Наступны прыпынак — дарослае жыццё

29 мая. Субота. Выхадны. Але з самай раніцы назіраецца нязвыклы для гэтага дня рух. Прыгожа апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты з букетамі кветак у руках,  таты і мамы, бабулі і дзядулі загадзя накіроўваюцца ў родныя школы. Усе прыспешваюць, бо баяцца спазніцца. Ва ўстановах адукацыі раёна праводзяцца доўгачаканыя традыцыйныя лінейкі — свята апошняга званка, шлях да якога пралягаў праз доўгія цярністыя адзінаццаць га­доў. Развітальна-шчымлівая мелодыя сёння прагучыць апошні раз для 358 адзінаццацікласнікаў Маларытчыны (базавую школу заканчваюць 376 чалавек). Гэта — радаснае і сумнае мерапрыемства адначасова. Гэта – своеасаблівая мяжа, да якой ты яшчэ дзіця, а пасля яе – дарослы чалавек. Наперадзе няпростае самастойнае жыццё, дзе кожны сам выбірае свой шлях, адказвае за свае ўчынкі, словы і дзеянні.
Незабыўная ўрачыстасць і ў раённай гімназіі. Тут з асаблівым нецярпеннем чакалі гэтага дня, бо ўстанова адукацыі робіць свой першы выпуск. Якім ён будзе? Адназначна пакуль што цяжка адказаць. Але педагагічны калектыў перакананы, што з кожнага выйдзе прыстойны грамадзянін краіны, са­праўд­ны патрыёт, добры чалавек і сем’янін. Для гэтага ёсць усе падставы. Хоць 43 чалавекі і навучаліся ў сценах гімназіі толькі адзін год, але лічаць яе сваёй, роднай, любімай і адзінай. Менавіта ў многім дзякуючы ім, Вікторыі Урублеўскай, Марыне Яцура, Юлі Ганчарэнка і інш.,  слаўнае імя Маларытчыны не раз гучала не толькі на ўзроўні вобласці, але і рэспублікі. Заслуга ў гэтым таксама і Юрыя Янкевіча, які нядаўна быў адзначаны першай прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных  вуч­няў і студэнтаў як пераможца ХХ рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ па выніках за мінулы навучальны год.
З якім настроем падышлі выпускнікі да запаветнага дня, пра што думаюць, мараць, успамінаюць…
Надзея Крэнь:
— На душы радасна і светла. Хочацца спяваць і весяліцца. Нарэшце пераадолена першая сур’ёзная прыступка, вытрыманы першы складаны экзамен. Перад намі адкрываюцца далягляды жыцця, такія зманлівыя і прываблівыя. Хораша ад таго, што моладзі гарантавана атрыманне аду­кацыі, першае месца працы…
Ігар Дваракоўскі:
— Перад намі сто дарог, але неабходна выбраць адну, тую, дзе трэба сцвердзіцца як чалавек. Думаю, што ў нас усё для гэтага ёсць, і ўсё атрымаецца. Было б толькі жаданне. Мы жывем у краіне, дзе пра чалавека пастаянна клапоцяцца. Дзяржава тым, хто заявіў пра сябе, заўжды аказвае падтрымку і дапамогу.
Святлана Дутава:
— У мяне такі перыяд жыцця, калі я на раздарожжы. Але спакойна ад усведамлення таго, што ў сваёй краіне знайду прымяненне сваім сілам, уменням і ведам. Буду тым, кім хочацца.
Алена Андрэйчук:
— Настрой у мяне пры­ўзняты. Я вось толькі сёння нечакана ўсвядоміла, што стала ўжо дарослай. А так яшчэ хочацца пабыць у дзяцінстве, затрымацца там хоць на некалькі імгненняў, таму што ў нас яно было шчаслівае і бестурботнае!
Юлія Каштальян:
— Мне сумна ад таго, што больш не давядзецца ў якасці вучаніцы быць на ўроках цудоўных настаўнікаў гімназіі, якія выхоўвалі нас, вучылі толькі лепшаму, паказвалі прыклад ва ўсім, намагаліся данесці патрэбнае, важнае і галоўнае. Дзякуючы ім, мы грунтоўна і сур’ёзна змаглі падрыхтавацца і спакойна цяпер накіроўваемся ў далёкі шлях, дзе першы прыпынак – дарослае жыццё.
Вялікі дзякуй за ўсё!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: 11“Б” клас раённай гімназіі са сваім класным кіраўніком Алай Грыцэнка.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


nl.ua/ru/stroimaterialy/metall

здесь

www.poliv.ua