З адкрытым сэрцам

…Масевіцкую гаспадарку, дзе Вольга Міхайлаўна Чухніна працавала эканамістам, а затым намеснікам галоў­нага бухгалтара, расфарміравалі, і жанчына аказалася без работы. Адзінае, што заставалася, гэта перакваліфікавацца і пайсці працаваць у сельскі магазін, дзе на той час патрэбны былі работнікі.
— Ніхто не верыў, — прызнаецца Вольга Міхайлаўна, — што пайду працаваць прадаўцом. Па праўдзе кажучы, мне і самой было цяжка пераканаць сябе, змірыцца з тым, што буду працаваць не па спецыяльнасці. Але цяпер ніколькі не шкадую. Наадварот, вельмі рада, што абставіны склаліся менавіта так. Працаваць з людзьмі мне больш цікава, чым з лічбамі.
— Вольга Міхайлаўна Чухніна – актыўная, ініцыятыўная, старанная, добрасумленная, — завочна знаёміў нас з прадаўцом Стругскага магазіна старшыня Велікарыцкага сельвыканкама Віктар Кірычун. – Калі яна прыйшла ў гэты магазін працаваць, ён стаў зусім іншым. Сюды з вялікай ахвотай ідуць пакупнікі, тут заўсёды парадак, і паказчыкі радуюць.
І сапраўды, варта толькі пераступіць парог невялікай гандлёвай кропкі, што ў Струзе, як цябе прыемна ўражваюць і чысціня ў ёй, і ўтульнасць, і добрая выкладка тавараў, і багаты асартымент іх. Словам, усюды адчуваецца клапатлівая рука гаспадыні магазіна.
Маленькая дэталь. Над паліцамі, дзе звычайна ляжыць хлеб, вісіць прыгожа вышыты ручнік. Здавалася б, прычым ён тут. А пакупніку гэты атрыбут, з якім звязана ўсё самае каштоўнае ў жыцці, лішні раз напамінае, што і хлеб – гэта святое.
Дарэчы, гандлёвая кропка пастаянна выконвае план тавараабароту. І не за кошт рэалізацыі спіртных напояў, як можна адразу падумаць.
— Вяскоўцы вельмі рэдка ў магазіне купляюць спіртное, — кажа Вольга Міхайлаўна. – Найбольшы попыт на малочныя прадукты: малако, кефір, тварог, смятану, а таксама на каўбасныя вырабы, хлеб. Стараюся, каб усё было свежанькае і па цане больш-менш даступнае. Летам, калі ў госці да бабуль і дзядуль прыязджаюць унукі, павышаецца попыт на марожанае, безалкагольныя напоі, кандытарскія вырабы, таму больш заказваю гэтыя тавары.
Зручна вяскоўцам, што ў магазіне ўстаноўлены тэрмінал, можна разлічыцца пры дапамозе банкаўскай карткі.
Ёй жа, прадаўцу, даспадобы тое, што мае магчымасць штодзённа зносіцца з кожным з вяскоўцаў. А ў час такіх зносін і даведваешся пра набалелае, што людзей хвалюе найбольш.
— Даводзіцца іншы раз і добрым словам некага суцешыць, і параду слушную даць, — кажа Вольга Міхайлаўна.
— Вольга Міхайлаўна Чухніна вельмі ўважлівая да людзей, — дапаўняла старшыню сельвыканкама, знаёмячы нас з прадаўцом Стругскага магазіна, кіраўнік спраў Велікарыцкага сельвыканкама Таццяна Абрамук. — Яна просты, шчыры чалавек, з адкрытай душой. І гэтага ўжо дастаткова, каб выклікаць прыхільнасць да сябе іншых, каб табе давяралі. Нездарма вяскоўцы выбралі яе сёлета сваім дэпутатам. І яна стараецца апраўдаць іх давер.
Сярод балючых праблем, якія найбольш хвалююць выбаршчыкаў, — газіфікацыя вёсак Пажэжын, Масевічы.
— Праблема гэтая не новая, — кажа Вольга Міхайлаўна. – Пра яе ведаюць у многіх інстанцыях, куды мы звярталіся. Але яна вельмі важная, таму хацелася б, каб абавязкова вырашылася.
Не так даўно дэпутат ад імя сваіх выбаршчыкаў напісала пісьмо намесніку старшыні аблвыканкама Міхаілу Іва­навічу Юхімуку з просьбай аказаць садзейнічанне і дапамагчы з газіфікацыяй вёсак Масевічы, Пажэжын. Больш таго, нюансы гэтай праблемы абмеркавала, звязаўшыся асабіста з Міхаілам Іванавічам па тэлефоне.
Дэпутат, як і самі вяскоўцы, спадзяецца, што калі-небудзь Масевічы і Пажэжын, і Дубічна будуць усё ж газіфікаваны, бо гэтае пытанне сацыяльна значнае.
Вольга Міхайлаўна добра разумее людскія беды, бо і ў самой жыццё нялёгкае. З 24 год адна выхоўвала сваіх дзяцей. На дапамогу бацькоў разлічваць не магла, бо сірата. Старалася сама і цяпер стараецца. Гаспадарку трымае, агарод немалы садзіць. Родам яна са Століншчыны, а там рана вучацца гаспадарыць. Навучылася і яна. І працавітасці ёй не пазычаць.
– Дзецям хочацца дапамагчы, — кажа Вольга Міхайлаўна. – Ды і ўнукам, якіх ужо трое. А дзеці для нас заўсёды дзеці, нават калі яны і самі ўжо бацькі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: прадавец Стругскага магазіна, дэпутат Велікарыцкага сельскага Савета Вольга ЧУХНІНА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 11.06.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


also read best-cooler.reviews

cialis-viagra.com.ua

www.avtopoliv-gazonov.kiev.ua