Гандбольны падарунак — Маларытчыне

Юныя гандбалісткі Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы раёна ў першынстве Беларусі сярод дзяўчат 2002-2003 гадоў нараджэння ва ўпартай барацьбе здолелі заваяваць другое месца.
— Такі вынік у нас упершыню за апошнія 15 гадоў, — кажа Міхаіл Улезла, дырэктар ДзЮСШ. – Гэта, безумоўна, гандбольны падарунак усёй Маларытчыне. Ён — вынік штодзённай, напружанай і карпатлівай працы ў першую чаргу трэнераў Таццяны Рыжэвіч і Людмілы Сезік. Наогул, нашы дзяўчаты-гандбалісткі амаль кожны год на спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню паказваюць добрыя вынікі. Не раз іх каманда займала і трэція месцы ў выніковай турнірнай табліцы. Акрамя таго, нашы юныя спартсменкі пастаянна ўваходзяць у склад зборнай каманды Брэсцкай вобласці.
— Да турніру, які прайшоў у г.Орша і ў якім прымала ўдзел 14 каманд з усёй краіны, — гаворыць Людміла Уладзіміраўна, — мы рыхтаваліся доўга і старанна. Хацелася паказаць добры вынік, выдатную гульню. Думаю, нашы дзяўчаты здолелі гэта зрабіць, хоць сур’ёзна гэтым відам спорту займаюцца хто два, а хто – тры гады.
— Касцяк нашай гандбольнай каманды – вучаніцы раённай гімназіі, — кажа Таццяна Рыжэвіч. – Акрамя таго, ёсць дзяўчаты з СШ №1 і №2 райцэнтра… Другое месца – гэта, безумоўна, цудоўны вынік. Цяпер з дзяўчатамі паставілі мэту: першае месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Між іншым, фінальную гульню юныя маларыцкія гандбалісткі правялі з камандай Гродна і прайгралі з лікам 9:14. Лепшым бамбардзірам прызнана Хрысціна Гапанюк, першаразрадніца. На яе рахунку за турнір – 52 забітыя мячы ў вароты саперніка. Лепшай абаронцай стала Алёна Барысевіч. Другога каманднага месца не было б, каб не майстэрства, пільнасць, імклівасць, хуткасць варатара Аляксандры Загурэнка. Яна за ўвесь час спаборніцтваў прапусціла толькі адзін гол.
Між іншым, цяпер на базе Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы трэніруецца 200 хлопцаў і дзяўчат рознага ўзросту. Усе яны аддаюць перавагу гандболу.
* * *
Адразу ж пасля прыезду з рэспубліканскіх спаборніцтваў перад першай трэніроўкай Міхаіл Улезла юным гандбалісткам выказаў шчырыя словы падзякі і ўручыў грашовыя прэміі. Не засталіся без увагі і трэнеры каманды — Таццяна Рыжэвіч і Людміла Сезік. Іх праца таксама была адзначана.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: каманда юных гандбалістак, якая ў першынстве Беларусі сярод дзяўчат 2002-2003 гадоў нараджэння заняла ІІ каманднае месца, разам са сваімі трэнерамі Таццянай Рыжэвіч, Людмілай Сезік і дырэктарам ДзЮСШ Міхаілам Улезлам.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 30.04.2014 г.

Добавить комментарий


http://pills24.com.ua

www.seotexts.com/kachestvennyiy-kontent/

узнать больше profshina.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!