Касі каса, пакуль раса?

У раёне адбыўся абласны семінар-нарада па пытаннях арганізацыі нарыхтоўкі кармоў, летне-пашавага і стойлавага круглагадовага ўтрымання жывёлы.
Пра важнасць пытанняў, якія былі вынесены на абмеркаванне, сведчыла прадстаўнічая дэлегацыя ўдзельнікаў мерапрыемства. Сярод запрошаных на семінар-нараду былі кіраўнікі і спецыялісты абл­выканкама і падведамасных арганізацый, старшыні райвыканкамаў, начальнікі райсельгасхарчаў і іх намеснікі па жывёлагадоўлі і раслінаводству, а таксама галоўныя ветурачы і старшыні некаторых сельгаспрадпрыемстваў раёнаў.
Трэба сказаць, што ў такім складзе напярэдадні адказнай сельгаскампаніі яны збіраюцца не ўпершыню. І штогод (пра гэта гаварыў падчас адкрыцця семінара кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар) спецыялісты і навуковыя супрацоўнікі распавядаюць ім пра фазы ўборкі траў, пра тэрміны закладкі сенажу,паказваюць,як выконваюцца тэхналагічныя аперацыі. Тлумачаць, што і як трэба рабіць, каб той жа сянаж ці сілас адпавядалі не толькі сваёй назве, але сутнасці. І быццам усе і ўсё разумеюць. Ды толькі калі пачынаецца корманарыхтоўка, многія пра гэта чамусьці забываюць. А спахапляюцца, калі застаюцца ў мінусе: не атрымліваюць той колькасці жывёлагадоўчай прадукцыі, на якую разлічвалі. Маўляў, кармоў удосталь, вось толькі аддачы ад іх няма. І не бу­дзе, зазначыў старшыня абл­выканкама, калі замест якаснага сенажу каровы будуць атрымліваць гнілую масу. І агучыў лічбы: з-за нізкай якасці кармоў гаспадаркі губляюць на малацэ ад 4 да 5 мільярдаў рублёў, а вобласць у цэлым недабірае аж 800 мільярдаў. А гэта і эканоміка сельгаспрадпрыемстваў, і іх далейшае развіццё, і своечасовая выплата зарплаты…
Пра тое, што неабходна зрабіць падчас сёлетняй нарыхтоўкі кармоў і на якіх момантах вытворчага працэсу сканцэнтраваць асноўную ўвагу, каб сянаж і сілас атрымаліся якасныя, гаворка вялася на сенажаці прыватнага прадпрыемства “Савушкіна”, дзе праходзіла практычная частка семінара-нарады. І хоць дождж, які з ранку зарадзіў у той дзень, перашкаджаў выступоўцам і некалькі скараціў праграму мерапрыемства, галоўныя накірункі ў назапашванні якасных кармоў былі азначаны. Агучыў іх першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Аляксей Трацюк. Ён распавёў удзельнікам семінара не толькі пра важнасць выканання тэрмінаў касьбы шматгадовых траў для нарыхтоўкі якаснага сенажу, але і непасрэдна пра арганізацыю закладкі масы ў траншэі, а таксама расказаў аб прагрэсіўных тэхналогіях з прымяненнем палімерных матэрыялаў. Усё расклаў, як гавораць, па палічках. Хоць нічога новага для большасці прысутных і не адкрыў. Бо многім добра вядома, што ўбіраць травы неабходна ў фазу іх даспявання: злакавыя — падчас выхаду ў трубку, а бабовыя — падчас бутанізацыі. Калі гэты перыяд упусціць, страты складуць да 30 працэнтаў. Для ўборкі важны таксама час сутак касьбы. Весці яе, на думку спецыяліста, трэба ранкам. Як у народзе гавораць: “Касі каса, пакуль раса. Раса далоў, касец дамоў”. Хоць пры сучасных тэхналогіях сенакашэння, якое вядзецца тэхнікай, а не касой, гэта ўжо і не так актуальна, затое паскарае перыяд сушкі траў. Толькі вучоныя, як зазначыў былы намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі, а на пленарным пасяджэнні і кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксандр Зіновенка, рэкамендуюць касіць днём – у дзённай траве больш цукру. На што Канстанцін Сумар рэзюмаваў: “Вучоныя рэкамендуюць правільна, ды ў жыцці не заўсёды так атрымліваецца. Таму неабходна арыентавацца па сітуацыі”.
Нельга забываць і пра вышыню скошвання траў. Яна не павінна быць большай за 5-7 сантыметраў, каб у масу не трапілі пясок і іншародныя рэчы. І яшчэ – не змяльчаць траву менш, чым на 4-5 сантыметраў. Пры закладцы сенажу абавязкова выкарыстоўваць кансерванты. А вільготнасць масы павінна быць не вышэй за 45 працэнтаў. Усе гэтыя параметры павінны выкарыстоўвацца і пры закладцы масы ў рулоны. Дарэчы, сёлета ў палімерныя матэрыялы ў вобласці плануецца закласці 150 тысяч тон сенажу, 115 тысяч тон – з траў першага ўкосу. Вядома, што далёка не ўсе гаспадаркі могуць дазволіць сабе такое дарагое задавальненне, але яно вартае таго, бо сабекошт 1 тоны кармавой адзінкі ў рулонах атрымліваецца ніжэй, чым у траншэях.
Дарэчы, на пытанні за­кладкі сянажных траншэй удзельнікі семінара спы­няліся як падчас практычнай часткі, так і на пленарным пасяджэнні. Тэрміны іх закладкі не павінны доўжыцца больш за 4 дні, а трамбоўка масы (на думку кіраўніцтва вобласці і спецыялістаў, менавіта яна з’яўляецца слабым звяном у працэсе нарыхтоўкі якасных кармоў) — весціся круглыя суткі, бо якасць сенажу на 80 працэнтаў залежыць менавіта ад яе.
Што тычыцца тэхнічных магчымасцей, то, як зазна­чыў Аляксей Трацюк, у гаспадарках вобласці дастаткова кормаўборачных агрэгатаў,каб пры невысокай загрузцы за 15 дзён убраць травы першага ўкосу. А для таго, каб механізатары працавалі з поўнай аддачай,іх неабходна матэрыяльна стымуляваць. Прычым абавязкова ўлічваць якасць выкананай работы і працоўную дысцыпліну. З рэкамендацыямі аб аплаце працы на нарыхоўцы кармоў на семінары выступіў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Карпенка.
У прыватным прадпрыемстве “Савушкіна” ўдзельнікі семінара азнаёміліся таксама з асаблівасцямі вырошчвання люцэрны на меліяраваных землях на кармавыя мэты і з тэхналогіяй вытворчасці малака пры бяспрывязным утрыманні дойнага статка.
Падводзячы вынікі семі­нара, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар яшчэ раз засяродзіў увагу прысутных на выка­нанні тэхналагічных патраба­ванняў на нарыхтоўцы кармоў, бо менавіта ад гэтага залежыць іх якасць. А калі кармы будуць якасныя – будзе малако і грошы. Пра гэта ў сваім выступленні гаварыў і намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання па жывёлагадоўлі Ігар Брыла, які ўдзельнічаў у семінары.
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: намеснік старшыні аблсельгасхарчу Аляксей Трацюк; удзельнікі семінара на ферме з бяс­прывязным утрыманнем кароў у “Савушкіна”.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 17.05.2014 г.

Добавить комментарий


rikon-ya.com

source best-cooler.reviews

http://adulttorrent.org
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!