Мяняць прозвішча ці не?..

Начальнік аддзела ЗАГС Людміла Гарбацэвіч правяла “прамую лінію” з жыхарамі раёна. Ніжэй — рэпартаж з яе.
Марына, г. Маларыта:
— Выходжу замуж. Ці абавязана нявеста мяняць сваё прозвішча?
— Гэтае пытанне Вы абавязаны абмеркаваць з жаніхом перад тым, як прыйсці ў ЗАГС. Існуе тры варыянты: пакінуць дзявочае прозвішча, узяць прозвішча жаніха ці аб’яднаць два прозвішчы. Тут кожная пара вырашае самастойна зыходзячы з радавога, асабістага і прафесійнага пункту гледжання. Майце на ўвазе, што ў другім і трэцім выпадках Вам давядзецца патраціць час на абавязковую замену наступных дакументаў: пашпарта, працоўнай кніжкі, страхавога поліса. Акрамя абавязковай замены, з часам трэба будзе памяняць і іншыя дакументы: пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку, вадзіцельскае пасведчанне, дакументы на нерухомасць, ваенны білет. Пры захаванні радавога прозвішча Ваша будзе адрознівацца ад прозвішчаў членаў Вашай сям’і – мужа, дзяцей.

Вадзім, в. Ляхаўцы:
— Чым адрозніваецца неўрачыстая рэгістрацыя шлюбу ад урачыстай?
— Адрозненне ў тым, што ў першым выпадку вы прыходзіце ў ЗАГС, дзе ставіце свае подпісы ў запісе акта аб заключэнні шлюбу. Вам выдаюць пасведчанне аб заключэнні шлюбу, і ў пашпартах ставяць адпаведныя штампы. Гэта справа 5 хвілін. І тут не патрэбны ніякія пярсцёнкі, вясельныя ўбранні, госці і г.д. А ўрачыстая рэгістрацыя – гэта ўсё тое ж самае, толькі з усімі вясельнымі атрыбутамі, урачыстымі прамовамі ў прыгожай зале, музыкай і віншаваннямі.

Анатоль Раманавіч, в. Гвозніца:
— Згубіў пасведчанне аб нараджэнні. Нарадзіўся ў Расіі. Як атрымаць паўторнае пасведчанне?
— Вам неабходна звярнуцца ў аддзел ЗАГС па месцы жыхарства з дакументам, які засведчвае асобу. Калі Вы мянялі прозвішча, напрыклад, пасля таго, як уступілі ў шлюб, павінны таксама прад’явіць дакумент, што пацвярджае змяненне прозвішча ці іншых дадзеных. На падставе запоўненай анкеты аддзел ЗАГСа зробіць запыт у орган ЗАГСа па месцы нараджэння. За выдачу паўторнага пасведчання аб нараджэнні Вам неабходна будзе заплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры 0,5 базавай велічыні.

Таццяна Іванаўна, в. Замшаны:
— Людміла Уладзіміраўна, хацелася б даведацца пра парадак устанаўлення бацькоўства ў адносінах нованароджанага дзіцяці.
— Устанаўленне бацькоўства дзіцяці, што нарадзілася ў маці, якая не рэгістравала шлюб, праводзіцца ў органах, што рэгіст­руюць акты грамадзянскага стану, па месцы жыхарства аднаго з бацькоў ці па месцы нараджэння дзіцяці, па іх заяве, адначасова з рэгістрацыяй нараджэння. Для гэтага неабходна асабістая прысутнасць абаіх бацькоў з пашпартамі, медыцынская даведка аб нараджэнні дзіцяці. Калі маці яшчэ не скасавала шлюб, альбо з дня скасавання шлюбу ў судзе прайшло менш 10 месяцаў, рэгістрацыя дзіцяці на фактычнага (сапраўднага) бацьку можа быць выканана толькі ў выпадку пісьмовай адмовы мужа (былога) ад дзіцяці, заявы маці, якая па­цвярджае, што муж (былы муж) не з’яўляецца бацькам дзіцяці, і адначасовай заявы маці і фактычнага бацькі дзіцяці аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства. Калі былы муж не можа асабіста з’явіцца на рэгістрацыю нараджэння дзіцяці, ён можа прадставіць пісьмовую адмову ад дзіцяці, завераную натарыяльна.

Юлія, г. Маларыта:
— Калі жаніх і нявеста хочуць зарэ­гістраваць шлюб у строга абумоўлены дзень, ці могуць яны напісаць заяву ў ЗАГС за паўгода раней?
— Не. У адпаведнасці з арт. 16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб шлюбе і сям’і” заключэнне шлюбу праводзіцца ва ўзгодненыя бакамі тэрміны, але не раней, чым праз 3 дні і не пазней, чым праз 3 месяцы пасля падачы заявы жадаючымі ўступіць у шлюб, у дзяржаўны орган, дзе рэгіструюць акты грамадзянскага стану. Але ў аддзеле ЗАГС вядзецца папярэдні запіс на рэгістрацыю шлюбу. Можна запісацца на абумоўлены дзень і час і ва ўстаноўленыя тэрміны падаць заяву.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: начальнік аддзела ЗАГС Людміла ГАРБАЦЭВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 28.05.2014 г.

Добавить комментарий


www.220km.com.ua/category/force/

http://steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!