СПАДЧЫННАЯ НАДЗЕЙНАСЦЬ

Марыя Сцяпанаўна і Павел Васільевіч Клебановічы, якія пражылі ў пары 44 гады і выгадавалі траіх сыноў, справядліва лічаць, што не золата трэба завяшчаць дзецям, а сумленнасць.

1.
— Калі нашы дочкі ці сыны атрымаюць ад нас у спадчыну толькі лепшае ў маральным плане, — кажа Марыя Сцяпанаўна, — гэта гарантыя таго, што яны будуць добрымі і прыстойнымі людзьмі.
Трое сыноў Марыі Сця­панаўны і Паўла Васільевіча з маленства бачылі ў сям’і толькі добрае і вучыліся яму.
— Мы з мужам 15 год жылі разам з яго бацькамі, — расказвае Марыя Сцяпанаўна. – Нічога ніколі не дзялілі. Не аддзяляліся ад бацькоў, як цяпер бывае. Спалі ў адным пакоі, нават наш ложак побач з бацькоўскім стаяў, тады ж не было такіх выгод, як цяпер. І на кухні са свекрывёй разам стравы гатавалі. Ладзілі. 17 год мне было, калі мы з Паўлам пажаніліся. Мала што тады і рабіць я ўмела, таму свякроў мне як маці была, усяму вучыла. У невялікай хаце месца хапала ўсім, нават калі наша сям’я пабольшала.
— Калі браць тагачаснае жыццё, — уступае ў размову Павел Васільевіч, — дык у ім было многа пераваг. Асабліва маральных. Усе жылі разам, і гэта згуртоўвала. Сям’я і бацькоў, і дзяцей, і ўнукаў была адным цэлым. Мы вучыліся цярплівасці ў адносінах адзін да аднаго, узаемадапамозе, павазе да старэйшых. Памятаю, прынясем навагоднія прафсаюзныя падарункі хлопцам, і яны ніколі не будуць іх самі есці. На ўсіх пароўну дзялілі: на нас, бацькоў, на дзядулю з бабуляй і сабе. А цяпер жа з маленства – у кожнага свой пакой, кожны сам па сабе, гэта, на маю думку, не зусім добра.
— І хоць зарплата ў мяне і мужа была невялікая, — працягвае далей Марыя Сцяпанаўна, — мы ніколі не карысталіся пенсіяй яго бацькоў. Стараліся, каб сваіх грошай хапала. Вельмі выручала асабістая гаспадарка, якую ўвесь час вялі: і кароўку трымалі, і свіней, і хатнюю птушку, і агарод вялікі садзілі. З маленства да працы прывучалі і дзяцей сваіх. Каб выкапаць бульбу, а яе садзілі амаль гектар, ніколі не наймалі капальнікаў. Самі спраўляліся, хлопцы дапамагалі. І мы за стараннасць кожнага абавязкова заахвочвалі ці ласункамі, ці нечым новым з адзення. Гэтак жа стымулявалі і іх добрую вучобу.
А вучыцца не ленаваліся ні Мікалай, ні Аляксандр, ні Васіль. Праўда, найлягчэй вучоба давалася Мікалаю. Асабліва дакладныя навукі. Таму ён смела мог разлічваць на атрыманне вышэйшай адукацыі, добрай прафесіі. Мікалай і сабраўся паступаць у Брэсцкі педуніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, школу ж закончыў з сярэбраным медалём. Паспяхова здаў экзамены і паступіў. Але праз паўгода кінуў вучобу. Маўляў, цяжка мне ў горадзе. Маці пераканала Мікалая, што рашэнне яго няправільнае. І ён зноў працягваў вучобу. Вярнуўся ў вёску, толькі ўжо ў ролі педагога. І вельмі ўдзячны дарагому чалавеку, што яна не падтрымала тады яго намер.
Цяпер Мікалай – адзін з лепшых настаўнікаў не толькі Лукаўскай школы, дзе ён працуе, але і раёна, пра што сведчаць яго шматлікія заахвочванні.
Выхоўваць дзяцей на добрым асабістым прыкладзе – галоўны прынцып Мікалая Паўлавіча Клебановіча, які дастаўся яму ў спадчыну ад бацькоў. Ім ён карыстаецца не толькі ў выхаванні сваіх вучняў, але і ўласных дзяцей.

2.
Адданым вёсцы застаўся і Аляксандр, другі сын Клебановічаў, хаця і ў яго было нямала магчымасцей змяніць сельскую прапіску на гарадскую. Цяпер Саша працуе майстрам лесу ў Чарнянскім лясніцтве. Думаецца, што за яго таксама не сорамна бацькам.
Між іншым, сыны Марыі Сцяпанаўны і Паўла Васільевіча Клебановічаў усе жанатыя, сваіх дзяцей маюць. Другіх палавінак сабе за марамі не шукалі, усе тры нявесткі – вясковыя, такія ж працавітыя, простыя.
— Васіль і яго жонка Таццяна, — кажа Марыя Сцяпанаўна, — быццам бы народжаныя адзін для аднаго. Вельмі падобныя. Асабліва працавітасцю. Разам на ферме працуюць, дома трымаюць вялікую гаспадарку: 4 каровы, свіней, іншую жыўнасць. Раней Васіль трактарыстам у калгасе працаваў, дык мне не раз казалі, што калгасны трактар у яго быў дагледжаны лепш, чым у іншага вадзіцеля ўласная машына.
— З маленства, — расказвае Марыя Сцяпанаўна,- мы вучылі хлопцаў быць самастойнымі. Калі іншы раз нехта з іх паскардзіцца: “Мама, а ў мяне гузік на сарочцы адарваўся” ці “Рукаў па шву разышоўся”, кажу: “Вазьмі іголку з ніткай ды прышый”. І нарыхтоўкі на зіму яны закатваць навучыліся, і стравы гатаваць, і карову даіць. Любую жаночую работу ўмеюць рабіць. Я ўпэўнена, што ва ўсім дапамагаюць сваім жонкам.
— Усе сыны Марыі Сцяпанаўны і Паўла Васільевіча Клебановічаў, — расказваў дырэктар Чарнянскай сярэдняй школы Анатоль Фёдаравіч Ніканчук, — добра выхаваныя, вельмі дружныя і надзейныя хлопцы.
І гэта ў іх сямейнае.

3.
Марыя Сцяпанаўна з 16 год і да выхаду на пенсію, нават яшчэ два гады пасля яго, працавала паштальёнам у Чарнянскім аддзяленні сувязі.
— Там тады патрэбен быў паштальён, — успамінае Марыя Сцяпанаўна, — а я якраз 8 класаў закончыла. Мне вельмі хацелася працаваць, каб зарабляць свае ўласныя грошы, і я пайшла прасіцца, каб узялі на работу. Браць не хацелі, мне ж яшчэ не было 18 год. Але, у рэшце рэшт, начальства пашкадавала, дало сваю згоду, надта ўжо вялікім было ў мяне жаданне працаваць. Больш чым 40 год у Чарнянскім аддзяленні сувязі і прапрацавала.
— А я, — кажа Павел Васільевіч, — больш чым 40 год аддаў калгасу. Вадзіцелем працаваў. Тады, пасля арміі, большасць маладых у вёсцы заставаліся. Сем’ямі абзаводзіліся, дамы свае будавалі. Маглі б і мы пабудаваць. Але сорамна было пакінуць бацькоў. Так і жывем да гэтага часу ў бацькоўскім доме. А вось сыны свае дамы пабудавалі – усе трое. Адзін аднаму дапамагалі.
Але ўсё роўна ніхто з дзяцей бацькоўскую хату не мінае. Хоць на хвілінку-другую, але абавязкова зойдуць ці заедуць. Любяць бываць у бабулі з дзядулем і ўнукі, а іх у Марыі Сцяпанаўны і Паўла Васільевіча ажно восем. А гэта значыць, што сямейнае дрэва Клебановічаў бу­дзе разрастацца, пускаць новыя карані. Верыцца, што абавязкова такія ж здаровыя ў маральным і фізічным плане, такія ж трывалыя і моцныя і такія ж надзейныя.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Чарняны.
НА ЗДЫМКУ: сям’я КЛЕБАНОВІЧАЎ у поўным зборы.
Фота з сямейнага альбома.

Опубликовано в «ГЧ» 14.05.2014 г.

Добавить комментарий


подробнее

https://niko-centre.kiev.ua

steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!