Ферма надзеі

Валавая вытворчасць малака ў СВК “Рыта” за 5 месяцаў гэтага года склала 1831,2 цэнтнера, што на 257,2 цэнтнера больш за такі ж перыяд летась, надой малака ад каровы за гэты час павялічыўся на 217 кілаграмаў і дасягнуў 2280 кілаграмаў.
А яшчэ ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ў гаспадарцы на 363 галавы павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у тым ліку дойны статак прырос на 30 кароў. Такія станоўчыя зрухі ў жывёлагадоўлі ў цэлым і ў малочнай, у прыватнасці, у сельгаспрадпрыемстве звязваюць з увядзеннем у строй першай чаргі фермы Вялікарыта на 1400 галоў, якая, хоць і не так хутка, як меркавалася, “вырасла”, нарэшце, у чыстым полі. Гэты аб’ект з круглагадовым бяспрывязным утрыманнем дойнага статка, з сучаснай камп’ютарызаванай даільнай залай і новым малочным блокам у перспектыве павінен стаць сапраўднай фабрыкай па вытворчасці малака. Праўда, сказаць, калі канкрэтна гэта будзе, старшыня СВК Іван Пастушак пакуль не можа. Бо будаўніцтва фермы, у якую ўжо інвесціравана 43 мільярды рублёў, яшчэ працягваецца. І тых 19 мільярдаў, што выдзелены гаспадарцы на яго завяршэнне на гэты год, наўрад ці хопіць. Таму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства прапрацоўвае сёння варыянты выканання пэўнай часткі работ гаспадарчым спосабам. Гэта дазволіць паскорыць завяршэнне будаўніцтва астатніх элементаў аб’екта (памяшкання для цялушак, цялятніка, вагавой, склада для сена і зерня), зрабіць пад’езды і дарогу, добраўпарадкаваць тэрыторыю і агарадзіць яе, а яшчэ набыць спецыяльныя домікі для маленькіх цялятак і “запусціць” ферму на поўную магутнасць.
Пакуль жа тут функцыянуюць толькі два памяшканні з бяспрывязным утрыманнем кароў, даільная зала і малочны блок, а маленькія цяляты ўтрымліваюцца ў звычайных драўляных клетках, якіх яўна малавата. Бо па двое ў клетцы ім, магчыма, і весялей, ды толькі, здаецца, крыху цеснавата. Даглядае за маладняком Наталля Хапалюк. Патомнай даярцы (ў свой час на ферме працавала і яе маці) са стажам і вопытам работы даверылі, бадай, самы адказны ўчастак: раздой кароў пасля расцёлу і догляд за маленькімі цялятамі да перадачы іх на дарошчванне. Трэба сказаць, што ў яе гэта добра атрымліваецца. А значыць, будучае малочнай жывёлагадоўлі гаспадаркі ў надзейных руках.
Акрамя Наталлі Хапалюк, на ферме працуюць яшчэ тры даяркі. Марыя Нушчык, Таццяна Такарчук і Вольга Крупта дояць кароў, якія знаходзяцца на бяспрывязным круглагадовым стойлавым утрыманні. Усе жанчыны не навічкі ў жывёлагадоўлі, таму яны хутка асвоіліся на новай ферме і засталіся задаволеныя ўмовамі, якія створаны для работы, што з’яўляецца добрым стымулам для прадукцыйнай працы. Вось і ў гэтыя чэрвеньскія дні яны атрымліваюць рэкордныя для сельгаскааператыву надоі – па 19 кілаграмаў малака ў суткі. У сярэднім па гаспадарцы на карову дояць па 18 кілаграмаў. Гэта трэці вынік у раёне.
Што тычыцца кармлення дойнага пагалоўя, то ў Вялікарыце яно, як і на фермах «Дубічна» і «Масевічы» (тут статкі выганяюць на пашу), для падтрымання прадуктыўнасці атрымлівае па 300 грамаў заводскіх канцэнтратаў на літр малака і да 60 кілаграмаў зялёнай масы. На жаль, пакуль у гаспадарцы не створаны пераходны фонд кармоў, таму кароў на ферме кормяць “зялёнкай” і, як гавораць, прама з колаў. Калі ж у гаспадарцы будзе забяспечаны паўтарагадовы запас фуражу, упэўнены кіраўнік СВК, справы павінны пайсці значна лепш. Галоўная задача зараз – не знізіць прадуктыўнасці кароў.
Умовы ўтрымання жывёлы, мяркуючы па выглядзе кароў, на новай ферме знаходзяцца на належным узроўні. Нават у сырое дажджлівае надвор’е яны былі чыстыя і дагледжаныя. Па словах загадчыцы Ніны Літвінюк, гной з памяшканняў, дзе ўтрымліваецца дойнае пагалоўе, і з выгульных дворыкаў, куды рагулі могуць выйсці ў любы час, выдаляецца праз дзень. Саломы для подсцілу дастаткова.
Распавядаючы пра справы галіны, Іван Пастушак зазначыў, што нягледзячы на рэканструкцыю фермы ў Дубічна і будаўніцтва новай у Велікарыце, яны не скарацілі штат жывёлаводаў. Работа ім знайшлася. А яшчэ старшыня падзяліўся планамі далейшага развіцця жывёлагадоўлі. У якасці галоўных задач у перспектыве: павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы — ужо да канца сёлетняга года яно павінна скласці 3200 галоў (зараз 3113), а пасля і на ўзровень 1991 года выйсці. Дарэчы, тады ў гаспадарцы налічвалася 4100 галоў буйной рагатай жывёлы. Пагалоўе кароў плануюць давесці да 900. Калі з гэтай задачай калектыў справіцца, і створыць пераходны фонд кармоў, тады ферма надзеі стане фермай рэальнасці і зможа даць поўную і важкую аддачу: адчувальна павялічыцца вытворчасць малака, павысіцца прадуктыўнасць дойнага статка, якая летась дасягнула 5003 кілаграмаў.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: даярка Наталля Хапалюк ведае, як падысці да кожнага свайго гадаванца.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 7.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


пассивный доход без вложений

www.fashioncarpet.com.ua/

www.profvest.com/2015/12/Fondoviy-rinok.html