На базе Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя прайшла прома-акцыя “Будучыня краіны ў тваіх руках”

Больш за 600 юнакоў і дзяўчат сабрала на базе Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці рэгіянальная прафарыентацыйная прома-акцыя “Будучыня краіны ў тваіх руках”. Між іншым, праводзіцца яна не ўпершыню, стала, можна сказаць, традыцыйнай, аднак не страціла сваёй навізны і актуальнасці. Мерапрыемства задумана для таго, каб моладзь убачыла, наколькі за апошнія гады змянілася забеспячэнне сельскай гаспадаркі тэхнікай, якой важнай і запатрабаванай з’яўляецца прафесія механізатара, у якіх арганізацыях і на якіх прадпрыемствах могуць працаваць выпускнікі прафесійнага ліцэя. Каб зацікавіць моладзь, дапамагчы ў выбары прафесіі і зарыентаваць на паступленне ў Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй, для патэнцыяльных ліцэістаў вырашана было арганізаваць сапраўднае свята.
На прома-акцыю ў ліцэй прыехалі юнакі і дзяўчаты — вучні 9-х класаў — з Маларыцкага, Брэсцкага, Жа­бінкаўскага і Кобрынскага раёнаў, а таксама школьнікі з абласнога цэнтра. На тэрыторыі навучальнай установы госці знаёміліся з экспазіцыямі дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці навучэнцаў ліцэя, раённага Дома народнай творчаці і Дома творчасці горада Пінска. Тэхнічныя экспанаты, якія былі зроблены юнымі ўмельцамі ў час гуртковай работы, былі дастойны ўвагі і прыемна здзівілі. Але яшчэ больш зацікавіла школьнікаў выстава тэхнікі і зброя, якую прывезлі армейцы 38-й мабільнай гвардзейскай брыгады. Асабліва ўразіла школьнікаў паказальнае выступленне байцоў разведвальнай роты, якія прадэманстравалі бездакорнае валоданне баявымі прыёмамі. Было што паказаць і маларыцкім ліцэістам. Удзельнікі клуба юнага матацыкліста прафесійнага ліцэя прадэманстравалі ўсім мастацкае кіраванне матацыклам.
Пазнаёміліся вучні і з магутнай сельскагаспадарчай тэхнікай. Пад наглядам спецыялістаў той, хто пажадаў, змог нават паспрабаваць кіраваць ёю. Вялікае аграшоу дало магчымасць школьнікам пераканацца, што прафесіі, якія можна набыць у прафесійным ліцэі, даюць магчымасць працаваць не толькі ў сельгас­прадпрыемствах, але і ў дарожнай службе, у камунальнай і лясной гаспадарцы, у вайсковых часцях і пад­раздзяленнях міністэрства па надзвычайных сітуацыях. З вялікім захапленнем назіралі ўсе за тым, як прадстаўнікі Маларыцкага лясгаса дэманстравалі ў рабоце трактар, які, лёгка манеўруючы сярод дрэў, здольны хутка нарыхтоўваць драўніну.
— Ідэя правядзення акцыі з’явілася яшчэ ў 2012 го­дзе. Тады яна праходзіла на базе прадпрыемст­ва “Савушкіна”. Цяпер прома-акцыя, можна сказаць, традыцыя, — расказваў дырэктар Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя Станіслаў Ляшчук. – Галоўная мэта яе – паказаць школьнікам перавагі сельскагаспадарчых прафесій, выклікаць у іх інтарэс да непапулярных, на першы погляд, спецыяльнасцей. Зацікаўленасць у такіх прафесіях з’яўляецца паступова, дзякуючы метадычнай рабоце, як гаворыцца, кропля камень точыць. Мы вельмі рады, што падтрымалі нас розныя арганізацыі, якія з’яўляюцца работадаўцамі для нашых выпускнікоў. Разам у нас усё атрымалася.
І сапраўды, юныя госці пакідалі ліцэй задаволенымі і зацікаўленымі. Бо тут яны знайшлі падставу для разваг, атрымалі шмат уражанняў і зарад пазітыву ад выступлення артыстаў агітбрыгады “Аграрыі”, энергію ад сокаў і пюрэ Маларыцкага кансервавагародніна­сушыльнага камбіната, а таксама гарачай кашы і смачнай гарбаты, якімі частавалі повары ліцэя. На свае вочы школьнікі змаглі ўбачыць умовы, што створаны ў ліцэі для навучэнцаў, пераканаліся, што тут ёсць добрая база для набыцця прафесіі, убачылі, дзе на практыцы могуць прымяніць выпускнікі навучальнай установы свае веды і навыкі. Усё гэта дапамагло зрабіць ім яшчэ адзін крок да сваёй будучай прафесіі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час прома-акцыі ““Будучыня краіны ў тваіх руках”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 7.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.