Гандбольны фінал чатырох — у Маларыце

На два дні ўніверсальны спартыўны комплекс “Жамчужына” стаў цэнтрам гандбольнага жыцця краіны. Тут 26 красавіка прайшлі паўфінальныя, а 27 – фінальныя гульні на Кубак Беларусі па гандболу сярод чатырох жаночых каманд – 2014 г. У вырашальным матчы каманда “БНТУ-БелАЗ” перамагла гандбалістак з “Гараднічанкі” з лікам 25:19 і стала ўладальніцай галоўнага трафея. Гэта ўжо шостая запар перамога каманды Канстанціна Шараварава — самага тытулаванага клуба ў розыгрышах Кубка краіны. У матчы за ІІІ месца гандбалісткі “Вікторыі-Бярэсця” былі мацнейшымі за “Аркатрон”. Брэстаўчанкі адолелі саперніц з лікам 30:28.

Многія балельшчыкі асабліва з нецярпеннем чакалі самых ўрачыстых момантаў – фіналу і ўзнагароджвання каманд. Дзеля гэтага яны адклалі свае справы і прыйшлі ва ўніверсальны спартыўны цэнтр “Жамчужына”.
Па выніках “фіналу чатырох” Кубка Беларусі лепшымі ігракамі прызнаны: лепшай левай крайняй – Наталля Коціна (“Гараднічанка”), правай крайняй – Дар’я Гробава (“БНТУ-БелАЗ”), лінейнай – Ірына Трызна (“Вікторыя-Бярэсце”), левай паўсярэдняй – Юлія Булава (“Гараднічанка”), правай паўсярэдняй – Кацярына Сіліцкая (“БНТУ-БелАЗ”), разыгрываючай – Ганна Сцяпанава (“Аркатрон”), бамбардзірам – Настасся Святлова (паўсярэдні, “Вікторыя-Бярэсце”). Узнагароды ў гэтых намінацыях уручала Надзея Пухоўская, маці вядомага гандбаліста Барыса Пухоўскага. Акрамя таго, яшчэ адну ўзнагароду з рук Івана Наскевіча, старшыні Брэсцкай абласной федэрацыі гандбола, атрымала Валянціна Бандарэнка (разыгрываючая, “Вікторыя-Бярэсце”). Для яе была спецыяльна зацверджана намінацыя “Выратавальны круг” .
За ІV агульнакаманднае месца, занятае ў турніры,каманду “Аркатрон” (г.Мінск) Кубкам Беларускай федэрацыі гандбола ўзнагародзіў Аляксандр Грэчын, галоўны суддзя чэмпіянату і Кубка РБ; за ІІІ месца каманда “Вікторыя-Бярэсце” (г.Брэст) Кубак Беларускай федэрацыі гандбола атрымала з рук Івана Наскевіча; за ІІ месца камандзе “Гараднічанка” (г.Гродна)Кубак Беларускай федэрацыі гандбола ўручыў Іван Семяненя, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола. Галоўную ўзнагароду “БНТУ-БелАЗ” (г. Мінск), камандзе-пераможцы турніру чатырох, пад апладысменты ўрачыста ўручыў Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама. Казімір Віктаравіч падкрэсліў, што для Маларыты прымаць удзельнікаў спаборніцтваў Кубка па гандболу сярод жаночых каманд рэспубліканскага ўзроўню – вялікі гонар і адказнасць.
— Мы імкнуліся стварыць для спартсменаў усе неабходныя ўмовы і для адпачынку, і для выніковай гульні. Мерапрыемства атрымалася відовішчным. Не так часта ў Маларыце праводзяцца спаборніцтвы высокага ўзроўню. Ад імя ўсіх маларытчан хачу па­дзякаваць арганізатарам турніру за захапляльныя гульні, а таксама спартсменкам за цікавае спаборніцтва, якое ў напружанні трымала шматлікіх балельшчыкаў. Яны сапраўды дэманстравалі прыгожую гульню. Для многіх маларытчан гульні Кубка сталі спартыўным падарункам, які чакалі даўно. Дзякуй за гандбольнае свята… Я запрашаю вас часцей прыязджаць у Маларыту і ў гэтай зале праводзіць гульні высокага ўзроўню і надалей.
Іван Семяненя ад імя Беларускай федэрацыі гандбола ўручыў Міхаілу Улезлу, дырэктару Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна, 30 гандбольных мячоў і камплект спартыўнай формы для гандбольнай каманды. Казімір Лапіч таксама зрабіў падарунак арганізатарам гандбольных спаборніцтваў. Ад імя жыхароў Маларытчыны Казімір Віктаравіч уручыў Івану Георгіевічу памятны сувенір.
Прадстаўнікі Беларускай федэрацыі гандбола на ўрачыстым закрыцці выказалі шчырую падзяку танцавальнаму калектыву “Іскрынкі” раённай гімназіі. Чатырохкласніцы за 2 дні спаборніцтваў усіх прысутных зачаравалі сваім чэрлідзінгам.
— Чэрлідзінг — гэта мастацтва падтрымкі спартыўных каманд на спаборніцтвах, — гаворыць Вольга Махнавец, кіраўнік калектыву. — У перапынках паміж гульнямі мы выходзілі на спартыўную пляцоўку і паказвалі спецыяльныя танцавальна-спартыўныя нумары. Іх неабходна было ўкласці ў лічаныя хвіліны паўз, а часта і проста ў некалькі дзясяткаў секунд. Нягледзячы на ўзрост, дзяўчынкі прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Між іншым, яны мінулай восенню занялі ІІ ганаровае месца ў раённым конкурсе чэрлідзінгу.
Прадстаўнікі Бе­ларускай федэ­рацыі гандбола таксама выказалі ўдзячнасць аргані­затарам за цудоўна праведзены турнір.
* * *
— Ці задаволены вынікам? – цікаўлюся ў Віталія Чорнага, трэнера каманды “Вікторыя-Бярэсце”.
— Заўсёды хочацца даіграць да перамогі, — кажа Віталь Дзмітрыевіч. — Дзяўчаты паказалі добрую гульню, хоць былі і недахопы. “Вікторыя-Бярэсце” – каманда-навічок, якая ў гэтым сезоне іграе ў абноўленым скла­дзе. З ранейшых гандбалістак у нас цяпер іграе толькі 4 чалавекі. У цяперашнім складзе мы трэніруемся са жніўня мінулага года. Таму ІІІ месца ў “фінале чатырох” Кубка Беларусі сярод жаночых каманд лічу добрым вынікам. Хоць, прызнаюся, дзяўчатам хацелася своеасаблівай сенсацыі (усміхаецца) – абыграць каманду “БНТУ-БелАЗ”.
— Віталь Дзмітрыевіч, Вашы планы на будучае?
— У чэмпіянаце краіны сёлета мяркуем заняць чацвёртае месца. У наступным сезоне – трывала замацавацца ў тройцы лідараў, адшліфаваць сваю гульню. У планах – удзел у міжнарод­ных спаборніцтвах.
— А хто з каманды Вас парадаваў гульнёй?
— Добрую гульню паказалі многія дзяўчаты. Толькі, калі каманда згуртавана, можна разлічваць на вынік. Парадавала тое, што лепшым бамбардзірам турніра стала Настасся Святлова, якая закінула ў вароты саперніка 17 мячоў. Валянціна Бандарэнка за 5 хвілін да заканчэння гульні здолела ў вароты “Аркатрона” закінуць 3 пераможныя мячы.
* * *
На турнір Надзею Бары­­саўну Пухоўскую, маці вя­­домага і тытулавана­га гандбаліста Барыса Пухоўскага, запрасіла кіраў­­ніцтва раёна, а ўручаць ўзна­гароды лаўрэатам у намі­нацыях – Іван Семяненя, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола.
— Калі ў Маларыце право­дзяцца спаборніцтвы па гандболу, то імкнуся на іх абавязкова прысутнічаць, — кажа Надзея Бары­саўна. — З гэтым відам спорту мяне многае звязвае. Раней і сама з задавальненнем іграла ў ручны мяч. А ў се­зоне 1977-1978 гадоў нават выступала ў складзе зборнай вобласці (іграла лінейнай) па гандболу. Ды і сын Вячаслаў закончыў ВНУ, атрымаўшы дыплом па спецыяльнасці “Трэнер па гандболу”. А пра Барыса і гаварыць, напэўна, лішне.
Зараз Барыс Пухоўскі, наш зямляк, ігрок зборнай Беларусі і мінскага СКА, выступае за клуб “Чурго”, які займае трэцяе месца ў чэмпіянаце Венгрыі. З ім Барыс заключыў кантракт на 2 сезоны. Цяпер Барыс Пухоўскі ўваходзіць у пяцёрку лепшых бамбардзіраў Венгрыі.
— Надзея Барысаўна, Кубак Беларусі па гандболу сярод чатырох жаночых каманд для Вас – гэта…
— Я ледзь стрымала сябе, каб не выйсці на пляцоўку да дзяўчат і ўзяць мяч у рукі. Так хацелася сыграць у складзе адной каманды! Любая гульня па гандболу для мяне – у некаторай ступені цяпер своеасаблівая настальгія. На спартыўнай пляцоўцы хацелася ўбачыць сына, палюбавацца яго гульнёй. Калі матчы, у якіх Барыс іграў, праходзілі ў Брэсце, то ўсёй сям’ёй мы абавязкова ездзілі, каб яго маральна падтрымліваць. Не раз прыязджалі падтрымаць сына і ў Мінск.
* * *
— На турніры я прысутнічала два дні на ўсіх матчах, — гаворыць Марыя Ляпешка. – Я таксама іграю ў гандбол, секцыю наведваю ўжо сёмы год. Цяпер трэніруюся ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Маларыцкага раёна ў Людмілы Сезік. Таму спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню сталі для мяне сапраўднай школай майстэрства, узорам гульні высокага класа ў гандбол.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 3.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


Опрыскиватели цена

https://www.velotime.com.ua/

доставка воды