У іх руках – агеньчык жыцця

З клопатамі пра бліжняга жывуць сёстры праваслаўнага сястрынства ў гонар абраза Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”, якое існуе пры Свята-Мікалаеўскай царкве г. Маларыты. Яны служаць людзям не толькі ў тыя хвіліны, калі да чалавека прыходзіць цяжкая хвароба, адзінота.Сёстры наведваюць састарэлых людзей і для таго, каб павіншаваць іх са святам, проста пагаварыць, падтрымаць словам, праспяваць праваслаўныя песні.
Часта Антаніна Аўраамаўна Наўрось і Ганна Андрэеўна Лямачка бываюць у Ніны Андрайчук. Жанчына жыве з роднай сястрой Марыяй, перанесла цяжкую хваробу.
***
Маленства Ніны Андрайчук апалена вайной. Ёй было толькі 10 гадоў, калі вораг паліў, забіваў людзей, усё нішчыў на вачах. Жанчына яшчэ і цяпер памятае жахі вайны.
Нельга з памяці Ніны Самуілаўны выкрасліць той дзень, калі ў Збуражы з’явіліся немцы. Захопнікі загадалі дзецям гнаць кароў у Маларыту. У іх лік трапіла і Ніна. Па дарозе яна малілася Усявышняму. Яе маці, Марыя Мікалаеўна,моцна плакала, думаючы, што не пабачыць больш жывой дачку. Аднак адбыўся цуд: усіх дзяцей немцы адпусцілі.
На жыццёвай дарозе ў жанчыны ў гады вайны быў яшчэ не адзін трагічны і, здавалася, смяротна небяспечны момант. Ніна Самуілаўна лічыць, што толькі дзякуючы літасці Божай, яна засталася жыць.
Неяк у Збуражы завязаўся бой з немцамі. Блізнюк, адзін з партызанаў, узабраўся на царкоўную званіцу і пачаў страляць з аўтамата па нямецкіх танках. Адзін з танкаў у адказ навёў дула і… Званіца была ўшчэнт разбурана. Затым фашысты сагналі мясцовае насельніцтва і загадалі зносіць снапы пад царкву, каб яе спаліць.
Памяць Ніны Андрайчук захоўвае і такі ваенны эпізод. Немцы сабралі жыхароў Збуража пад мост. За некалькі крокаў паставілі кулямёт. Людзі, разумеючы, што гэта апошнія хвіліны жыцця, сталі прасіць у Бога паратунку. І адбыўся цуд. Нямецкага афіцэра, што павінен быў камандаваць расстрэлам, тэрмінова выклікалі да вышэйшага начальства. Ён сеў на матацыкл і хутка паехаў. Замест сябе афіцэр назначыў ніжэйшага чынам. Гэты немец сказаў людзям, каб яны, прыціснуўшыся да зямлі, паўзлі ў жыта, не падымаючы галавы.Салдат пачаў страляць у бок людзей. Над галовамі свісталі кулі. Ніна шчыра прасіла Бога ў малітвах, каб уратаваў яе, родных, аднавяскоўцаў. Хутка ўсе дапаўзлі да жыта і ўратаваліся.
Неўзабаве пасля гэтага маці з Нінай пайшла ў партызаны, якія знаходзіліся ў ваколіцах в. Багуслаўка. Тут яна дапамагала пячы хлеб на дубовых лістах.
***
Ніна Андрайчук заўсёды рада сёстрам міласэрнасці і з нецярпеннем чакае іх прыходу. Побач з сёстрамі жанчыне становіцца лягчэй на душы, забываюцца цялесныя немачы, а сэрца напаўняецца радасцю ад цёплай сустрэчы. Яны дораць надзею, падтрымліваюць агеньчык жыцця.
На здымку: Ніна Самуілаўна Андрайчук з роднай сястрой Марыяй Лямачка і сёстрамі міласэрнасці Антанінай Наўрось і Ганнай Лямачка.

Опубликовано в «ГЧ» 7.06.2014 г. 

Добавить комментарий


www.maxformer.com

ukrterminal.kiev.ua

www.shtory.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!