…І акрылялася душа

Машына аўтаклуба аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі хутка пераадольвала кіламетры дарогі ў аддаленую вёску Перавое. Тут артыстаў чакалі ўжо вяскоўцы. Балазе, і надвор’е спрыяла – ярка свяціла сонейка, ды і свае штодзённыя сялянскія справы людзям можна было адкласці, бо мерапрыемства спецыяльна прымеркавалі да праваслаўнага свята. У госці да вяскоўцаў разам з калектывам аўтаклуба, якім кіруе вельмі творчы чалавек – Яўгенія Наўрасюк, прыехалі спецыялісты тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб расказаць пра шырокі спектр паслуг, якія аказвае сацыяльная служба раёна. Не засталіся ў баку і бібліятэкары раённай бібліятэкі. Яны прапанавалі вяскоўцам выстаўку навінак друкаваных выданняў “Мы чытаем – не сумуем”, а яшчэ прывезлі нямала кніг, якія кожны мог узяць, каб потым пачытаць дома. Сапраўдны сюрпрыз чакаў маленькіх жыхароў вёскі Перавое – яны бясплатна на працягу некалькіх гадзін маглі весяліцца на батуце.
Любое мерапрыемства ў вёсцы – гэта заўжды свята. А таму ля аўтобуснага прыпынку, дзе звычайна праходзяць у Перавым усе вясковыя ўрачыстасці, сабраліся амаль усе жыхары – у большасці, вядома ж, пенсіянеры. Для іх гучалі песні, ім, працавітым сялянам, прысвячаліся цёплыя словы. Сакрэтамі свайго сямейнага шчасця вядучая праграмы Яўгенія Наўрасюк запрасіла падзяліцца сям’ю Церашчукоў. Сцяпан Апанасавіч, які, між іншым, сёлета святкуе свой 80-гадовы юбілей, і яго палавінка — Вольга Паўлаўна, разам ідуць па жыцці ўжо 51 год. Былі запрошаны на імправізаваную сцэну і мнагадзетныя маці Яўгенія Дзмітрыеўна Луцык, Алена Васільеўна Панасюк, Вольга Паўлаўна Церашчук і Валянціна Сцяпанаўна Бягеза. Яны паўдзельнічалі ў гульнёвай праграме і атрымалі падарункі. Між іншым, у конкурсах былі задзейнічаны ўсе, хто прыйшоў на мерапрыемства. Дарослыя і дзеці, аб’яднаўшыся ў сямейкі, рабілі святочную паштоўку. Разам вяскоўцы ўспаміналі прыказкі і прымаўкі, а яшчэ спявалі песні. Яны, шчырыя, народныя, напоўнілі наваколле і, падхопленыя ветрам, паляцелі па вёсцы. Сваімі музычнымі кампазіцыямі радавалі вяскоўцаў і самі артысты. Душэўныя песні дарылі пераўскім жыхарам Юрый Лішуга, Яўгенія Наўрасюк і дзіцячы ансамбль “Анціфон”.
Настрой у вяскоўцаў, для якіх не так часта ладзяцца святы, быў прыўзняты. Ад імя жыхароў вёскі Перавое падзяку ўсім арганізатарам мерапрыемства выказала старшыня Арэхаўскага сельвыканкама Святлана Вітаноўская. А самі вяскоў­цы дзякавалі гасцям дружнымі апладысментамі і сваімі ўсмешкамі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: свята ў вёсцы Перавое.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 31.05.2014 г.

Добавить комментарий


www.agroxy.com

thailand-option.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!