ВУЧЫЛІСЯ ДАПАМАГАЦЬ У БЯДЗЕ

Прыродныя стыхіі і катаклізмы, ваенныя канфлікты, надзвычайныя сітуацыі, якія здараюцца ў розных кутках нашай планеты, а часам і зусім паблізу з намі, пераконваюць у тым, як важна ўмець правільна аказаць першую дапамогу, валодаць навыкамі абароны. А таму спаборніцтвы сандружын, якія праводзяцца ў раёне штогод, не губляюць сваёй значнасці, што і падкрэсліў, вітаючы ўдзельнікаў спаборніцтваў, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сарока.
Камандам, а на гэты раз сваіх прад­стаўнікоў для ўдзелу ў спаборніцтвах накіравалі дзяржаўнае прадпрыемства “Радзежскае”, унітарнае прадпрыемства “Савушкіна”, сельгаскааператывы “Ланская”, “Хаціслаў” і “Ляхаўцы”, прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат, трэба было прадэманстраваць сваю гатоўнасць аказваць дапамогу ў любых надзвычайных умовах. Журы раённага конкурсу сандружынніц, у якое ўвайшлі медыцынскія спецыялісты і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ацэньвала аснашчанасць каманд, уменне карыстацца асабістымі сродкамі абароны, а таксама веды сандружынніц, якім давялося прайсці пяць этапаў, “пабываўшы” ў ачагах камбінаванага і хімічнага паражэнняў, ачагу інфекцыйных захворванняў. Баявы тон спаборніцтвам надаў конкурс строю і песні. Уменне падыходзіць да справы з фантазіяй і пэўнай доляй гумару праверыў конкурс санітарных газет, а ў завяршэнні ноты лірыкі дабавіў конкурс на лепшы нумар мастацкай самадзейнасці. Безумоўна, далёка не ўсе выпрабаванні вытрымалі сандружыны на высокім узроўні. Было шмат пытанняў, на якія так і не знайшлося правільных адказаў. Але сама мэта спаборніцтваў, як падкрэслівалі іх арганізатары, у тым, каб людзей, якія ў паўсядзённым жыцці заняты на вытворчасці, навучыць азам аказання дапамогі, бо гэта важна не толькі для выратавання жыцця людзей у катастрофах і надзвычайных здарэннях, але і ў жыццёвых сітуацыях, калі першая медыцынская дапамога патрэбна калегам у тым жа працоўным калектыве.
Самыя лепшыя веды і навыкі ў спабор­ніцтвах паказала сандружына СВК “Ляхаўцы”, якая і заняла першае месца. На другое месца выйшла каманда КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, трэцяе месца заваявалі сандружынніцы ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна”. Між іншым олтушскія сан­дружынніцы заваявалі перамогу і ў конкурсе насценных газет. А камандзір сандружыны “Савушкіна” Таццяна Хаванская была прызнана лепшым камандзірам. Званне лепшай сандружынніцы заслужыла Кацярына Сідарук з каманды прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У конкурсе строю і песні перамогу журы аддало сандружыне кансервавагароднінасушыльнага камбіната, а за лепшы нумар мастацкай самадзейнасці грамату атрымала каманда СВК “Ляхаўцы”.
Разнастаіў праграму спаборніцтваў калектыў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прадэманстраваўшы элемент баявой работы групы выратавання на вадзе.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час спаборніцтваў сандружын; каманда-пераможца.
Фота аўтара і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА

Опубликовано в «ГЧ» 7.06.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.