У дзіцячы садок – з радасцю

Каб дапамагчы бацькам, дзецям і выхавальнікам наладзіць неабходны кантакт, паспрыяць больш лёгкай адаптацыі дзіцяці да новых умоў, пры дзіцячых дашкольных навучальных установах створаны і працуюць адаптацыйныя групы.
З першых дзён немаўля ахутана ўвагай і клопатам сваіх бацькоў і родных. З матуляй дзіця вучыцца рабіць свае першыя крокі, самастойна трымаць лыжку, вымаўляе першае “агу”, спрабуе маляваць, знаёміцца з тым, што яго акружае. Але аднойчы надыходзіць момант, калі дзіцяці недастаткова ўжо выключна бацькоўскага асяроддзя. Псіхолагі сцвярджаюць, што для нармальнага развіцця дзіцяці трэба ў 3-4 гады аддаваць яго ў дзіцячыя навучальныя ўстановы, дзе малыя вучацца пазнаваць свет у грамадстве, гуляюць з іншымі дзецьмі, атрымліваюць шматпрофільнае навучанне. Аднак многім бацькам па розных абставінах даводзіцца аддаваць сваіх дзетак у ясельную групу значна раней. Такім дзеткам часта складана перажыць доўгую разлуку з бацькамі, цяжка прывыкнуць да новага месца, адаптавацца да вялікай колькасці незнаёмых дзяцей. Сукупнасць усіх гэтых фактараў прыводзіць да таго, што дзіця ідзе ў садок неахвотна, а іншы раз і са слязамі на вачах. Каб дапамагчы бацькам, дзецям і выхавальнікам наладзіць неабходны кантакт, паспрыяць больш лёгкай адаптацыі дзіцяці да новых умоў, тры гады таму ў раёне пачалі ствараць адаптацыйныя групы. Сёння такія групы дзейнічаюць у чатырох гарадскіх садах – яслях-садах №2, №4, №5 і №6. Стварыць адаптацыйную групу ў яслях-садзе №2 г. Маларыты паспрабавалі летась. Вопыт аказаўся станоўчым. Многія дзеткі, якія прыйшлі ў ясельную групу, без праблем прайшлі перыяд адаптацыі. Таму неабходнасць стварэння такой групы і сёлета не выклікала сумнення. Падтрымалі ініцыятыву работнікаў садка і бацькі, таму адаптацыйная група, а складаецца яна з 10 дзетак, была цалкам запоўнена.
— У залежнасці ад асаблівасцей характару і развіцця дзіцяці адаптацыя да новага калектыву можа праходзіць амаль месяц. Заняткі ў адаптацыйнай групе даюць магчымасць дзецям пазнаёміцца з новым асяроддзем, пасля курсу такіх ім лягчэй заставацца без непасрэднага догляду бацькоў. Пры гэтым, займаючыся ў нас, дзеці атрымліваюць дадатковыя навыкі, бо заняткі праводзяцца ў трох накірунках – эстэтычным, фізічным і пазнавальным. У работу з дзецьмі ўключаны выхавальнік, які затым будзе замацаваны за гэтай групай, музычны кіраўнік, кіраўнік фізвыхавання, настаўнік-дэфектолаг і педагог-псіхолаг, — распавяла намеснік загадчыцы садка па асноўнай рабоце Алена Фёдарава.
На працягу 3 месяцаў, пачынаючы з сакавіка, заняткі ў адаптацыйнай групе праходзяць адзін раз у тыдзень. Аплату ў месяц можна назваць вельмі сімвалічнай – каля 20 тысяч рублёў. Гэтыя грошы выкарыстоўваюцца для набыцця матэрыялаў, з якімі дзеці працуюць у час заняткаў. Дарэчы, спецыялісты дашкольнай установы выкарыстоўваюць самыя розныя інавацыйныя формы работы з дзецьмі.
— Кожны з заняткаў будуецца на аснове інтэграцыі і складаецца з розных блокаў. Гэта і развіццё мовы, і лепка, і аплікацыя, і маляванне. А таксама рухальныя гульні, практыкаванні, якія накіраваны на развіццё нязначнай і агульнай маторыкі.Пры гэтым структуру заняткаў мы наўмысна стараемся захоўваць, каб дзеткі прывыкалі да сістэмнасці, арганізаванасці, — адзначае настаўнік-дэфектолаг Ірына Абрамчук. – І гэтая сістэма сапраўды працуе. Цяпер кожнае дзіця, якое прыходзіць у садок, ведае, што і калі трэба рабіць. Вельмі любяць і чакаюць хлопчыкі і дзяўчынкі практыкаванне “Дарожка здароўя”, а гэта масаж для ног.
Пабываўшы на такіх занятках, разумееш, наколькі карыснымі яны з’яўляюцца як для дзетак, так і для бацькоў. Гуляючы ў адной групе, дзеткі атрымліваюць навыкі ўзаемадзеяння паміж сабой. На занятках з музычным кіраўніком яны вучацца азам дамоўных формаў зносін. Фізічныя заняткі фарміруюць рухальную актыўнасць, педагог-псіхолаг дапамагае развіваць пазнавальныя працэсы, мысленне і ўяўленне. А бацькі, у сваю чаргу, набываюць карысны вопыт, каб дзіця далей развівалася дома.
— Работа адаптацыйнай групы пабудавана на ўзаемадзеянні выхавальніка, бацькоў і дзіцяці. Бацькі дапамагаюць сваім дзецям выконваць практыкаванні, разам вучацца маляваць, клеіць, чытаць, выконваць пальчыкавыя практыкаванні. Мы дапамагаем бацькам лепш зразумець сваё дзіця, разам знаходзім найлепшыя індывідуальныя формы работы, — распавядае педагог-псіхолаг дашкольнай ўстановы Вольга Пархац.
У той жа час за тры месяцы агульнай работы выхавальнік атрымлівае магчымасць наладзіць кантакт з бацькамі, добра пазнаёміцца з кожным выхаванцам. Самі ж дзеці прывыкаюць да новай атмасферы, за “свайго” ўспрымаюць выхавальніка і іншых работнікаў садка, паспяваюць наладзіць кантакт з іншымі выхаванцамі.
А што ж думаюць самі бацькі аб рабоце адаптацыйнай групы пры яслях-садзе №2 г. Маларыты?
Святлана Краўцова:
— Першае маё дзіця таксама хадзіла ў гэты садок, аднак тады яшчэ, на жаль, не існавала адаптацыйных груп. Хачу сказаць, што сын з радасцю ходзіць на гэтыя заняткі, з цікавасцю выконвае кожнае практыкаванне. З такім жа настроем, спадзяюся, будзе хадзіць і далей у сад.
Ірына Каламіец:
— Адаптацыйная група не толькі дапамагае прывыкнуць да садка, але і ўсебакова развівае дзіця. Не заўсёды дома атрымліваецца выконваць такія практыкаванні, аб многіх інавацыйных формах работы мы, бацькі, даведаліся толькі на занятках.
Галоўны бар’ер, які перашка­джае дзецям хутка прывыкнуць да новых умоў – гэта адсутнасць родных побач, незнаёмае месца і людзі. Адаптацыйныя групы з дапамогай кароткачасовых сістэматычных заняткаў дазваляюць пераадолець усе гэтыя праблемы, каб дзіця ішло ў дзіцячы садок з радасцю і жаданнем пазнаваць нешта новае .
Дар’я ЛУЦЫК.
На здымку: у час заняткаў адаптацыйнай групы.
Фота Алены ФЁДАРАВАЙ.

Опубликовано в «ГЧ» 21.05.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


стоимость установки гбо

читать далее

www.militarycenter.com.ua