Эканомія, беражлівасць і парадак на зямлі – пытанні надзённыя

Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама. Удзел у ім прыняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пузырэўскі.
1. Эканомны падыход да рэсурсаў
Прыступаючы да разгляду першага пытання “Аб ходзе рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 ад 14 ліпеня 2007 года “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” і выканання праграмы энергазберажэння”, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч адзначыў, што пытанні эканомнага падыходу да рэсурсаў, у асаблівасці энергетычных, стаяць сёння асабліва востра. Сярод асноўных задач — памяншаць энергаёмістасць прадукта, выкарыстоўваць свае рэсурсы для выпрацоўкі цеплавой энергіі, эканоміць паліва ў сельскай гаспадарцы, а таксама выконваць заданні па нарыхтоўцы другасных рэсурсаў.
У сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка адзначыў, што за мінулы год спажыванне энергіі ў раёне склала 25 тысяч тон умоўнага паліўна-энергетычнага рэсурсу. Пры значным нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці ўдалося забяспечыць разумны рост спажывання энергарэсурсаў да выпуску прадукцыі. За мінулы год было рэалізавана 50 мерапрыемстваў па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, 38 з якіх былі прадугледжаны праграмай энергазберажэння. Дзякуючы энергазберагальным мерапрыемствам і ўкараненню новых тэхналогій, суб’ектамі гаспадарання раёна за 2013 год было зэканомлена 1,3 тысячы тон умоўнага паліва. Аднак летась раён некалькі не дацягнуў да выканання паказчыка па энергазберажэнні. Пры заданні мінус 6,0 ён склаў мінус 5,2. Гэта абумоўлена вялікім спажываннем энергіі сумесным закрытым акцыянерным таварыствам “КварцМелПрам”. Заданні па энергазберажэнні не выконвае і шэраг сельгаспрадпрыемстваў, у ліку якіх СВК “Гвозніца”,”Ланская”, “Арэхава”, “Хаціслаўскі”, “Ляхаўцы”, “Дарапеевічы”, дзяржаўнае прадпрыемства “Радзежскае” і ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна”. Па выніках студзеня-сакавіка 2014 г. паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 3,8, пры даведзеным — мінус 2,0. У мэтах большага энергазберажэння летась на ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” быў праведзены энергетычны аўдыт прадпрыемства, у ходзе якога выпрацаваны рэальныя задачы эканоміі энергіі. У хуткім часе такі аўдыт будзе праведзены і ў КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, а па завяршэнні будаўніцтва і на СЗАТ “Кварц­МелПрам”.
Не ўдалося выканаць заданне і па выкарыстанні мясцовых відаў паліва. Доля іх у балансе кацельна-пячнога паліва складае па выніках мінулага года 49,3 працэнта. Сітуацыя зменіцца, зноў жа, калі пачне працаваць трэці завод на “КварцМелПраме”, дзе ў якасці паліва будзе выкарыстоўвацца торф.

2. Крэдытных сродкаў недастаткова
У перыяд з 2004 па 2010 год праблем з будаўніцтвам жылля і яго крэдытаваннем у нашым раёне не існавала. Усе забудоўшчыкі, хто жадаў і меў права пабудаваць індывідуальнае жыллё ці кватэру ў шматкватэрным доме, атрымлівалі дзяржаўную падтрымку. Гэта дазваляла штогод выконваць даведзеныя планы будаўніцтва жылля ў раёне. Сёння з будаўніцтвам жылля, асабліва індывідуальнага, праблема. Гэта адзначалася ў час абмеркавання пытання “Аб ходзе індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў Маларыцкім раёне і забеспячэнні яго неабходнай інжынерна-транспартнай інфраструктурай”.
За 4 месяцы гэтага года ў эксплуатацыю ўведзены 24 індывідуальныя дамы агульнай плошчай 3201 квадратны метр, што складае 31 працэнт ад гадавога задання. За гэты ж час выдадзена 5,1 мільярда рублёў ільготных крэдытаў на будаўніцтва жылля. Крэдытаваліся, як правіла, забудоўшчыкі, тэрміны крэдытавання якіх закончыліся ў 2013 годзе, завяршаюцца ў гэтым годзе, тыя, хто вядзе будаўніцтва падрадным спосабам, а таксама частка забудоўшчыкаў, у якіх згодна з дагаворамі тэрміны крэдытавання завяршаюцца ў наступныя гады.
Цяпер на Маларытчыне вядзецца будаўніцтва і рэканструкцыя 466 індывідуальных жылых дамоў, у іх ліку 94 дамы ў сельскіх населеных пунктах. Будаўніцтва вядзе 31 мнагадзетная сям’я.
Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема льготнага крэдытавання. З 58 сем’яў, якія крэдытуюцца ў 2014 годзе, у поўным аб’ёме крэдыт прадастаўлены толькі 14. 11 сем’ям, уключаным у спісы, крэдытаванне не пачата па прычыне недахопу сродкаў, яшчэ па 205 забудоўшчыках якія маюць права на льготны крэдыт, не пададзены спісы на крэдытаванне ў банк па прычыне недахопу рэсурсаў. Каб на гэты год забяспечыць патрэбу ў крэдытных рэсурсах, неабходна не менш чым 35 мільярдаў рублёў.
Крэдытных жа рэсурсаў на наш раён запланавана выдзеліць 9,1 мільярда рублёў.
Ёсць праблемы і ў будаўніцтве аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў кварталах індывідуальнай жылой забудовы. Звязаны яны, як правіла, з адсутнасцю ў неабходным аб’ёме фінансавання. Так, на сёння не пабудаваны сеткі электразабеспячэння ў кварталах па вуліцах Кобрынскай і Камунараў. Доўгі час вядуцца работы па адсыпцы вуліц у квартале індывідуальнай забудовы “Лазкі-2”.
Райвыканкам прызнаў недастатковай работу прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў будаўнічага комплексу па стварэнні ў кварталах індывідуальнай жылой забудовы аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры і цэнтра банкаўскіх паслуг № 120 ААТ “ААБ “Беларусбанк” у плане павелічэння аб’ёмаў крэдытавання індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва.

3. Датычыцца ўсіх і кожнага
З дакладам па трэцім пытанні “Аб выкананні рашэння Маларыцкага райвыканкама ад 21 чэрвеня 2013 года “Аб навядзенні парадку на зямлі, у тым ліку на механізаваных дварах і фермах сельскагаспадарчых арганізацый ў Маларыцкім раёне” выступіў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Юхімук.
— Пытанням добраўпарадкавання і навя­дзення парадку на зямлі заўсёды надаецца ўвага. Бо гэта “твар” не толькі горада ці вёскі, але і любой арганізацыі. Аднак пакуль яшчэ не ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, жыхары горада і сельскіх населеных пунктаў разумеюць іх важнасць. Многія і зараз думаюць, што нехта павінен за іх наводзіць парадак на зямлі. Аднак гэтае пытанне датычыцца ўсіх і кожнага, — заўважыў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
Спецыялістамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённым Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і землеўпарадкавальнай службай за 5 месяцаў гэтага года выяўлена 69 парушэнняў прыродаахоўнага і санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, складзена 54 адміністрацыйныя пратаколы. У тым ліку абследавана 67 сельскагаспадарчых аб’ектаў, у 32 выяўлены парушэнні.
У раёне распрацаваны і рэалізуецца план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Станоўчыя вынікі ў ходзе яго выканання не прымусілі доўга чакаць: палепшылася культура землекарыстання, наведзены парадак уздоўж аўтамабільных дарог, палепшылася абстаноўка на фермах і механізаваных дварах і тэрыторыях вакол іх.
На пасяджэнні райвыканкама былі разгледжаны і іншыя пытанні, па якіх прыняты адпаведныя рашэнні.
Дар’я ЛУЦЫК.

Опубликовано в «ГЧ» 28.05.2014 г.

Добавить комментарий


www.steroid-pharm.com

bestseller-sales.com/best-sellers-movies/educational/

thailand-option.com/what-is-the-difference-between-7-different-types-of-bureaucracy/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!