Са спортам лягчэй жывецца!

Раённая спартакіяда работнікаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якая праводзілася па ініцыятыве галіновага райкама прафсаюза прайшла на базе ўніверсальнага спартыўнага цэнтра “Жамчужына”. Педагогі Маларытчыны з 24 устаноў адукацыі змагаліся за перамогу і спрабавалі свае сілы ў 7 відах спорту: шашках, дартсе, стральбе з вінтоўкі, футболе (пенальці), скачках у даўжыню з месца, настольным тэнісе і плаванні. На старт выйшлі амаль 200 чалавек. Кожны ўдзельнік спартакіяды імкнуўся паказаць максімальны вынік. Таму і саперніцтва ў кожным відзе праграмы было надзвычай вострым.
— Гэтую спартакіяду мы зноў правялі пасля двухгадовай паўзы, — кажа Тамара Бурштын, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. — Яна павінна стаць працягам добрай традыцыі па далучэнні да здаровага ладу жыцця педагогаў Маларытчыны, актыўных заняткаў спортам. Хочацца, каб у нас было як мага больш аматараў актыўнага адпачынку.
— Усе без выключэння каманды ў час правядзення спартакіяды прадэманстравалі нядрэнную фізічную падрыхтоўку, — гаворыць Анатоль Алесік, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета, — а галоўнае – волю да перамогі, узаемападтрымку, еднасць і спартыўную салідарнасць.
Аднак перамога на спартакіядзе ўсміхнулася на гэты раз самым падрыхтаваным камандам. Не было роўных педагогам Велікарыцкай СШ (дырэктар Ірына Наркевіч), на другім месцы — каманда Мельніцкай БШ (дырэктар Іван Шышук), на трэцім – СШ №1 (дырэктар Наталля Пракапук). Сярод дашкольных устаноў адукацыі лепшымі былі педагагічныя калектывы д/с №6 (загадчыца Галіна Ігнатчук), №4 (загадчыца Галіна Барычэўская) і №5 (загадчыца Галіна Старожык).
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: імгненні спаборніцтваў работнікаў адукацыі Маларытчыны.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 28.05.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!