“Вясновы букет”

Раённы цэнтр народнай творчасці ў чарговы раз папоўніў скарбонку сваіх узнагарод. Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана народная майстрыха з в. Дарапеевічы Сцепаніда Сцепанюк. Яна разам з Валянцінай Струнец, дырэктарам РЦНТ, і народным ансамблем народнай песні “Рыцкі куфэрак” гарадскога ДК, прымала ўдзел у VІ рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет”. Мерапрыемства прайшло ў Лошыцкім парку Мінска.Сотні ўмельцаў з розных куткоў Беларусі прыехалі на гэтае мерапрыемства і прадэманстравалі тут свае вырабы. Яно ў чарговы раз стала сапраўдным маляўнічым святам.
У экспазіцыі маларытчан была адлюстравана багатая палітра традыцыйных рамёстваў рэгіёна. Яна ўражвала сваёй разнастайнасцю і непаўторнасцю. Наведвальнікі маглі ўбачыць не толькі калекцыю адзення маларыцкага строю, але і ручнікі, сумкі з лёну (тканыя, з маларыцкім арнаментам), палавікі, вырабы з бісеру і саломкі.
Удзельнікі фестывалю-кірмашу шчодра дзяліліся сваім багатым вопытам, дэманстравалі высокае майстэрства. Валянціна Мікалаеўна правяла майстар-клас па завязванню плата (наміткі), а Сцепаніда Аляксееўна — па вырабу льняных нітак з кудзелі на калаўроце.
Многіх наведваль­нікаў фестывалю-кірмашу зацікавіла работа Сцепаніды Сцепанюк — вытканы вясельны ўбор нявесты і жаніха. Асаблівае захапленне выклікала белая сукенка нявесты. Народная майстрыха над вясельным уборам працавала больш за 4 месяцы.
* * *
Сцепаніда Сцепанюк — асоба знакамітая, яркая, самабытная. Яе, народную майстрыху, ведаюць і ў вобласці, і ў рэспубліцы.
— Любоў да ткацтва прадугледжвае таксама і пастаянны эксперымент, пошук новых форм, узораў, спалучэння колеру і фактуры, — сцвярджае Валянціна Струнец.
Сцепаніда Сцепанюк на гэты раз выкарыстала не традыцыйныя белы і бардовы колеры, якія характэрны маларыцкаму строю адзення. Народная майстрыха выткала маларыцкі арнамент белым шоўкам на белым палатне. У яго Сцепаніда Сцепанюк, як і заўсёды, уклала не толькі ўменне злучаць ніткі, але і свае думкі, пажаданні шчасця і дабрабыту маладым. Таму тканіна, якая з’явілася з-пад яе рук, набыла духоўны сэнс і нясе ў сабе магутны энергетычны імпульс.
Сабраўшы і сшыўшы ўсе вытканыя дэталі сукенкі, Сцепаніда Аляксееўна злучыла ў адно цэлае сваё майстэрства, талент і традыцыі нашых продкаў.
* * *
Народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак” за ўдзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет” узнагароджаны дыпломам.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Іван Андрайчук і Наталля Пішчык у вясельным уборы жаніха і нявесты Маларытчыны пачатку ХХ стагоддзя, які адноўлены і вытканы Сцепанідай Сцепанюк.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.06.2014 г.

Добавить комментарий


https://best-mining.com.ua

https://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!