“Наркотыкам — “не”, а творчасці — “так”!

“Без гэтага можна жыць” – пад такой назвай з мэтай прафілактыкі ўжывання наркатычных і псіхатропных рэчываў, а таксама ўчынення правапарушэнняў і злачынстваў непаўналетнімі ў красавіку-маі па ініцыятыве пракуратуры раёна праводзілася міжведамасная гарадская прафілактычная акцыя. 

Арганізатарамі мерапрыемстваў, конкурсаў, спаборніцтваў, сяброўскіх сустрэч, якія праходзілі ў рамках акцыі, былі раённая пракуратура, аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённы аддзел унутраных спраў, раённы камітэт ГА “БРСМ”, цэнтральная раённая бальніца, Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці і многія іншыя ўстановы і арганізацыі раёна. Фіналам акцыі стала мерапрыемства, якое аб’яднала ў адно цэлае намаганні многіх людзей. Школьнікі, якія былі запрошаны на сустрэчу ў гарадскі Дом культуры, з першых хвілін трапілі, як гаворыцца, “у тэму”. Падлеткам прапаноўваліся буклеты і лістоўкі з перасцярогай ад шкодных звычак, інфармацыяй пра небяспеку наркотыкаў, у першую чаргу такой іх разнавіднасці, як спайс. Работнікі раённай бібліятэкі падрыхтавалі выставу літаратуры па тэме здаровага ладу жыцця, а аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прапанавала сваю альтэрнатыву шкодным звычкам – захапленне рознымі відамі творчасці, размясціўшы ў фае ГДК выстаўку розных вырабаў, зробленых рукамі гурткоўцаў.
А ў вялікай зале гарадскога Дома культуры юнакоў і дзяўчат чакала цікавая гутарка. Пачалася яна са знаёмства з тымі мерапрыемствамі, якія праводзіліся ў раёне на працягу двух месяцаў і былі накіраваны на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, рознабаковае развіццё дзяцей і раскрыццё мастацкіх і іншых творчых здольнасцей, фарміраванне маральных каштоўнасцей дзяцей і моладзі, а таксама прыцягненне іх увагі да надзённых сацыяльных праблем. Падрабязна пра іх распавяла памочнік пракурора раёна Вольга Бурштын. Яе словы падмацавала відэастужка аб той прафілактычнай рабоце, якую ініцыіравала пракуратура Брэсцкай вобласці.
Даходлівы расказ аб шкодным уздзеянні спайсаў пачулі школьнікі ад урача-валеолага райбальніцы Вольгі Кавалеўскай. Яна прывяла канкрэтныя лічбы, якія гавораць аб разбуральнай сіле наркотыкаў. А старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Андрэй Гапонік пазнаёміў падлеткаў з фактамі трагічнага фіналу гісторый, звязаных з наркатычнай залежнасцю, і адказаў на пытанні маладых людзей.
Актыўна праводзіць свой вольны час, пастарацца знайсці сабе занятак даспадобы, каб не заставалася ў жыцці месца для шкодных звычак, заклікаў юнакоў і дзяўчат першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі. Ён уручыў дыпломы і падарункі пераможцам конкурсу малюнкаў, які быў арганізаваны ў рамках акцыі “Без гэтага можна жыць”. Сярод работ вучнёўскай моладзі лепшым быў прызнаны малюнак Юліі Пальчук з сярэдняй школы № 2, пераможцам сярод навучэнцаў прафесійнага ліцэя стаў Андрэй Мошчык, сярод працоўнай моладзі – Таццяна Краўцова з Хаціслаўскага лясніцтва. Праз мастацкую творчасць усе яны змаглі перадаць свае адносіны да негатыўных з’яў, якія разбураюць чалавека. Гаварыць наркотыкам – “не”, а талентам, здольнасцям, творчасці і добрай песні – “так” заклікалі моладзь і юныя артысты, падарыўшы шмат добрых, аптымістычных песень.
Дзякуючы спонсарскай падтрымцы раённага камітэта “БРСМ” і пракуратуры раёна, актыўныя ўдзельнікі акцыі і юныя артысты атрымалі падарункі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час фінальнага мерапрыемства акцыі “Без гэтага можна жыць”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 4.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.pharmacy24.com.ua

https://progressive.ua

steroid-pharm.com