Вытканыя гальштукі асучасняць мужчынскі касцюм Маларыцкага строю адзення

Мужчынскі касцюм на Маларытчыне, на жаль, не меў такіх арыгінальных асаблівасцей, як жаночы. Традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складаўся з палатнянай кашулі (насілі навыпуск і падпярэзвалі поясам), нагавіц, камізэлькі… Галаўным уборам быў найчасцей саламяны капялюш. Мужчынскі касцюм на Маларытчыне сціплы паводле аздаблення. У ім пераважаў белы колер, а дэкор прыпадаў у асноўным на каўнер, пазуху кашулі, пояс.
— Мне захацелася паспрабаваць, калі можна так сказаць, асучасніць мужчынскі касцюм Маларыцкага строю адзення, — расказвае Валянціна Мікалаеўна. — Мне здаецца, што гальштук здольны надаць своеасаблівую завершанасць, структурную цэласнасць і непаўторную гарманічнасць. Таму і з’явілася ідэя выткаць гальштукі, якія б арганічна ўпісаліся ў традыцыйны Маларыцкі строй адзен­ня.
— Перабрала многія ўзоры, — кажа Валянціна Мікалаеўна. – Аднак па тых ці іншых прычынах яны не адпавядалі агульнай канцэпцыі. І ўсё ж задуманае ўдалося ажыццявіць.
Я не збіралася парушыць традыцыйны мужчынскі касцюм Маларыцкага строю, — прызнаецца Валянціна Струнец. – Хацелася яго трошкі дапоўніць, хоць у народа, добра разумею, кожны элемент адзення вельмі прадуманы, нясе сваю эстэтычную функцыю, выконвае сваю ролю.
Вытканыя гальштукі гарманічна ўпісваюцца ў гардэроб любога сучаснага мужчыны. Такі вывад можна зрабіць, паглядзеўшы на фотаздымак, дзе юнакі ў іх выглядаюць па-сучаснаму, элегантна, прывабна, модна.
* * *
Некалькі вытканых гальшту­каў калектыў раённага Цэнтра народнай творчасці пада­рыў арганізатарам тых мера­прыемстваў, у якіх прымаў удзел. У адказ жанчыны чулі шчырыя словы падзякі, здзіўленне і захапленне вынікамі працы сваіх рук.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: вучні раённай гімназіі Яўген Трушко, Кірыл Крэйдзіч, Міхаіл Струнец, Ілья Ярмашук, Антон Троц у вытканых гальштуках.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.05.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!