Малы бізнес — для нашых людзей

Пад старшынствам Эдуарда Кандзярэшкі ў райвыканкаме прайшла сустрэча з прадстаўнікамі малога бізнесу, на якой ішла размова аб ролі і праблемах прадпрымальніцтва.
Райвыканкам – пярвічная інстанцыя, куды звяртаюцца за рэгістрацыяй і вырашэннем многіх пытанняў тыя, хто хоча заняць сваю нішу ў прадпрымальніцтве і ўтрымаць яе. Тым, хто пачынае, у райвыканкаме акажуць усялякую падтрымку і дапамогу: фінансавую – праз фонд садзейнічання занятасці; матэрыяльную – праз арэнду ці малую прыватызацыю, выдзеляць зямлю ў арэнду ці карыстанне. З 1 ліпеня 2013 года аддзел эканомікі райвыканкама надзелены функцыямі рэгістрацыі юрыдычных асоб.
— Мы зацікаўлены, каб у раёне развівалася малая вытворчасць, таму заўжды рады падставіць плячо кожнаму, хто хоча выпускаць тавары і аказваць паслугі. Галоўнае, каб усё гэта было ў рамках закона, — гаварыў на сустрэчы намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кан­дзярэшка.
Спецыфіка геаграфічнага размяшчэння нашага раёна такая, што накладае свае асаблівасці на развіццё прыватнага біз­несу, які прадстаўлены ў асноўным індывідуальным прадпрымальніцтвам і яго малымі суб’ектамі з колькасцю працуючых да 15 чалавек.
На сённяшні дзень у раёне зарэгістраваны 402 ІП, 16 дзеючых сялянска-фермерскіх гаспадарак, 104 малыя прадпрыемствы. І калі да 2012 года асноўным відам дзейнасці быў рознічны гандаль, то цяпер усё больш рэгіструемымі відамі з’яўляюцца аказанне паслуг у будаўніцтве, транспарце, вытворчая дзейнасць. Прадпрымальніцтва сканцэнтравана ў асноўным у Маларыце – больш за 90%. Жанчын у сферы малога бізнесу больш чым 60%. Узрост большасці прадпрымальнікаў – 30-45 гадоў. Летась у раёне створана 17 МП, у тым ліку адно прамысловае, якое займаецца вытворчасцю мэблі, — “Стылон ТД”. За 4 месяцы 2014 г. пры прагнозе 8 створана ўжо 4 малыя арганізацыі і 54 новыя рабочыя месцы пры гадавым заданні 110.
У райвыканкаме, як ад­значаў Эдуард Кандзярэшка, заўжды рады дапамагчы ў выдзяленні зямельных участкаў, памяш­канняў, што пустуюць. Дарэчы, у асноўным усе незадзейнічаныя ў раёне будынкі перададзены малому бізнесу.
Роля прадпрымальніцтва ў экспарце прадукцыі ў нашым раёне адчувальная. Напрыклад, летась доля экспарту суб’ектамі малога бізнесу склала 63,5% ад агульнага экспарту ў раёне, а за 2 месяцы 2014 года — 73,2%. Асноўныя экспарцёры – СТАА “Раскарм” і СЗАТ “КварцМелПрам”.
Суб’екты малога бізнесу ўдзельнічаюць у рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Значны крок у развіцці вытворчасці зрабіла прадпрыемства “Раскарм”, якое на рынку знаходзіцца ўжо 10 гадоў і асноўным відам дзейнасці якога з’яўляецца вытворчасць кармоў для жывёлін. Прадпрыемства пастаўляе прадукцыю ў Беларусь і Расію. Яно плануе арганізаваць вытворчасць канцэнтратаў прэміксаў і пашырыць пастаўкі іх у беларускія рэгіёны і Расію да снежня 2014 г. Рэалізацыя гэтага праекта будзе садзейнічаць стварэнню 3 дадатковых рабочых месцаў. На выкананне праекта спатрэбіцца ўсяго 500 мільёнаў.
СТАА “КРАУНбелагра” распрацавала інвестпраект “Арганізацыя вытворчасці, захоўвання і перапрацоўкі плодаагародніннай прадук­цыі на базе плодаагароднін­нага комплекса СТАА “КРАУНбелагра”, які плануецца завяршыць у 2015 годзе. Плануемы месячны аб’ём нарыхтовак на адно гароднінасховішча – 1000 тон. Фінансавацца праект будзе за кошт сродкаў у якасці ўклада ў статутны фонд, а таксама за кошт крэдытных сродкаў. Плануецца стварыць усяго 20 дадатковых рабочых месцаў, на сённяшні дзень створана ўжо 15.
ТАА “ЭбісКом” распрацавала праект “Будаўніцтва спецыялізаванага дыягнастычнага цэнтра легкавых і грузавых аўтамабіляў”. Гэтаму прадпрыемству перададзены ў бязвыплатнае карыстанне будынак старожкі пад стварэнне не менш чым 2 новых рабочых месцаў. У канцы мінулага года прадпрыемства пачало аказваць паслугі.
Сума падатковых паступ­ленняў у мясцовы бюджэт раёна ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва складае 9,7% ад усіх паступленняў у бюджэт.
У нашым раёне, па словах Эдуарда Пятровіча, прадпрымальніцтва забяспечвае самазанятасць насельніцтва, зніжае ўзро­вень беспрацоўя, аператыўна насычае рынак таварамі, развівае канкурэнцыю з дзяржаўным сектарам экано­мікі, што садзейнічае паляпшэнню якасці выпускаемых тавараў і аказваемых паслуг. Адным словам, яго роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна немалая.
Сустрэча высветліла і праблемы, якія ёсць у дзейнасці суб’ектаў малога бізнесу. Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, у прыватнасці, звярталі ўвагу на найбольш характэрныя недахопы, выяўляемыя ў працэсе рэгулярных маніторынгаў. Найбольш распаўсюджаныя з іх – гэта незахаванне мінімальных гарантый працы, тэрмінаў выплат сум пры звальненні, сярэдняга заробку, калі работнік ідзе ў водпуск, тэрмінаў выплат зарплат. Спецыялісты ўпраўлення ў працэсе маніторынгаў адследжваюць узровень росту зарплат. І гэта невыпадкова, бо сярэдняя зарплата ў малым бізнесе нашага рэгіёна яшчэ далёка не дасягае ўзроўню сярэдняй па раёну, якая складае сёння крыху больш за 4 мільёны рублёў.
— Задумайцеся пра гэ­та, бо ў іншым выпадку і пенсіі дастойнай чакаць не варта, — звярталася да прадпрымальнікаў начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Вітрук.
— Вы — гаспадары, і можаце прымяняць у адпаведнасці з законам любыя сістэмы аплаты працы. Галоўнае, каб у работніка, які ў вас заняты, былі стымулы да добрасумленнай працы, — гаварыла ў час сустрэчы намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Антаніна Лапіч.
На праблему недас­тат­ковасці тавараў айчыннай вытворчасці ў прадпры­мальнікаў звярнула ўвагу галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Анжаліка Федарук.
— Іх вельмі мала, а калі і ёсць, то размешчаны далёка не на прыярытэтных гандлёвых месцах, — гаварыла яна.
— Вядома, любое прадпрыемства, вялікае яно ці малое, ствараецца для таго, каб працаваць, атрымліваць прыбытак і развівацца. Аднак не трэба забываць, што яно складаецца і з людзей, якія працуюць і якім патрэбны бяспечныя ўмовы працы, — пра гэта гаварыў галоўны спецыяліст упраўлення Сяргей Пачанчук. — У кожнага работадаўцы павінна быць распрацавана і ўкаранёна сістэма аховы працы, — падкрэсліў ён у прыватнасці.
Ацэньваючы становішча спраў у развіцці прадпры­мальніцтва ў раёне, можна сказаць, што доля прыватных прадпрыемстваў і ІП у агульным аб’ёме вытворчасці раёна пакуль нязначная, як і нязначная іх колькасць. Таму прыярытэтным напрамкам, як гаварыў Эдуард Пятровіч, у прадпрымальніцтве па­вінна стаць пашырэнне вытворчасці тавараў, аказання паслуг, асабліва ў сферы грамадскага харчавання і прыдарожным сервісе. Яшчэ адна праблема, якую трэба вырашаць, — гэта больш інтэнсіўнае развіццё прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці і задзейнічанне ўсіх пустуючых і неэфектыўна выкарыстоўваемых там плошчаў.
* * *
У раёне штогод право­дзіцца конкурс “Лепшы прадпрымальнік года”. Пераможцамі за 2013 год прызнаны ў намінацыях: “Лепшы прадпрымальнік-экспарцёр” – СТАА “Раскарм”, “Лепшы прадпрымальнік ў сферы грамадскага харчавання” – прыватнае ўні­тарнае прадпрыемства “Два таўстуны”, “Лепшы прадпрымальнік у сферы вытворчасці прамысловых тавараў” – прыватнае прамысловае ўнітарнае прадпрыемства “Арыта стыль”. Кіраўнікам іх Эдуард Кан­дзярэшка ўручыў Дыпломы. Варта напомніць, што СТАА “Раскарм” прызнана лаўрэатам абласнога конкурсу ў намінацыі “Лепшы прадпрымальнік-экспарцёр” па выніках 2013 года.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Дыплом за перамогу ў раённым конкурсе ў намінацыі “Лепшы прадпрымальнік-экспарцёр” атрымлівае Вольга ГАЛОЎЧЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 17.05.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!