“Чысты вадаём”

У раёне падтрымалі акцыю “Чысты вадаём”, ініцыятарам якой было праўленне рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”

Вясной было арганізава­на шмат мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі. Гэта і месячнік па добраўпарадкаванні, і рэспубліканскі суботнік, і акцыя “Тыдзень лесу”. Яшчэ адна акцыя, матыў якой не менш карысны, праходзіла ў нашай краіне нядаўна і называлася “Чысты вадаём”. Асноўная мэта экалагічнай акцыі – навядзенне парадку напярэдадні сезона адпачынку ў прыбярэжнай паласе. Наш раён таксама прыняў актыўны ўдзел у гэтым рэспубліканскім мерапрыемстве.
— Ініцыятарам акцыі стала праўленне рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, а мы ў сваю чаргу падтрымалі гэтую добрую справу. Грамадскасць, прадстаўнікі паляўнічай гаспадаркі, школьнікі аб’ядналіся, каб навесці парадак на вадаёмах раёна, — адзначыў Эдуард Рачкоўскі, выконваючы абавязкі дырэктара раённай арганізацыйнай структуры Маларыцкай паляўнічай гаспадаркі. – У якасці аб’ектаў было абрана 4 вадаёмы: Арэхаўскае і Олтушскае азёры, рака ў горадзе Маларыта і тарфяное балота “Чапялятуха” ў Ляхаўцах. Прыемна адзначыць, што ля Арэхаўскага і Олтушскага азёр смецця было няшмат. На жаль, нельга тое ж сказаць пра тэрыторыю ля “Чапялятухі”, дзе сабрана амаль 2 кубаметры смецця.
Дарэчы, на заклік ачысціць бераг тарфянога балота адгукнуліся 7 вучняў Ляхавецкай школы разам з педагогам па працоўнаму навучанню і асновах бяспечнай жыццядзейнасці Сяргеем Карабчуком. Самі школьнікі адзначалі, што прымаюць удзел у акцыі па асабістаму жаданню з добрай мэтай – зрабіць бераг чыстым, каб рыбалка прыносіла яшчэ і эстэтычнае задавальненне.
— Не разумею людзей, якія пакідаюць смецце на берагах рэк і вадаёмаў пасля адпачынку. На тарфяным балоце мы часта рыбачым з сябрамі, таму і хочацца, каб там было чыста, — дзяліўся ўдзельнік акцыі Сяргей Кульбеда.
Яшчэ адна мэта акцыі “Чысты вадаём” — выхаванне экалагічнай культуры ў людзей, якія адпачываюць на беразе рэчкі ці вадаёма, асабліва ў моладзі. На жаль, пакуль цяжка назваць культурай тое, што давялося ўбачыць удзельнікам акцыі на тарфяным балоце. Бутэлькі, смецце і розныя адходы, якія няцяжка сабраць у пакет і выкінуць у сметнік, напаміналі лішні раз аб тым, што ёсць сярод нас нямала і не аматараў прыроды. Аб гэтым гаварыў Валерый Кашэль, егер Маларыцкай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, які разам з групай вучняў Ляхавецкай школы ачышчаў прыбярэжную тэрыторыю тарфянога балота “Чапялятуха”. Ён жа заклікаў усіх паважліва адносіцца да ўсяго, што нас акружае.
Арганізатары акцыі спа­дзяюцца, што прыклад юнакоў і дзяўчат, якія на працягу тыдня наводзілі парадак на вадаёмах і берагах рэк усёй нашай краіны, падштурхне многіх захоўваць чысціню ў месцах адпачынку, а таксама быць адказным за свае ўчынкі. Між іншым, для таго, каб зрабіць Маларытчыну яшчэ больш чыстай і прыгожай, неабавязкова чакаць наступнай акцыі, трэба проста не пакідаць смецце на беразе, падняць бутэльку ці іншыя адходы, якія забруджваюць наш прыгожы край.
Дар’я ЛУЦЫК.
НА ЗДЫМКУ: у час акцыі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 14.05.2014 г.

Добавить комментарий


www.progressive.ua

www.progressive.ua/prodvijenie-sajta-kharkov/

cost of surrogate mother
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!