Акцэнт — на развіццё стацыянара-замяшчальных тэхналогій

Пытаннямі кадравага забеспячэння медустаноў раёна, рамонту гэтых медустаноў, аказання платных паслуг і інш. цікавіліся грамадзяне ў галоўнага ўрача райбальніцы Пятра Селівоніка, з якім была арганізавана “прамая лінія” ў рэдакцыі райгазеты. Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з “прамой лініі”.
Кацярына Іванаўна Пугач, інвалід І групы, жыхарка г. Маларыта:
— Пётр Міхайлавіч, я да Вас хутчэй не з пытаннем, а з просьбай. Як вядома, людзям такога сацыяльнага статусу, як у мяне, стаматалагічныя паслугі аказваюцца бяс­платна, хаця згодна з чаргой. У мяне непрадбачаная сітуацыя. Хацелася б, каб Вы пасадзейнічалі ў пазачарговым пратэзаванні зубоў.
Пётр Селівонік:
— Зразумеў Вас, Кацярына Іванаўна. Давайце дамовімся так: я перагавару з доктарам і Вам патэлефаную наконт таго, калі канкрэтна ён зможа Вас прыняць.
К. П.:
— Дзякуй, Пётр Міхайлавіч, за тое, што правільна разумееце маю сітуацыю.
Марыя Ігараўна Але­сіюк, жыхарка Маларыты:
— Са сродкаў масавай інфармацыі ведаю, што ў нас у Брэсцкай вобласці ўзрасла колькасць захворванняў адзёрам і менінгакокавай інфекцыяй. А ў нас у раёне такія захворванні рэгіструюцца?
П. С.:
— Рэгіструюцца, але адзінкавыя выпадкі, хаця сапраўды ў Брэсцкай вобласці 51 чалавек з ліку тых, хто не зрабіў прышчэпку супраць адзёру, захварэлі ім. Гэта нямала. Назіраецца рост выпадкаў і менінгакокавай інфекцыі. Сёлета 3 чалавекі ў нашай вобласці з-за гэтага захворвання памерлі: 70-гадовая бабуля, 18-гадовая дзяўчына і дзіця. Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы папрасіць усіх быць уважлівымі да свайго здароўя і здароўя сваіх дзяцей. Як было ўстаноўлена экспертызай, малое памерла з-за таго, што маці позна абдумалася і несвоечасова звярнулася за медыцынскай дапамогай. А дзіця трэба было адразу паказваць дактарам пасля з’яўлення высыпкі на целе, павышэння тэмпературы, нават нязначнай. Бо калі мікробы інфекцыі трапляюць у кроў, паражаюцца наднырачнікі, а гэта ўжо страшна.
Мікалай Сцяпанавіч Юхімук, пенсіянер:
— Прыемна, безумоўна, цяпер зайсці ў паліклініку, у тэрапеўтычнае аддзяленне, інфекцыйнае, аддзяленне стацыянару з дзённым знаходжаннем. А вось рамонт у хірургічным аддзяленні райбальніцы так і не закончылі. Калі яго плануецца завяршыць?
П. С.:
— Удакладню, Мікалай Сцяпанавіч, што для таго, каб закончыць рамонт у хірургічным аддзяленні райбальніцы, неабходна 20 мільярдаў рублёў. Пакуль такіх грошай няма. Але я думаю, што да 2015 года незавершаныя работы ў хірургічным аддзяленні будуць выкананы, бо ёсць на гэты конт нарматыўны дакумент.
М. Ю.:
— Калі бываеш у вёсках, заўважаеш, што і фель­чарска-акушэрскія пункты ўсе прыведзены ў належны парадак, маю на ўвазе і Радзежскі, і Збуражскі, і Макранскі, і Мельніцкі ФАПы і інш. Ці я памыляюся?
П. С.:
— Не памыляецеся. Фель­чарска-акушэрскія пункты ў нас у раёне сапраўды ўсе адрамантаваны. Іншая справа — амбулаторыі. Хаця плануем зрабіць рамонт і там: і ў Лукаўскай, і ў Хаціслаўскай, і ў Ланской амбулаторыях.
М. Ю.:
— І яшчэ адно немалаважнае пытанне хацеў бы ў Вас высветліць. Наколькі ўстановы аховы здароўя раёна забяспечаны кадрамі?
П. С.:
— Дзякуй Вам за неабыякавасць, Мікалай Сцяпанавіч. Што датычыць забяспечанасці ўстаноў аховы здароўя кадрамі, я б сказаў, што яна здавальняючая. Сёлета да нас па размеркаванні на работу прыедуць 4 маладыя спецыялісты: 3 урачы-тэрапеўты і ўрач лабараторнай дыягностыкі. Ёсць праблема з урачом-рэнтгенолагам і ўрачом ультрагукавой дыягностыкі. Часова склалася праблемная сітуацыя з сярэднім медперсаналам. Адна з прычын гэтага – нізкая заработная плата, хаця з 1 сакавіка г.г. усім катэгорыям медработнікаў мы яе павысілі.
Ганна Валянцінаўна:
— Мы змірыліся з тым, што бясплатную медыцынскую дапамогу аднолькава атрымліваюць усе, алкаголікі ў тым ліку. З аднаго боку – і яны людзі, а з другога – самі ж вінаваты, што аказваюцца на бальнічным ложку. Нярэдка – у рэанімацыйным аддзяленні, дзе аднаўляюць іх арганізм пасля чарговага запою. Колькі ж абыходзіцца дзяржаве лячэнне аднаго пацыента ў суткі ў тым жа рэанімацыйным аддзяленні ці выклік “хуткай дапамогі”?
П. С.:
— Лячэнне аднаго пацыента ў рэанімацыйным аддзяленні ў суткі абыхо­дзіцца для дзяржавы ў 1 мільён 270 тысяч рублёў, а 1 выклік брыгады “хуткай дапамогі” – у 272 тысячы рублёў.
Г. В.:
— А ці не абмяркоўваецца пытанне платнага лячэння такой катэгорыі пацыентаў як алказалежныя?
П. С.:
— Пакуль не.
Ірына Касцевіч:
— Пётр Міхайлавіч, установы аховы здароўя, як і ўсе цяпер арганізацыі, таксама аказваюць платныя паслугі. Наколькі вялікая іх доля ў параўнанні з бюджэтным фінансаваннем?
П. С.:
— Летась, да прыкладу, доля платных паслуг ад бюджэтнага фінансавання склала 7,2%.
І. К.:
— У апошні час пры аказанні медыцынскай дапамогі акцэнт робіцца на развіццё стацыянаразамяшчальных тэхналогій – дзённых стацыянараў. Ёсць такі і ў нас у райбальніцы. Цікава, колькі чалавек, да прыкладу, летась пралячыліся ў аддзяленні дзённага знахо­джання, а колькі ў стацыянарах непасрэдна?
П. С.:
— Летась у стацыянарах з кругласутачным знаходжаннем прайшлі лячэнне 6328 чалавек, а ў дзённых – 915. Каб было больш зразумела, прывяду іншыя лічбы. Кругласутачных ложкаў ва ўстановах аховы здароўя раёна — 198, дзённых – 30. Калі браць такі паказчык, як абарот-ложкі, дык у першым выпадку ён складае 31,9 чалавек, у другім – 22,9. Мяркуйце самі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Пётр СЕЛІВОНІК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 24.05.2014 г.

Добавить комментарий


np.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!