Маларыта створана для гандбола

У Ірыны Чорнай, настаўніцы фізічнай культуры раённай гімназіі, была даўняя мара: запрасіць на сустрэчу з вучнямі нацыянальную мужчынскую зборную краіны па гандболе. Нядаўна задуманае ажыццявілася. На сустрэчу да гімназістаў прыйшлі: Юрый Шаўцоў, галоўны трэнер зборнай, яго памочнікі — Уладзімір Жук, старшы трэнер, і Ігар Папруга, начальнік каманды, а таксама — варатар Іван Мацкевіч, левы крайні Іван Броўка і разыгрываючы Дзмітрый Нікуленкаў.
Юрый Шаўцоў (алімпійскі чэмпіён Сеула-1988 г., чэмпіён свету 1982 года, 6-разовы чэмпіён СССР, 3-разовы ўладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў, 2-разовы ўладальнік Кубка кубкаў еўрапейскіх краін і Суперкубка) расказаў пра сябе, склад нацыянальнай мужчынскай зборнай, адказаў на пытанні прысутных. Між іншым, на шматлікія пытанні гімназістаў таксама адказалі і Уладзімір Жук, Ігар Папруга, Іван Мацкевіч, Іван Броўка і Дзмітрый Нікуленкаў. Затым члены нацыянальнай зборнай краіны па гандболе лепшым спартсменам установы адукацыі ўручылі граматы. Ад імя нацыянальнай зборнай гандбольныя мячы з аўтографамі яе ігракоў атрымалі Ала Закрутная, дырэктар установы адукацыі, Ірына Чорная, настаўніца фізічнай культуры, і Наталля Асіпук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. Акрамя таго, такія ж мячы былі ўручаны Карыне Рыжэвіч (9 “А” клас) і Ангеліне Марук (7 “Б” клас) за цікавыя пытанні, зададзеныя спарт­сменам. Многія гімназісты пасля сустрэчы фатаграфаваліся з членамі нацыянальнай зборнай па гандболе і бралі ў іх аўтографы на памяць.
* * *
Ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына” нацыянальная мужчынская гандбольная каманда праводзіла свой чарговы планавы збор. На яго было запрошана 20 гандбалістаў з 4 беларускіх клубаў: СКА-Мінск, БГК імя Мяшкова, “Вікторыя-Рэгія” і “Гомель”. У Маларыце каманда сур’ёзна рыхтавалася да матчаў накаўт-раўнда чэмпіянату свету 2015 г. супраць каманды Чарнагорыі. Першы матч нашы гандбалісты правядуць 8 чэрвеня на выездзе ў Падгорыцы, другі — пройдзе праз тыдзень пасля гэтага дома, на пляцоўцы “Мінск-Арэна”. У Маларыце ўніверсальны спартыўны цэнтр «Жамчужына» быў адкрыты ў снежні 2010 г. – кажа Міхаіл Улезла, дырэктар ДЮСШ. — З гэтага часу райцэнтр з кожным годам усё часцей становіцца месцам правядзення спартыўных мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню. Напрыклад, толькі за апошні час на базе “Жамчужыны” прайшло 5 рэспубліканскіх спартакіяд па гандболе сярод выхаванцаў дзіцячых юнацкіх спартыўных школ, а таксама было праведзена 3 зборы нацыянальных каманд: па баскетболе, міні-футболе і зараз – па гандболе. Насычанымі на трэніроўкі былі мінулагоднія летнія месяцы чэрвень – жнівень. У нас сваё майстэрства ў гэты перыяд адшліфоўвалі таксама і каманды з Расіі: СДЮСШР №71 “Ціміразеўская” г. Масква (баскетбол), СДЮШАР №101 “Тушына”, г. Масква (гандбол).
— Маларыта выбрана невыпадкова для збораў, — кажа Юрый Ана­тольевіч. — У вашым горадзе я ўпершыню. Многія ігракі і кіраў­нікі спартыўных клубаў казалі па прыездзе, што ў вас так усё добра ўмеюць арганізаваць. Вырашыў паехаць і асабіста пераканацца. Мае асістэнты, папярэдне вывучыўшы ўмовы, запэўнівалі, што Маларыта — тое месца, якое падыходзіць для рэалізацыі запланаванага. Так і было. Мы сур’ёзна папрацавалі.Магчыма, нацыянальная зборная яшчэ сюды прыедзе на трэніроўкі. Мы дакладна з’явіліся б у Маларыце ў снежні, каб была лёгкаатлетычная зала з бегавой дарожкай.
Хочацца сказаць вялікі дзякуй кіраўніцтву раёна за выдатную арганізацыю збораў нацыянальнай мужчынскай каманды па гандболе.Мне падабаецца, што ў вашым райцэнтры ціха. Людзі, да якіх мы звярталіся, адразу аказвалі нам дапамогу па першай жа просьбе.
— Юрый Анатольевіч,якая галоўная задача стаіць перад вамі цяпер?
— На сённяшні дзень — трапіць на чэмпіянат свету, які пройдзе ў 2015 г. у Катары. Думаецца, што ў нас ёсць на гэта шанцы. Хоць прабіцца туды – справа складаная. Нядаўні матч з камандай Чарнагорыі на чэмпіянаце Еўропы ў Даніі прынёс нам перамогу. Мы выйгралі на апошніх 10 хвілінах гульні. І, напэўна, па той прычыне, што нашы спартсмены былі лепш фізічна падрыхтаваны. Таму ў Маларыце гэтаму мы ўдзялялі значную ўвагу, так, як і тактычным нюансам вядзення гульні.
* * *
Некаторых прадстаўнікоў нацыянальнай мужчынскай зборнай каманды краіны па гандболе мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі аб Маларыце.
Уладзімір Жук:
— Я доўгі час жыў за мяжой. Сам нарадзіўся і вырас ў Мінску. Такія гарады, як Маларыта, падабаюцца больш, чым вялікія. Ваш райцэнтр утульны, кампактны. Тут адчуваеш сябе па-дамашняму цёпла. Пражыванне ў гасцініцы “Юбілейная”, харчаванне ў яе кафэ, трэніроўкі, аднаўленчы працэс аптымальна адпа­вядаюць нашым запытам і патрабаванням. Ды і сама Маларыта пакінула добрыя ўражанні. Горад вельмі сімпатычны. Асабліва зачараваны ўніверсальным спартыўным цэнтрам “Жамчужына”. Гэта – выдатны падарунак усім жыхарам горада і раёна.
Ігар Папруга:
— Юрый Шаўцоў, галоўны трэнер зборнай, надзвычай патрабавальны і да ўмоў пражывання, і да базы, дзе праходзяць трэніроўкі. Але пакуль што нараканняў з яго боку на арганізацыю і правя­дзенне збораў не было. Наша каманда задаволена ўсім. Што тычыцца Маларыты… Калі шчыра, то гэта — горад еўрапейскага ўзроўню. Дагледжаны, са сваім непаўторным шармам. Між іншым, нам пашанцавала з усім у Маларыце, нават з надвор’ем (смяецца).
Іван Мацкевіч:
— У вашым райцэнтры першы раз на вучэбна-трэніровачных зборах у складзе каманды СКА-Мінск быў у жніўні мінулага года. Шмат добрых уражанняў засталося. Я нарадзіўся ў невялічкім гарадку. З дзяцінства прывык да спакойнага і размеранага ладу жыцця. Таму Маларыта ў нечым напамінае мае родныя мясціны. Я тут, сапраўды, адпачываю душою. Гэта — выдатнае месца для правя­дзення збораў нацыянальнай зборнай каманды.
Члены нацыянальнай мужчынскай зборнай краіны па гандболе гаварылі, што Маларыта створана для гандбола, а “Жамчужына” — тое месца, якое з’яўляецца прыцягальным для спартсменаў.
* * *
Акрамя таго, нацыянальная мужчынская зборная краіны па гандболе ў “Жамчужыне” правяла майстар-клас для юных спартсменаў ДЮСШ Маларыцкага раёна. Кіраўніцтва каманды сустрэлася і з Казімірам Лапічам, старшынёй райвыканкама.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: з Казімірам Ла­пічам размова ішла шчырая і зацікаўленая; сустрэча з прад­стаўнікамі нацыянальнай мужчынскай зборнай краіны па гандболе ў раённай гімназіі працягвалася больш за гадзіну.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 21.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


eurobud.com.ua

Битумная черепица IKO Victorian

Металлочерепица Яспис