Свята з народным каларытам

Шмат незабыўных уражанняў засталося ва ўдзельнікаў народнага ансамбля “Хаціславяне” і дзіцячага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала” (кіраўнік Галіна Хомік) ад паездкі на чарговыя творчыя гастролі ў Польшчу.
Праграма візіту на Падляшша была досыць насычанай. Самадзейныя артысты ў самым пачатку былі запрошаны для ўдзелу ў святочным фестывалі мельнікскага караваю, што праходзіў у вёсцы з маляўнічай назвай Радзівілаўка. Галоўным атрыбутам свята стаў каравай з усімі яго разнастайнасцямі, майстэрствам выпечкі і г.д. Усе прадстаўленыя вырабы дэманстраваліся тут жа, на святочным стале, чакаючы свайго пераможцу. Гурты “Хаціславяне”, “Вясковая табала” разам з польскімі калектывамі “Жэмерва” і “Антракт” былі на свяце вельмі дарэчы і ўнеслі ў яго народны каларыт.
Некалькі месяцаў таму назад творчая экспедыцыя польскіх фалькларыстаў наведала наш раён, каб пазнаёміцца і сабраць фальклорныя набыткі: песні, абрады, танцы, а таксама абмяняцца вопытам. Вынікам гэтай працы стала дакументальная кінастужка “Сейбіт”, створаная польскімі кінематаграфістамі. У аснове фільма – прапаганда народнай культуры, любові да зямлі, роднага краю праз дэманстрацыю сямейных традыцый польскага этнографа Дарафея Фіоніка, а таксама тых рытуалаў, якія стагоддзямі напаўнялі жыццё простага селяніна, земляроба. Фільм выклікаў шырокі рэзананс сярод польскай публікі, шмат уражанняў і меркаванняў. Прэзентацыі яго адбыліся ў Бельску-Падляшскім і Беластоку. На іх прысутнічалі і выступілі з канцэртнымі праграмамі хаціслаўскія калектывы. У час знаходжання ў Беластоку мы наведалі таксама некаторыя гістарычныя месцы, у прыватнасці, касцёл, пабудаваны ў неагатычным стылі. Падобныя збудаванні, як нам расказалі, вельмі характэрныя для заходнееўрапейскіх гарадоў. Нікога не пакінула абыякавым наведванне музея традыцыйнай культуры ў в. Рыбалув, дзе сабрана вялікая колькасць экспанатаў і прадметаў сялянскага побыту: кошыкі, дзежкі, ткацкія прылады, ручнікі, народныя касцюмы і інш. Экскурсіі суправаджаліся выступленнямі хаціславян, песнямі і танцамі “Вясковай табалы” і, вядома ж, сімпатыямі гледачоў.
Не без цікавасці знаёміліся мы з манастыром у м. Грабарка і з яго шматлікай колькасцю крыжоў, пакінутых наведвальнікамі ў знак святасці і надзейнасці на шчаслівае будучае, манастыром святога вялікапакутніка Георгія. Запомніцца нам і сустрэча з настаяцелем праваслаўнага храма Рыгорам Сасною, вядомым гісторыкам, аўтарам каля 30 кніг і часопісаў.
Кульмінацыяй мерапрыемстваў стала абрадава-культавае дзейства на жытнім полі ў Студзіводах, прысвечанае святу Юр’я. Сутнасцю абраду з’явілася своеасаблівае праходжанне па полю з песнямі, заклікамі і рытуаламі з мэтай здзяйснення мар аб будучым ураджаі, дабрабыце і багацці. Самадзейныя калектывы спявалі песні, вадзілі карагоды, услаўляючы Юр’еўскія святкаванні. Даспадобы прыйшліся польскім калегам сувеніры, вырабленыя рукамі хаціслаўскіх майстрых: хлеб-соль, ручнік, лялька, апранутая ў касцюм народнага маларыцкага строю, кошыкі, вырабы з лазы. Яны вельмі ўразілі гаспадароў, бо зроблены і падораны былі ад шчырага сэрца.
Доўга яшчэ лунала над полем хаціслаўская песня “А ў той крыныці святая водыця, повік нэ змыліе чыста крыныця…”. Гэтыя словы гучалі як гімн усяму жывому, вечнаму, роднаму. Так, не змялее, мабыць, ніколі крыніца духоўнасці, па крупінках сабраная, ствараючы сапраўдную моду на сваё, роднае, на народную культуру.
Аб творчай дзейнасці хаціслаўскіх артыстаў даведаліся іншыя арганізатары і прыхільнікі мастацкай творчасці, таму паспяшаліся запрасіць калектыў да сябе. Наступны выезд адбыўся праз тыдзень. На гэты раз месцам правядзення культурных мерапрыемстваў стаў Дом творчасці Раймонтаўка, што знаходзіцца непадалёк ад польскага горада Седльцэ. У маляўнічым мястэчку ёсць цэлы шэраг аб’ектаў для адпачынку: залы, карцінныя галерэі, выставы, канцэртная пляцоўка, музей, возера, спартыўныя і гульневыя пляцоўкі. Узначальвае гэты цудоўны культурны комплекс Марэк Блажэчэк, з якім мы вельмі хутка знайшлі агульную мову, бо ён аказаўся чалавекам творчым, крэатыўным, улюбёным у мастацтва. Мы з задавальненнем абмяркоўвалі падзеі і цікавіліся развіццём культуры ў рэгіёнах. А калектыў “Хаціславяне” быў запрошаны сюды для ўдзелу ў Міжнародным фальклорным фестывалі, што праходзіў у Доме творчасці. Прысутныя і госці форуму мелі магчымасць пазнаёміцца з мастацтвам інструментальных, вакальных і харэаграфічных польскіх калектываў, якія прыехалі на фестываль з Варшавы і іншых гарадоў, каб наладзіць кантакты і творчыя сувязі. Хаціслаўскі калектыў вылучаўся самабытнай манерай выканання мясцовых народных песень, гумару і вельмі спадабаўся гледачам, якія з задавальненнем і вялікай цікавасцю глядзелі яго выступленне. Своеасаблівым апафеозам стаў фінал канцэрта. Калі артысты і гледачы разам праспявалі “Многая лета” і “Сто лят”, у зале доўгі час не сціхалі апладысменты. У адрас творчай дэлегацыі на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Андрэем Гарбацэвічам было выказана шмат цёплых слоў удзячнасці за добры выканаўчы ўзровень і творчую адданасць калектыву. Ад арганізатараў фестывалю хаціслаўскія самадзейныя артысты атрымалі дыплом і памятныя сувеніры.
Знаёмства з мастацтвам іншых рэгіёнаў, удзел у культурных мерапрыемствах дае невычарпальны творчы запал, узбагачае вопыт, павышае прафесійнае майстэрства і падахвочвае да новых здзяйсненняў. Менавіта з такімі думкамі калектыў вяртаўся дамоў, малюючы новыя творчыя гарызонты.
Наталля ГАЛАВІЙ, дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы.
НА ЗДЫМКУ: у час творчых гастроляў у Польшчы.

Опубликовано в «ГЧ» 7.06.2014 г. 

Добавить комментарий


профессиональное создание интернет магазина

www.profvest.com

www.best-products.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!