабходна ведаць, што імунізацыя не церпіць адкладу. Поўны курс прышчэпак павінен быць завершаны на працягу першых двух гадоў жыцця дзіцяці. Трэба дакладна захоўваць графік прышчэпак, бо няпоўная, ці незавершаная вакцынацыя, і адсутнасць паўторных вакцынацый не гарантуюць засцярогу ад небяспечных інфекцый.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Віталь ТЫЧЫНСКІ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.04.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.