Ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына” было наладжана свята “Дзяцінства – значыць, радасць”

З ранку неба зацягнулі хмары, пачаўся дождж. Паглядаючы на шэрае неба, многія вырашылі, што запланаваная ў Дзень абароны дзяцей у парку святочная праграма будзе адменена. Але арганізатары свята вырашылі: яно павінна адбыцца ў любое надвор’е. І каб дождж не перашкаджаў гуляць і весяліцца, месцам правядзення святочнага мерапрыемства “Дзяцінства – гэта значыць радасць” стаў спартыўны цэнтр “Жамчужына”.
Можна з упэўненасцю сказаць, што хлопчыкі, дзяўчынкі, і іх бацькі ніколькі не пашкадавалі, што прыйшлі на свята. Дзяцей чакала цудоўнае падарожжа з прыпынкамі на розных цікавых станцыях. Першая з іх — спартыўная — захапіла хлопчыкаў і дзяўчынак розных узростаў. Узяўшы ў рукі скакалкі, абручы, мячы, дзеці спаборнічалі ў розных турнірах. А тых, каго не зацікавілі спартыўныя гульні, чакала станцыя малявальная. Яна сабрала ўсіх, хто любіць мастацтва. На гэтай пляцоўцы не было межаў для дзіцячай фантазіі. Нехта спрабаваў першы раз намаляваць малюнак мыльнымі бурбалкамі, другі выбіраў у якасці пэндзліка звычайную губку. Самых маленькіх мастакоў чакалі фламастэры і кніжкі-размалёўкі. Тут жа, побач, размясцілася і творчая станцыя. Валанцёры з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва гатовы былі навучыць кожнага, хто пажадае, модульнаму арыгамі, праводзілі майстар-клас па вырабу прыгожых рэчаў з газетных трубачак. “Рухаючыся” па святочнаму маршруту, дзеці маглі патрапіць на станцыю “Хатніх гадаванцаў”. Паказаць сваіх любімцаў, а сярод іх былі і каты, і хамякі, і нават марская свінка, вырашылі маларытчане. І хоць жывёлін было не шмат, але дзеці з цікавасцю разглядалі кожную, а гаспадары з задавальненнем расказвалі пра сваіх гадаванцаў.
Наперадзе лета. А таму не магло абысціся падарожжа без станцыі “Бяспечная”. Наведаўшы яе, хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з галоўнымі правіламі паводзін на вадзе, адказалі на пытанні віктарыны па пажарнай бяспецы, змаглі прымерыць выратавальную камізэльку, пабываць у кабіне пажарнай машыны, пазнаёміцца з абсталяваннем міліцэйскай машыны, а ўдзельнікі гуртка “Юны пажарны” Цэнтра дадатковага навучання дзяцей і моладзі раздалі ўсім, хто прыйшоў на свята ,буклеты з карыснымі парадамі. Шмат хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшло на пляцоўку, дзе размясціліся пагранічнікі. І не дзіва. Ваенныя прывезлі з сабою зброю, якую можна было не толькі паглядзець, але і патрымаць у руках. Тут жа дзеці знаёміліся і з чацвераногім памочнікам пагранічнікаў – Норэсам. Не пуставала і “Лятальная” пляцоўка. Дзеці з задавальненнем майстравалі самалёцікі і, праводзячы спаборніцтвы на далечыню палёту, запускалі іх. А кульмінацыяй для ўсіх стаў запуск ракет, якія выраблялі ўдзельнікі гуртка пачатковага тэхнічнага мадэліравання.
У рамках свята дзяцей сваю рэкламную акцыю “Дзіцячая зберагальная праграма” правялі спецыялісты Белаграпрамбанка. Кожны маленькі ўдзельнік свята атрымаў паветраны шарык з лагатыпам банка і невялікі падарунак – флікер, а таты і мамы пазнаёміліся з умовамі банкаўскага ўкладу “Расці вялікі” і магчымасцямі дзіцячай банкаўскай карткі.
Надвор’е не дазволіла хлопчыкам і дзяўчынкам пракаціцца на катамаранах, пазабаўляцца на вулічных атракцыёнах. Але для іх у спартыўнай зале працавалі батуты. Гуляць на іх было ўдвая прыемней пад музыку, бо тут жа, у зале, песнямі і танцамі радавалі ўсіх юныя артысты гарадскога Дома культуры і школы мастацтваў. Усе маленькія ўдзельнікі свята атрымлівалі прызы, якія ў якасці спонсарскай дапамогі выдзелілі магазіны “Смакландыя” і “Глобус”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час свята “Дзяцінства – гэта значыць радасць”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 7.06.2014 г.

Добавить комментарий


http://best-cooler.reviews/

https://www.best-cooler.reviews/

www.agroxy.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!