У каго дзеці — у таго і шчасце

Напэўна, ніхто сёння не ўяўляе вяселле без урачыстай рэгістрацыі шлюбу. Але ўрачыста зарэгістраваць можна не толькі стварэнне сям’і, але і нараджэнне дзіцяці. Для гэтага патрэбна адно – жаданне саміх бацькоў.
Нараджэнне дзіцяці ў сям’і! Усю веліч гэтай радасці можа зразумець толькі той, хто ўсім сэрцам чакаў з’яў­лення на свет маленькага чалавечка, хто справядліва лічыць бацькоўскае шчасце найвышэйшай жыццёвай каштоўнасцю. Як прыемна раздзяліць гэтую радасць з самымі блізкімі і дарагімі людзьмі: роднымі, сябрамі, калегамі. Гэта адчулі і тройчы бацькі маларытчане Сяргей і Вольга Астапукі ў час урачыстай рэгістрацыі дачкі Ясеніі.
…Ва ўтульнай зале для ўрачыстых рэгістрацый аддзела ЗАГС райвыканкама гучыць лёгкая чароўная музыка. Тут сабраліся бацькі Сяргей і Вольга Астапукі, іх старэйшыя дзеці Мацвей і Паліна, калегі, сябры. Загадчыца аддзела ЗАГС Людміла Гарбацэвіч пачынае ўрачыстую рэгістрацыю нованароджанай дачкі Ясеніі ў сям’і Сяргея і Вольгі.
— Важным прызнаннем правоў новага чалавека з’яўляецца дзяржаўная рэгістрацыя нараджэння, — кажа яна, — а права на імя – самым галоўным правам новага грамадзяніна. І часам бацькам няпроста вырашыць, як назваць сваіх сына ці дачку. Бо імя – гэта першы падарунак, які яны дораць свайму дзіцяці. Дарагія бацькі Вольга і Сяргей! Гледзячы на сваё немаўля, вы ўпершыню ласкава прамовілі: “Наша дочачка Ясенія”. І ў гэтае імгненне пяшчотныя гукі імя вашай малой ціхім рэхам адгукнуліся ў нашым горадзе, прабеглі па вуліцах Маларыты, адлюстраваліся ў рацэ Рыта і ціха апусціліся на першы ў жыцці дакумент вашай дочачкі – пасведчанне аб нараджэнні, усім на свеце паказваючы, што цяпер ёсць такі чалавек.
Бацькам нованароджанай Ясеніі прапаноўваецца азнаёміцца з запісам акта аб нараджэнні дачкі і паставіць там свае подпісы.
…Гучыць лёгкая музыка. Людміла Уладзіміраўна дае наказ бацькам:
— Калі вы зможаце быць мудрымі, а галоўнае, шчыры­мі, ваша дзіця вырасце добрым і чулым чалавекам, стане сапраўдным сябрам вам і таму, каму яна падорыць затым сваю любоў. Бо сапраўдная школа шчырасці, дабрыні і прыстойнасці – гэта сям’я. А сям’я — гэта не толькі дом, дзе мы жывем. Гэта мудрасць бацькі і любоў маці, іх узаемная павага і разуменне адзін аднаго.
— Прырода надзяліла жанчыну дзіўнай і цудоўнай уласцівасцю, — працягвае Людміла Уладзіміраўна, — дарыць жыццё чалавеку. Але з нараджэннем дзіцяці не нараджаецца асоба. Яна фарміруецца ў людскім акружэнні, якое складаеце вы, бацькі, ваша сям’я, сябры і ўсё наша грамадства. Падарыце вашу любоў сваёй Ясеніі, і яна адкажа вам узаемнасцю. Мудрасці табе, Вольга, цярпення і ва ўзнагароду – любові мужа, дочак, сына і блізкіх. Табе, Сяргей, жадаю быць вернай, надзейнай апорай ў сваёй сям’і, высока несці ганаровае званне “бацька”.
У поўнай адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб шлюбе і сям’і” ўрачыста рэгіструецца нараджэнне новага грамадзяніна нашай краіны.
Ганаровую місію ўручыць першы дакумент дзіцяці – пасведчанне аб нараджэнні — выконвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, намес­нік старшыні раённай аргані­зацыі Рэс­публіканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Андрэй Гарбацэвіч. Ён він­шуе шаноўных бацькоў з папаўненнем у сям’і, якая, дарэчы, цяпер ужо стала шматдзетнай, жадае здароўя, цярпення, мудрасці, уручае памятны медаль, кветкі і падарунак. Да Андрэя Сяргеевіча далучаюцца бабулі і дзядулі нованароджанай, калегі яе бацькоў, сябры. Яны таксама віншуюць Сяргея і Вольгу з папаўненнем у сям’і, жадаюць усяго толькі добрага і светлага, дораць кветкі, уручаюць падарункі.
…Маленькая Ясенія, у гонар якой была наладжана гэтая ўрачыстасць, увесь час ціхенька спала, прыту­ліўшыся да маміных грудзей. Яна, вядома ж, яшчэ нічога не разумела, але я ўпэўнена, што з цягам часу, бацькі дзяўчынкі, яе старэйшыя брацік і сястрычка, абавязкова раскажуць ёй пра гэтае сямейнае свята, здымкі пакажуць, якія былі зроблены ў той урачысты момант.
Пытаюся ў бацькі, Сяргея Васільевіча, хто выбіраў такое рэдкае імя – Ясенія. Ён тлумачыць, што яно вельмі спадабалася жонцы, Вользе Іванаўне. Што яно азначае? Ясенія не мае адназначнага варыянту паходжання. Адны лічаць, што гэтае імя мае арабскія карані, і азначае “галінка язміну”, другія, што грэчаскія і азначае «іншаземка», трэція – што радзімай Ясеніі з’яўляецца Іспанія, дзе расце кветка з такой назвай. Але ў народзе справяліва кажуць, што не імя прадстаўляе чалавек, а чалавек імя. Няхай жа Ясенія праз усе гады свайго жыцця годна нясе сваё імя, толькі радуе сваіх блізкіх і родных і будзе здаровенькай.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у час урачыстай рэгістрацыі нованароджанай Ясеніі АСТАПУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 7.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://velotime.com.ua

http://medicaments-24.net

here oncesearch.com