Гандбол – сямейны від спорту

У Маларыце аднаўляюцца спаборніцтвы паміж сем’ямі па розных відах спорту. Апошняе таму пацвярджэнне — гандбольны матч, які прайшоў ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына” пад дэвізам: “У здаровым целе здаровы дух”. Памерацца сіламі на гэты раз на пляцоўцы сышліся сем’і Сезікаў і Галоўчыкаў з райцэнтра.
— Лепш жа правесці некалькі гадзін у спартыўнай зале, чым ля тэлевізара ці камп’ютара, і падзарадзіцца бадзёрасцю, аптымізмам, добрым настроем.Тым больш, што побач былі нашы дзеці. А гэта выдатны прыклад прапаганды здаровага ладу жыцця, — адзначыла Людміла Сезік.
— Ідэя правесці такія спа­борніцтвы ўзнікла даўно, — гаворыць Вольга Галоўчык. — Аднак па розных прычынах не атрымлівалася нашым сямейным гандбольным камандам разам сабрацца і сыграць.
І вось на спартыўнай пляцоўцы “Жамчужыны” пазмагацца за пераходны кубак сабраліся аматарскія гандбольныя дружыны “Вясна” і “ Краўн”.
Хто іграў за каманды?
У складзе “Вясны” – Віктар Сцяпанавіч Сезік (капітан), яго жонка Людміла Уладзіміраўна, дачка Настасся, а таксама Раман, родны брат Віктара. За каманду таксама ігралі Ларыса Уладзіміраўна Мішчанка, родная сястра Людмілы Сезік, яе муж Вадзім Мікалаевіч і іх сын Мікіта.
Гандбольнымі сапер­нікамі для “Вясны” стала каманда “Краўн”, за якую выступалі: Вадзім Міхайлавіч Галоўчык (капітан), яго жонка Вольга Уладзіміраўна і сын Кірыл (вучань пятага класа раённай гімназіі), а таксама – Аляксандр Міхайлавіч і Леанід Міхайлаіч Галоўчыкі, Сафія Уладзіміраўна (родная сястра Вольгі) з мужам Юрыем Віктаравічам Бурштынам і яго родным братам Алегам Віктаравічам.
Першыя ў гэтым годзе сямейныя гандбольныя спаборніцтвы ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына” закончыліся з лікам 29:25. На гэты раз перамогу святкавала каманда Галоўчыкаў.
— Для нас галоўным была сама гульня, — кажа Віктар Сезік. — Вынік не такім і важным з’яўляецца. Галоўнае, што гандбол стаў тым фундаментам, які трывала цэментуе радаслоўныя дрэвы Сезікаў і Галоўчыкаў. Такая гульня выдатна аб’ядноўвае, згуртоўвае. Вельмі цудоўна, што пахварэць за каманды прыйшлі нашы блізкія і родныя.
— Арсеній, чым табе запомнілася гульня? – цікаўлюся я ў шасцігадовага Арсенія Галоўчыка.
-Тым, што мама закінула некалькі мячоў у вароты, а тата нават дазволіў на некаторы час стаць варатаром.
Сямейны спартыўны матч закончыўся. Але Сезікі і Галоўчыкі плануюць хутка зноў сустрэцца на гандбольнай пляцоўцы.
Думаецца, што спаборніцтвы Сезікаў і Галоўчыкаў стануць добрым прыкладам для іншых сямей Маларытчыны, і ў будучым можна будзе правесці, напрыклад, раённы гандбольны турнір.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: гандбольныя сямейныя каманды Сезікаў і Галоўчыкаў у поўным складзе.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.05.2014 г.

Добавить комментарий


http://www.kamod.net.ua

www.best-mining.com.ua

http://bestseller-sales.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!