У Макранах адкрылі шматфункцыянальны заправачны комплекс

Сярод жыхароў вёскі Макраны, напэўна, не засталося ніводнага чалавека, хто б не ведаў, што ў сераду, 7 мая, у аграгарадку будзе адкрывацца шматфункцыянальны заправачны комплекс. А таму ў вызначаны для ўрачыстасці час на тэрыторыі новай АЗС было шматлюдна. Калектыў кампаніі “А-100”, а менавіта яна і пабудавала ў вёсцы сучасны заправачны комплекс, які па ліку трыццаць другі ў рэспубліцы і пяты ў Брэсцкай вобласці, пастараўся арганізаваць для вяскоўцаў сапраўднае свята.
Урачыстае адкрыццё новай заправачнай станцыі сеткі “А-100” пачалося з выступлення генеральнага дырэктара кампаніі Ірыны Валадзько. У кастрычніку 2013 года, успамінала яна, прадстаўнікі групы кампаній прыбылі ў аграгарадок “Макранскі”, каб ацаніць стары аб’ект і скласці план новай заправачнай станцыі. Прайшло 7 месяцаў, і шматфункцыянальны комплекс гатовы ўжо абслугоўваць першых кліентаў. За кароткі адрэзак часу было зменена амаль усё: знешні выгляд заправачнай станцыі і магазіна, з’явілася новае сучаснае абсталяванне і нават рэалізаваны перспектыўны праект па мантажу сучаснай напорнай схемы выдачы паліва. Усё, што зроблена, заўважыла Ірына Валадзько, дазволіць аказваць паслугі, якія здольны з вялікім камфортам суправаджаць вадзіцеляў у дарозе.
У сваім выступленні генеральны дырэктар падзякавала кіраўнікам многіх арганізацый і структур за ўзаемаразуменне і дапамогу. Словы падзякі за падтрымку ініцыятывы прагучалі і ў адрас кіраўніцтва Маларыцкага раёна.
— Мы ў раёне заўжды чакаем саліднага і адказнага інвестара, — падкрэсліў, віншуючы калектыў кампаніі з завяршэннем будаўніцтва заправачнага комплексу, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
Доўгі час, як адзначыў Казімір Віктаравіч, гэты аб’ект заставаўся без гаспадара. Але не знікала надзея, што прывабная тэрыторыя побач з міжнароднай трасай будзе запатрабаванай. І калі знайшоўся інвестар, не было сумненняў у тым, што гэта будзе ўдалы праект.
Адкрыццё шматфункцыянальнага заправачнага комплексу напачатку мая прыйшлося, як адзначалася ў выступленні, вельмі дарэчы. Міжнародная траса ўваходзіць у план руху па нашай краіне балельшчыкаў чэмпіянату свету па хакею, які праходзіць у Беларусі. Новы аб’ект побач з дзяржаўнай мяжой цудоўна дапаўняе інфраструктуру. Так, у магазіне, які знаходзіцца на заправачнай станцыі і працуе кругласутачна, можна набыць усе неабходныя прадукты, тавары для аўтамабіля, папіць кавы, купіць хот-дог і здобныя вырабы. На ўсёй тэрыторыі АЗС забяспечана паслуга WiFi. Станцыя абсталявана сервіс-блокам з кампрэсарам для падпампоўвання шын і пыласосам, тут можна ўзяць напракат веласіпед, пакінуць свой аўтамабіль на платнай стаянцы. У планах групы кампаній “А-100” арганізаваць на заправачнай станцыі пракат прычэпаў, а яшчэ – пабудаваць міні-гасцініцу.
…Пад апладысменты вяс­коўцаў перарэзваецца фінішная чырвоная стуж­ка, запраўляецца першы аўтамабіль, удзельнікі ўрачыстага адкрыцця аб’екта выпускаюць у неба паветраныя шары. З гэтага моманту для 12 супрацоўнікаў заправачнага комплексу, а менавіта столькі новых працоўных месцаў у вёсцы Макраны было створана кампаніяй “А-100”, пачынаецца праца. На запраўку пад’язджаюць аўтамабілі, ля прылаўкаў у магазіне збіраецца чарга… Гэта пераконвае, што новы аб’ект запатрабаваны. Але каб прыцягнуць да сабе больш кліентаў, кампанія распрацавала схему лаяльнасці. Яна прадугледжвае скідку, якая ў выглядзе балаў будзе залічвацца на картку кліента пры любой ажыццёўленай ім транзакцыі. За гэтыя балы можна бясплатна набыць каву, узяць напракат веласіпед ці скарыстацца іншай паслугай.
Кампаніі, якая не пабаялася адкрыць сваю кропку ў невялікім населеным пункце, усе жадалі ўдачы ў бізнесе. Бо калі будзе развівацца бізнес, будуць стварацца новыя працоўныя месцы. А гэта для вёскі, дзе не хочуць, каб яе пакідала моладзь, вельмі важна.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час ад­крыцця новай АЗС сеткі “А-100”.

Опубликовано в «ГЧ» 14.05.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.