Майстар-клас ад алімпійскай чэмпіёнкі

Ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына” правяла майстар-клас Юлія Несцярэнка, алімпійская чэмпіёнкаа Афін 2004г. у бегу на дыстанцыі 100 метраў. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках акцыі “Спартсмены – дзецям!” Беларускай федэрацыяй гандбола (намеснік старшыні Іван Семяненя) пры падтрымцы і ўдзеле Маларыцкага райвыканкама (старшыня Казімір Лапіч), Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна (дырэктар Міхаіл Улезла). Лёгкаатлетычны майстар-клас для вучняў устаноў адукацыі горада і раёна вёў спартыўны дыктар Леанід Бандаровіч. 

Леанід Георгіевіч напачатку расказаў пра Юлію Віктараўну, пра яе дасягненні. Пад апладысменты сустракалі прысутныя алімпійскую чэмпіёнку ў спартыўнай зале. Спачатку Юлія Несцярэнка правяла невялікую размінку з лепшымі юнымі спартсменамі раёна. Пасля гэтага былі спаборніцтвы юнакоў і дзяўчат 1997-1999 гадоў нараджэння на дыстанцыі 30 метраў. Лепшых бегуноў узнагароджвала сама алімпійская чэмпіёнка. У праграме майстар-класа была запланавана і спартыўная віктарына, якую правёў Іван Семяненя. Пытанні яе былі звязаны не толькі з дасягненнямі беларускіх лёгкаатлетаў, а наогул са спартыўным жыццём краіны. Лепшыя знаўцы таксама атрымалі ўзнагароды з рук Юліі Несцярэнкі.
Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама, шчыра падзякаваў Юліі Віктараўне за праведзенае мерапрыемства, выказаў спадзяванне, што яна правядзе яшчэ не адзін майстар-клас у Маларыце, уручыў кветкі і падарунак.
На мерапрыемстве пры­сутнічаў і Барыс Пухоўскі, ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі па гандболе, які цяпер выступае за венгерскі клуб “Чурго”.(Між іншым, гандбольны клуб “СКА-Мінск” трэніровачныя зборы з 24 па 29 мая праводзіў на базе УСК “Жамчужына”). Тытулаваны гандбаліст уручыў Міхаілу Улезле 50 білетаў на матч накаўт-раўнда чэмпіянату свету 2015 г. паміж зборнымі Беларусі і Чарнагорыі, які пройдзе 15 чэрвеня на пляцоўцы “Мінск-Арэна”.
Падчас правядзення майстар-класа Міхаіл Улезла і Леанід Бандаровіч узнагародзілі лепшых лёгкаатлетаў раёна: Дзмітрыя Лук’янчука, прызёра першынства РБ сярод ДЮСШ і СДЮШАР па лёгкай атлетыцы, пераможцу алімпійскіх дзён моладзі; Івана Лук’янчука, неаднаразовага прызёра алімпійскіх дзён моладзі па лёгкай атлетыцы і першынства Брэсцкай вобласці; Марыю Кавальчук, неаднаразовага прызёра першынства Брэсцкай вобласці па лёгкай атлетыцы; Алёну Абрамчук, прызёра алімпійскіх дзён па лёгкай атлетыцы.
Майстар-клас закончыўся агульным фота на памяць. Але і пасля гэтага вучні не спяшаліся разыходзіцца: яны бралі аўтографы ў алімпійскай чэмпіёнкі, фатаграфаваліся з ёю. Многім Юлія Віктараўна дазволіла патрымаць у руках яе шматлікія ўзнагароды, у тым ліку — і залаты алімпійскі медаль алімпіяды ў Афінах 2004 года.
Пасля заканчэння мерапрыемства Юлія Несцярэнка згадзілася адказаць на пытанні карэспандэнта газеты.
— Юлія Віктараўна, чым Вы займаецеся зараз?
— Я яшчэ ў спорце, у пастаянных трэніроўках. Планую выступаць на розных спаборніцтвах.
— Пасля алімпіяды ў Пекіне ў Вас не ўзнікла жаданне “завязаць” са спортам?
— Безумоўна, былі перыяды незадаволенасці сабою, адчаю, дэпрэсіі. Але ніколі не ўзнікала думка пайсці з вялікага спорту. Лёгкая атлетыка – гэта, напэўна, сэнс усяго майго жыцця.
— Юлія Віктараўна, у тым, што Вы заваявалі алімпійскі медаль, ёсць нейкая заканамернасць?
— Так. Гэта мая нялёгкая штодзённая праца. Проста так нічога не бывае. Я расла ў спартыўнай сям’і, дзе заняткі фізічнай культурай заўсёды ўхваляліся. Першым трэнерам стаў школьны настаўнік фізічнай культуры. Са школьных гадоў пры магчымасці ўдзельнічала ў розных спартыўных спа­борніцтвах. Былі вынікі. А гэта, напэўна, давала стымул для заняткаў на стадыёне, у спартыўнай зале.
— Раней Вы хацелі змяніць сваё жыццё. А цяпер?
— Я ўдзячна Богу за ўсё, што было ў маім жыцці: радасці і расчараванні, узлёты і падзенні. Былі смутак, жаль і шчасце, перамогі… Усё было. Калі б была магчымасць пачаць усё спачатку, нічога не змяняла б. Безумоўна, былі памылкі розныя. Але на тое яно і жыццё, што ва ўсіх яны бываюць. У такія моманты я не магла зрабіць інакш, як зрабіла. Маё сэрца, душа ў тых сітуацыях падказвалі мне дзейнічаць менавіта так, а не інакш. Жыццё трэба ўспрымаць такім, якое яно ёсць.
— Юлія Віктараўна, Вы пастаянна праводзіце майстар-класы ў розных гарадах краіны. Што яны Вам даюць?
— Для мяне асабіста – гэта многа станоўчых эмоцый. Калі магу нешта аддаць, зрабіць для прапаганды лёгкай атлетыкі, то раблю гэта з вялікім задавальненнем. Я сама люблю спорт, і хочацца, каб да яго было далучана як мага больш людзей.
— Акрамя правядзення майстар-класаў, Вы прымаеце актыўны ўдзел і ў дабрачынных акцыях…
— Так. Гэта своеасаблівы парыў душы. Менавіта ў такія моманты, калі ты не бярэш, не атрымліваеш, а аддаеш нешта іншым на душы становіцца радасна і светла. У тым, што стала займацца дабрачыннасцю, заслуга і Івана Семянені, які арганізоўвае такія мерапрыемствы.
— Юлія Віктараўна, якія ў Вас уражанні ад наведвання Маларыты?
— Самыя светлыя. У Маларыце я ў другі раз. Памятаю, як цёпла нас сустракалі ў час мінулага прыезду. Горад ваш чысты, акуратны, прыгожы. Маларыта мне вельмі спадабалася з першага погляду. Вялікі дзякуй хочацца сказаць і Казіміру Лапічу, старшыні райвыканкама; і Генадзю Германюку, намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму; і Міхаілу Улезлу, дырэктару ДЮСШ Маларыцкага раёна. Я з задавальненнем прыеду яшчэ не раз у Маларыту, калі будуць запрашаць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: моманты майстар-класа з Юліяй Несцярэнка, алімпійскай чэмпіёнкай; аўтографы на памяць.
Фота аўтара і Алега Крэмянеўскага.

 Опубликовано в «ГЧ» 4.06.2014 г.

Добавить комментарий


https://pillsbank.net

https://pillsbank.net

steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!