АРЫЕНТАЦЫЯ НА ПАКУПНІКА

Шмат робяць на ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, каб прадукцыя, што выпускаецца, была запатрабавана на рынку. І на нашым айчынным, і на замежным. Немалая ўвага надаецца і асартыменту выпускаемай прадукцыі, які пастаянна абнаўляецца. Вось і сёлета на камбінаце пачалі выпускаць некалькі відаў новай прадукцыі. Якія канкрэтна? Пра гэта і іншае карэспандэнту рэдакцыі расказала начальнік тэхналагічнага аддзела Валянціна Грыгарук.
— Валянціна Мікалаеўна, на паліцах у магазінах пастаянна з’яўляецца ўсё новая і новая прадукцыя, што выпускаецца на вашым камбінаце. Якая запушчана ў вытворчасць сёлета?
— У гэтым годзе мы пачалі выпускаць такія навінкі, як пюрэ з чарнасліву, пюрэ з морквы і шпінату, пюрэ з гарбузоў і шпінату, пюрэ з капусты брокалі, пюрэ з цвятной капусты. Усе яны прызначаны для дзіцячага харчавання. Для дарослых асвоілі выпуск соку таматнага з салодкім перцам з мякаццю і соллю.
— Гэтая прадукцыя ўжо ёсць у продажы?
— Яе можна набыць ва ўсіх прадуктовых магазінах.
— А якая прадукцыя з асартыментнага пераліку карыстаецца павышаным попытам у спажыўцоў?
— Вельмі вялікі попыт на дзіцячыя кансервы, што вырабляюцца з ягад, садавіны і гародніны з дабаўленнем малочных прадуктаў. А гэта і яблычнае пюрэ з вяршкамі, пюрэ з яблыкаў з вішняй і вяршкамі, пюрэ з яблыкаў з клубніцамі і вяршкамі, пюрэ яблычнае з тварагом, пюрэ з яблыкаў з чарніцамі і вяршкамі і інш. Пералік можна працягваць далей, бо ўсе 14 найменняў кансерваў для дзіцячага харчавання, што выпускаюцца з дабаўленнем малочных прадуктаў, ахвотна купляюць нашы спажыўцы.
— У Беларусі тры прадпрыемствы спецыялі­зуюцца на выпуску пра­дукцыі для дзіцячага харчавання. Калі браць долю продажаў яе, дык які працэнт прыпадае на Маларыцкі камбінат?
— 53 працэнты.
— А сярод спажыўцоў у большасці сваёй наш, беларускі?
— 30 працэнтаў прадукцыі камбіната ідзе на экспарт, у такія краіны, як Расія, Казахстан, Туркменістан, Украіна, і ў Прыбалтыку. І 70% — нашаму беларускаму спажыўцу.
— Кансервы, што выпускаюцца на камбінаце, рэкамендуюцца для спажывання маленькім дзеткам, пачынаючы з 4- месячнага ўзросту. А ці плануецца выпускаць кансервы для дашкольнага харчавання функцыянальнага прызначэння, што адпавядаюць узроставым фізіялагічным патрэбам дзяцей-дашкольнікаў?
— Сёлета з другога паўгод­дзя будзем выпускаць нектар гарбузовы з мякаццю, узбагачаны інулінам, нектар маркоўны з мякаццю ўзбагачаны інулінам, нектар бананавы з мякаццю, узбагачаны вітамінамі В2 і РР, сок яблычны адноўлены, узбагачаны вітамінамі РР і В2, сок мульціфруктовы адноўлены, узбагачаны вітамінамі В2 і РР.
Між іншым, вітамін В2 вельмі карысны для зроку чалавека. Менавіта ён дапамагае засцерагаць слізістыя абалонкі вачэй ад негатыўнага ўздзеяння промняў кароткахвалевага спектра.
Вітамін РР (ніацін) – гэта складанае злучэнне, якое папярэджвае цяжкія захвор­ванні цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі. Дарэчы, калі параўноўваць асартымент нашай прадукцыі з прадукцыяй іншых заводаў, мы першымі ў рэспубліцы пачалі выпускаць сокі прамога адціскання. Гэты прадукт без цукру, іншых дамешак, натуральны і рэкамендуецца дзецям з 5-месячнага ўзросту.
— У сувязі з уступленнем нашай краіны ў Мытны саюз ці не змяніліся рэкамендыі па спажыванні дзіцячага харчавання?
— Аднакампанентнае пюрэ цяпер рэкамендавана спажываць дзецям з 4-месячнага ўзросту, раней было — з 6-месячнага; з дабаўленнем малочных прадуктаў — з 6-месячнага ўзросту, раней было – з 8-месячнага.
— Спажывец любіць і цэніць вашу прадукцыю за тое, што яна смачная і якасная. Якая сістэма кантролю якасці існуе на камбінаце?
— Паколькі мы вырабляем кансервы для дзіцячага харчавання, на прадпрыемстве распрацавана вытворчая праграма кантролю. Ён пачынаецца з сыравіны. На прадпрыемстве ёсць свая акрэдытаваная лабараторыя, дзе праводзіцца строгі кантроль якасці, пачынаючы з сыравіны і заканчваючы гатовай прадукцыяй.
У 2005 годзе на прадпрыемстве ўкаранёны між­народныя сістэмы кіраван­ня якасцю і бяспекай вытвор­часці кансерваў з садавіны, гародніны для дзіцячага харчавання на аснове аналізу рызыкі і крытычных кантрольных кропак і сістэма менеджменту якасці распрацоўкі і вытворчасці кансерваў — з садавіны, ягадных, гароднінных, пладо­ва-ягадных і пладова-агароднінных, у тым ліку для дзіцячага харчавання. Акрамя таго, мы прытрым­ліваемся пастановы Мініс­тэрства аховы здароўя №52 “Аб зацвярджэнні санітарных нормаў і правілаў “Патрабаванні да харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў”, “Гігіенічныя нарматывы “Паказчыкі бяспекі і бясшкоднасці для чалавека харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў”.
— Пад якімі гандлёвымі маркамі камбінат прадае цяпер сваю прадукцыю?
— “Топтышка”, “Расти боль­шой ”, “Бомбалино”, “Из­­­бёнка”, “Ями”, “Беллакт” і г.д.
— Дзякуй за інтэрв’ю, Валянціна Мікалаеўна.
Запісала
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік тэхналагічнага аддзела ААТ “Маларыцкі кансервавага­род­нінасушыльны камбінат” Валянціна ГРЫГАРУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 11.06.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!